Мінтранс расказаў, калі можна адмовіцца ад аплаты за паездку на таксі
Сітуацыі канфліктаў паміж кіроўцамі і пасажырамі таксі з-за кошту паездкі звычайна ўзнікаюць пры заказе таксі «ад борта». У Мінтрансе растлумачылі, як паводзіць сябе, калі тарыф здаецца неабгрунтавана завышаным, і калі можна адмовіцца ад аплаты паездкі.
У ведамстве нагадалі, што ў адпаведнасці з Правіламі аўтамабільных перавозак пасажыраў у салоне таксі на бачным месцы павінны быць размешчаны: візітная картка кіроўцы, інфармацыя пра перавозчыка і таблічка з тарыфамі.
Калі гэтых звестак няма, пасажыр мае права запатрабаваць іх у кіроўцы, а таксама даведацца ў яго інфармацыю пра прыкладны кошт паездкі ў рублях.
«Фразы «па лічыльніку», «па тарыфах» і іншыя падобныя могуць быць сігналам да таго, што вас спрабуюць увесці ў зман», — папярэдзілі ў Мінтрансе.
Акрамя таго, у ведамстве паведамілі, што пры адмове кіроўцы агучыць гэтую інфармацыю пасажыр можа «скасаваць дамову перавозкі аўтамабілем-таксі і запатрабаваць вяртання грашовых сродкаў».
Таксама пасажыр мае права адмовіцца ад аплаты паездкі, калі праграмная каса ці касавы апарат, сумешчаны з таксометрам, былі адключаныя ці няспраўныя.
Каментары