Беларускі айцішнік пераехаў у Аўстралію і трапіў пад скарачэнні. І задаўся адвечным пытаннем «Што рабіць»?
Аляксандр — Staff Engineer. Сем гадоў таму ён паехаў з Беларусі «паглядзець, як жывуць суседзі». Некалькі гадоў працаваў у Польшчы, потым захацеў змяніць краіну і спрабаваў уладкавацца ў Amazon у Канадзе. Але ў выніку апынуўся ў Сіднэі, дзе жыве ўжо некалькі гадоў. Аляксандр працаваў у кампаніі, якую «купілі амерыканцы». Цяпер ён шукае новую: з ранейшай давялося пайсці праз масавыя скарачэнні, піша Devby.io.
«Вывучэнне польскай мовы пагоршыла маю англійскую — да яе дадаўся польскі акцэнт»
— Я працаваў у Мінску на пазіцыі старшага распрацоўшчыка ў буйной аўтсорсінгавай кампаніі з беларускімі каранямі. У 2017 годзе звольніўся дзеля пераезду ў Польшчу. Хацелася параўнаць жыццё за мяжой з жыццём у Беларусі, а заадно пападарожнічаць па Еўропе з сям'ёй на машыне.
Спачатку разглядаў пераезд у англамоўныя краіны, такія як ЗША, Канада або Англія, але адмовіўся з-за іх аддаленасці і складанасці ў атрыманні візы. Затым стаў вывучаць магчымасць пераезду ў Еўропу. У выніку абраў Польшчу.
Пераехаў з сям'ёй ва Уроцлаў. Гэты горад здаўся мне зручным з-за яго блізкасці да Беларусі і магчымасці лёгка падарожнічаць у Германію, Чэхію і Аўстрыю. Акрамя таго, Уроцлаў аказаўся прывабным горадам, з замкамі і гарамі побач.
Новую працу шукаў некалькі месяцаў, у выніку спыніўся на адной міжнароднай кампаніі, дзе на той момант працавала каля сотні чалавек. Сумоўі праходзілі на англійскай мове, і я даволі хутка атрымаў працу. Кампанія дала мне кватэру на месяц і дапамагала з дакументамі.
Адаптацыя ў Польшчы аказалася нескладанай. У кампаніі ў асноўным размаўлялі на рускай мове. Працадаўца аплаціў курсы польскай, што дапамагло хутчэй асвоіцца. Праўда, вывучэнне польскай мовы пагоршыла маю англійскую — да яе дадаўся польскі акцэнт.
У канадскі Amazon не ўзялі, але атрымаў офер з Аўстраліі
— За тры гады жыцця ў Польшчы мы шмат падарожнічалі і паглядзелі мноства месцаў як у самой Польшчы, так і ў суседніх краінах. Атрымлівалі асалоду ад паездак па Еўропе, наведваючы замкі, музеі і прыгожыя гарады.
Праз два-тры гады жыцця ў Польшчы пачатковая эйфарыя прайшла, і я задумаўся аб пераездзе ў іншую краіну. Да таго ж падыходзіў тэрмін падаўжаць ДНЖ, што зрабіць ва Уроцлаве не так проста.
Падаў рэзюмэ ў Amazon у Ванкуверы. Разглядаў магчымасць пераезду менавіта ў Канаду, а не ў ЗША. На той момант было распаўсюджанае меркаванне, што ў ЗША горшая ахова здароўя і адукацыя.
Прадстаўнікі з Amazon прыляцелі ў Польшчу і арганізавалі нешта накшталт hiring event, дзе можна было адразу прайсці некалькі сумоўяў у адзін дзень. Плюс яны аплачвалі камандзіроўку. Сумоўі былі летам у офісе ў Гданьску, але па выніку ў Amazon мяне не ўзялі.
На той момант у мяне ўжо была прапанова з Аўстраліі — ад кампаніі, якая распрацоўвае софт для вядзення бізнэсу, у асноўным для здзяйснення плацяжоў. Першапачаткова я адмовіўся ад сумоўя. Але вывучыўшы водгукі пра кампанію, вырашыў паспрабаваць.
Сумоўі праходзілі позна ўначы па польскім часе. У выніку я атрымаў офер з добрымі ўмовамі, у тым ліку пакрыццё выдаткаў на візы і пераезд.
«Калі хтосьці плануе цяпер пераезд у Аўстралію, то лепш мець з сабой 40-67 тысяч даляраў на першыя паўгода-год»
— Пераезд у Аўстралію заняў каля трох месяцаў. А праз два дні пасля пералёту пачалася пандэмія каранавіруса і ўсе межы закрыліся. Кампанія перавяла ўсіх на дыстанцыйную працу, і першыя тры месяцы мы жылі ў кватэры, арандаванай праз Airbnb.
Кошт пераезду ў Сіднэй (разам з транспартнымі выдаткамі і выдаткамі на ўладкаванне) склаў каля 30-40 тысяч аўстралійскіх даляраў (20-27 тысяч даляраў ЗША). Прыйшлося купляць сёе-тое з мэблі і бытавой тэхнікі. Напрыклад, канапа з IKEA каштавала 3 тысячы аўстралійскіх даляраў (2 тысячы даляраў ЗША), а чакаць яе прыйшлося тры месяцы.
Частку выдаткаў на пераезд узяла на сябе кампанія. Нам аплацілі часовыя візы, а потым зрабілі пастаянныя на ўсю сям'ю, якія абышліся кампаніі ў 25 тысяч аўстралійскіх даляраў (17 тысяч даляраў ЗША). Пастаянныя візы дазваляюць жыць і працаваць у Аўстраліі, пры гэтым я не прывязаны да пэўнага працадаўцы.
