Зорка тыктоку Ліза Ветрава закрывае свой папулярны блог пра беларускую мову
Блогерка Ліза Ветрава, якая стварае папулярныя забаўляльна-адукацыйныя відэа ў тыктоку і інстаграме, паведаміла, што закрывае свой блог пра беларускую мову, заўважыў reformby.org.
«Гэта рашэнне было прыняць складана. Разумею, што большасць тут з-за смешных відэа пра беларускую мову. Але я дужа стамілася рабіць выгляд, што гэта ўсё яшчэ пра мяне. Напачатку мая старонка расла арганічна са мной. Я сапраўды актыўна вывучала родную мову, чым і дзялілася. Але нядаўна, пасля выстаўлення камеры, я проста не змагла зняць жартоўны скетч. Хоць і цудоўна разумела, што відэа добра «зойдзе». Я адчула, што гвалтую сябе прымушаючы здымаць, нават дужа класныя сцэнары, бо гэта ўжо не я», — напісала блогерка.
Аднак Ліза Ветрава дадала, што яе «старонка ўсё шчэ пра Беларусь».
«І я працягну здымаць відэа. На розныя тэмы. І верагодна пра беларускую мову таксама, але па-іншаму. Насамрэч, я хачу размаўляць з вамі пра ўсё — пра наш характар, менталітэт, пра фемінізм, пра сэкс, пра стыль, пра кнігі, пра будучыню, пра ўсё».
Ветрава прапанавала знаёміцца нанова. «Я Ліза — медыя-экспертка, праектная мэнэджэрка, кіраўніца аддзелу камунікацый у «Годна», актывістка», — дадала яна.
Каментары