Сабаленка абыграла першую ракетку свету і выйшла ў фінал турніру ў ЗША. Яна можа зарабіць паўмільёна
Трэцяя ракетка свету з Беларусі крыху паправіла сваю статыстыку ў гульнях з Ігай Свёнтэк.
Арына Сабаленка, якая займае трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу, абыграла першую ракетку свету Ігу Свёнтэк у паўфінале прэстыжнага турніру ў Цынцынаці.
Беларуска перайграла польку ў двух сэтах — 6:3, 6:3. Гэта чацвёртая перамога Сабаленкі над Свёнтэк. У полькі ў актыве восем перамог у гэтым супрацьстаянні. У гэтым годзе беларуска абыграла лідара сусветнага рэйтынгу ўпершыню.
У фінале турніру ў ЗША Сабаленка згуляе або з амерыканкай Джэсікай Пегулай (6-ы нумар рэйтынгу), або са сваёй найлепшай сяброўкай — іспанкай Паулай Бадосай (37).
Пераможца турніру ў Цынцынаці атрымае 1000 рэйтынгавых ачкоў і 523 тысячы долараў.
З панядзелка беларуска вернецца на другое месца ў сусветным рэйтынгу.
Каментары