Дырэктар ФБР: Крукс перад замахам на Трампа шукаў падрабязнасці забойства Кенэдзі Лі Харві Освальдам
Таксама Крукс з дапамогай дрона вывучаў тэрыторыю правядзення мітынгу прыкладна за дзве гадзіны да выхаду Трампа на сцэну.
20-гадовы Томас Мэцью Крукс, які страляў у Дональда Трампа на перадвыбарным мітынгу ў Пенсільваніі, за некалькі дзён да замаху шукаў у інтэрнэце падрабязнасці забойства прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі, паведаміў дырэктар ФБР Крыстафер Рэй на слуханнях у Кангрэсе, піша Бі-бі-сі
Паводле яго слоў, праведзены агентамі аналіз ноўтбука Крукса паказаў, што ён, у прыватнасці, цікавіўся, на якой адлегласці ад прэзідэнта знаходзіўся Лі Харві Освальд, які застрэліў Кэнэдзі ў Даласе ў лістападзе 1963 года.
«6 ліпеня ён зрабіў пошукавы запыт у Google: «Як далёка Освальд знаходзіўся ад Кенэдзі», — сказаў Рэй чальцам камітэта ў пытаннях судаводства Палаты прадстаўнікоў ЗША. — Гэты запыт, відавочна, мае вялікае значэнне з пункту гледжання яго душэўнага стану».
«У той жа дзень ён, мяркуючы з усяго, зарэгістраваўся для ўдзелу ў мітынгу ў Батлеры», — сказаў кіраўнік ФБР.
Рэй таксама паведаміў, што Крукс з дапамогай дрона вывучаў тэрыторыю правядзення мітынгу прыкладна за дзве гадзіны да выхаду Трампа на сцэну.
Беспілотнік знаходзіўся ў паветры на працягу 11 хвілін. Дрон і пульт ад яго былі знойдзены ў машыне стралка разам з двума выбуховымі прыладамі. Яшчэ адну бомбу выявілі ў доме Крукса, дадаў Рэй.
Дырэктар ФБР сказаў, што пакуль не з'явілася ніякіх доказаў таго, што ў Крукса былі саўдзельнікі, і ён, мяркуючы па ўсім, дзейнічаў у адзіночку.
«Я ўжо некаторы час кажу, што мы жывем ва ўмовах павышанай пагрозы. Стралок можа быць мёртвы, але расследаванне ФБР працягваецца», — сказаў на заканчэнне Рэй.
Замах на Дональда Трампа адбыўся 13 ліпеня падчас перадвыбарчага мітынгу ў Батлеры, штат Пенсільванія. Томас Мэцью Крукс адкрыў агонь з вінтоўкі тыпу AR-15 праз некалькі хвілін пасля таго, як Трамп пачаў выступ.
Адна з куль прайшла за некалькіх міліметраў ад галавы экс-прэзідэнта і зачапіла правае вуха. Двое ўдзельнікаў мітынгу былі цяжка параненыя, а 50-гадовы пажарны з Пенсільваніі — забіты.
Крукс, які знаходзіўся на даху будынка непадалёк, быў застрэлены снайперам Сакрэтнай службы менш чым праз 30 секунд пасля таго, як зрабіў першы з васьмі стрэлаў.
Дырэктар ФБР пацвердзіў, што на даху, дзе знаходзіўся Крукс, было знойдзена восем гільзаў.
Дырэктар Сакрэтнай службы ЗША Кімберлі Чытл пакінула сваю пасаду ў аўторак пасля таго, як раней на гэтым тыдні дала паказанні ў іншым камітэце Палаты прадстаўнікоў.
Яна сутыкнулася з заклікамі дэмакратаў і рэспубліканцаў сысці ў адстаўку пасля напружаных слуханняў, падчас якіх назвала замах на Трампа «самым сур'ёзным правалам Сакрэтнай службы за апошнія дзесяцігоддзі».
Каментары