У тыктоку дзіўны трэнд на агуркі: відэа з тым, як іх рэжуць у розныя салаты, набіраюць мільёны праглядаў. Што ў іх асаблівага?
Усё пачалося з Логана Мофіта, 23-гадовага канадца, які гэтым летам скарыў тыкток сваімі агурковымі відэа, а раней быў вядомы ролікамі пра карэйскую ежу. На сёння ў Логана амаль 5,5 мільёна падпісантаў.
Выглядае, што канадзец — фанат агуркоў у любым выглядзе: ён прызнаваўся, што з'ядае два-тры агуркі штодзень. Але ён прапануе і шмат рэцэптаў з агуркоў, збольшага гэта салаты. Напрыклад, у гэтым роліку хлопец аб'яднаў агурок і арахісавую пасту, хаця і не без дапамогі соусаў і прыправаў:
I swear anything is good on cucumber
А гэта агурковая салата па матывах папулярных сушы «Каліфорнія»:
Another new cucumber recipe alert
Часам, аднак, Логан здраджвае агуркам. Вось, напрыклад, відэа пра тое, як ён залівае ўсімі магчымымі соусамі цыбуліну і з апетытам яе з'ядае:
Eating an entire onion >>>
Хлопец добра манетызаваў свой поспех. Акрамя рэкламы ў блогу, ён прадае на інтэрнэт-пляцоўцы Amazon прылады, ідэнтычныя тым, якія ён выкарыстоўвае для сваёй кухоннай актыўнасці: да прыкладу, гэта кантэйнеры для ежы, металічныя палачкі, таркі, рондалі і лыжкі. А яшчэ крэм для скуры, соль і прыправы — і гэта далёка не ўвесь спіс.
Не дзіва, калі хутка яму давядзецца так прадаваць і самі агуркі. Пад адным з відэа Логана мы знайшлі каментар са скаргай, што карыстальнік не можа зрабіць агурковую салату, бо ў яго мясцовай краме проста раскупілі ўсе агуркі — хаця, здаецца, як можа скончыцца такая простая і танная гародніна?
Багата тыктокераў падхапілі папулярны трэнд і здымаюць свае версіі агурковых салатаў. Шмат хто з іх паўтарае стыль Логана — выкарыстоўвае доўгія агуркі (іх правільная назва — англійскія) і высокія вузкія харчовыя кантэйнеры.
Агульная логіка такая: трэба нацерці ў такі кантэйнер агурок і дадаць любыя інгрэдыенты, якія прыйдуць у галаву: як казаў Логан у адным з ролікаў, з агурком усё што заўгодна будзе смачным. Далей тыктокеры паліваюць гэтую сумесь кетчупам, гарчыцай, соевым соусам і шчодра пасыпаюць прыправамі. І ў канцы з апетытам з'ядаюць.
Вось гэты ролік з такім простым сюжэтам набраў за некалькі дзён больш за 10 мільёнаў праглядаў:
Некаторыя блогеры вырашаюць паэксперыментаваць з формай ці самім рэцэптам. Калі няма кантэйнера, гэта не прычына адмаўляцца ад папулярнай салаты — можна скарыстацца звычайнай міскай.
І навошта крамсаць агурок у кантэйнер, калі можна зрабіць агурковыя спіралькі і пасыпаць іх прыправамі? Глядзіце самі:
Не для ўсіх, аднак, захапленнем трэндам аказалася бяспечным. Тыктокеры робяць сваю агурковую салату з дапамогай таркі-шынкоўкі, і калі зазявацца, можна траўмаваць свае пальцы.
Адзін з тыктокераў так пазбавіўся часткі пазногця разам з тканкамі пальца — але папярэджвае, што праблема ў тарках, і не трэба вінаваціць агуркі:
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары