Былая зорка «Ювентуса» ў 2022-м праз вайну выступіў супраць матчу з Расіяй. А цяпер ён перайшоў у маскоўскі ЦСКА
Калісьці Міралем П'яніч запальваў у чэмпіянаце Італіі і яго за 60 мільёнаў еўра купляла «Барселона», але часы змяніліся.
Баснійскі паўабаронца Міралем П'яніч перайшоў у маскоўскі ЦСКА. Ён падпісаў кантракт на год з магчымасцю падаўжэння яшчэ на год.
П'янічу 34 гады, яго без сумневаў можна назваць адным з лепшых, калі не найлепшым, футбалістам у гісторыі Босніі і Герцагавіны. Ён раскрыўся ў французскім «Ліёне», быў лідарам італьянскай «Ромы» і суперзоркай «Ювентуса», лічыўся адным з лепшых плэймейкераў свайго пакалення, уваходзіў у сімвалічную зборную Лігі чэмпіёнаў.
У 2020-м басніец перайшоў з «Ювентуса» ў «Барселону» за 60 млн еўра і гульца ў прыдачу. Але ў каталонскім клубе справы ў яго не пайшлі. Потым былі турэцкі «Бешыкташ», чэмпіянат ААЭ.
А зараз кар'ера П'яніча выдала нечаканы твіст.
Прыцягнуць П'яніча ў ЦСКА маглі, мабыць, толькі грошы — расійскія клубы адхіленыя ад удзелу ў еўракубках, і чэмпіянат Расіі, пасля пачатку вайны таксічны для еўрапейскіх легіянераў, ператварыўся ў гэткую рэч у сабе. Кажуць, басніец запытваў у ЦСКА заробак у 2 млн еўра ў год, але ў выніку суму скарацілі ўдвая. За гэты мільён П'янічу даводзіцца яшчэ і прасіць прабачэння ў расіян.
Справа ў тым, што ў верасні 2022 года адхіленая ад турніраў зборная Расіі вырашыла згуляць таварыскі матч з баснійцамі. Расіяне паабяцалі 200 тысяч еўра і аплату ўсіх выдаткаў. Баснійскі футбольны саюз нават спытаў дазволу ва УЕФА, там былі не супраць. Але супраць былі гульцы зборнай.
Актыўна супраць сустрэчы са зборнай краіны, якая зусім нядаўна пачала поўнамаштабную агрэсіўную вайну, выступіў якраз П'яніч:
«Я чуў аб рашэнні федэрацыі правесці матч з расейцамі. Кіраўніцтва ў курсе маёй пазіцыі. Мне тэлефанавалі і пыталіся, што я думаю аб гульні. Я сказаў тое, што думаў, а потым быў здзіўлены іншым рашэннем. Дрэннае рашэнне! У мяне няма слоў. Калі зборная пачынае добра гуляць, заўсёды нешта ідзе не так. У мяне няма слоў. Федэрацыя ведае маю пазіцыю. Я проста скажу, што гэта нядобра».
Падтрымалі яго і іншыя лідары зборнай. У выніку матч перанеслі, ён не адбыўся да гэтага часу.
Пасля таго, як ЦСКА аб'явіў аб падпісанні П'яніча, у расійскай прэсе ўзняўся шум. І басніец вырашыў выказацца:
«Ведаю, што зараз многія абмяркоўваюць мае словы двухгадовай даўніны, аднак я ніколі нічога не казаў супраць Расіі і расійскага футбола. Мне шкада, калі мая гаворка кагосьці пакрыўдзіла, таму гатовы папрасіць прабачэння. Безумоўна, зараз не самы лёгкі момант для расійскага футбола ў сувязі з адхіленнем. І мне шкада, што так адбываецца».
Каментары