Кампанія таксама прапаноўвала аплаціць кантэйнер, каб перавезці рэчы з Польшчы ў Сіднэй, але мы адмовіліся.
Калі хтосьці плануе цяпер пераезд у Аўстралію, то лепш мець з сабой 60-100 тысяч аўстралійскіх даляраў (40-67 тысяч даляраў ЗША) на першыя паўгода-год. Гэта без уліку выдаткаў на пераезд. Ведаю сям'ю, якая прадала дом у Францыі і пераехала ў Аўстралію. Але за восем месяцаў муж і жонка не змаглі знайсці працу і ў выніку паехалі назад.
Польшча і Аўстралія
— На сям'ю ў месяц мы трацім каля 10 тысяч аўстралійскіх даляраў (6,7 тысячы даляраў ЗША), з іх каля 4 тысяч (2,7 тысячы даляраў ЗША) — на арэнду кватэры з камуналкай.
Узровень жыцця ў Аўстраліі вышэйшы, чым у Польшчы, але не настолькі, каб пераязджаць. У Польшчы мой заробак чыстымі быў 15 тысяч злотых (больш за 4 тысячы даляраў ЗША). Гэта дазваляла жыць камфортней, чым на маю аўстралійскую зарплату, якая ў 2 разы вышэйшая за сярэднюю па краіне. Якасць ежы ў Аўстраліі добрая, але прадукты каштуюць значна даражэй у параўнанні з Польшчай.
Аўстралія прыцягвае прыгожай прыродай, але тут няма культурных і гістарычных славутасцяў. У Польшчы і Еўропе больш магчымасцяў для цікавага і разнастайнага адпачынку. Таму зараз абдумваем з сям'ёй пераезд у Еўропу.
«З фінансавага пункту гледжання працаваць на амерыканскую кампанію больш выгадна»
— У Аўстраліі я пачаў працаваць як Senior Software Engineer. Кампанія аказалася невялікая — каля 100+ чалавек, але з моцнымі інжынерамі.
Праз паўтара года я перайшоў на пазіцыю Site Reliability Engineer, а нашу кампанію купіла буйная амерыканская карпарацыя.
У выніку здзелкі глабальны штат вырас да некалькіх тысяч, а супрацоўнікі атрымалі бонусы ў выглядзе акцый і страховак. Аднак аб'яднанне кампаній прывяло да сутыкнення культур і ўскладнення працы з-за розніцы ў падыходах і часе.
Заробак праграмістаў у Аўстраліі моцна адрозніваецца ў залежнасці ад кампаніі і бонусаў, якія выплачваюцца.
Можна атрымліваць 120 тысяч аўстралійскіх даляраў у год (80,5 тысяч даляраў ЗША) «бруднымі», а можна і 350 тысяч аўстралійскіх даляраў (235 тысяч даляраў ЗША) да выплаты падаткаў з улікам апцыёнаў, акцый, розных бонусаў.
Заробак брута можа складвацца з некалькіх частак: base, напрыклад, 200 тысяч аўстралійскіх даляраў (134 тысячы даляраў ЗША) у год да выплаты падаткаў + superannuation 11% (пенсійны фонд) + гадавы бонус (0-30%) + RSU (0-100%).
RSU (Restricted Stock Units) — гэта дадатковая дамова, па якой супрацоўніку даюць, напрыклад, 200 тысяч аўстралійскіх даляраў у акцыях на 4 гады. Гэта значыць, кожны год кампанія дае супрацоўніку 50 тысяч аўстралійскіх даляраў у акцыях. Праўда, з іх трэба заплаціць 50% падаткаў.
У ЗША такія праграмы заробкаў тыповыя. У кампаній у Аўстраліі яны мала ў каго ёсць. Звычайна гэта проста base+superannuation і часам бонус у 10-20% ад заробку.
З фінансавага пункту гледжання працаваць на амерыканскую кампанію больш выгадна — заробак будзе на 30% вышэйшы, але там іншая культура. У аўстралійскіх кампаніях праца больш расслабленая. Людзі пачынаюць і заканчваюць своечасова, адпачываюць часта разам.
Дарэчы, калі ты працуеш па часовай візе, то твой заробак можа быць на 10—30 тысяч аўстралійскіх даляраў меншы (6,7-20 тысяч даляраў ЗША), чым у таго, хто працуе на пастаяннай візе. Таксама ў Аўстраліі нармальна пайсці працаваць на меншы заробак, калі хочацца больш працаваць з дому, праводзіць больш часу ў адпачынку ці проста надакучыла шмат працаваць. Нядаўна бачыў вакансію з прапановай працаваць 4 дні на тыдзень.
«У сярэднім можа быць па 3-4 інтэрв'ю ў месяц»
— У канцы мінулага года наша кампанія нечакана заявіла пра скарачэнні. Ва ўласнікаў памянялася стратэгія і яны вырашылі сфакусавацца на іншым сегменце кліентаў.
Пад скарачэнне трапілі 350-400 супрацоўнікаў, многіх скарацілі раніцай перад працай без папярэджання. Калегі былі ў шоку, бо ў многіх на той момант былі крэдыты на нерухомасць па мільёне аўстралійскіх даляраў (670 тысяч даляраў ЗША). Усім звольненым у выніку выплацілі кампенсацыю за 6-8 месяцаў.
Адразу працу знайсці было складана. Напрыклад, у снежні-студзені амаль няма сумоўяў або найму.
Наогул пошук працы ў ІТ у Аўстраліі складаны з-за высокай канкурэнцыі на рынку працы. У цэлым на пошук можа пайсці ад двух да шасці месяцаў. У сярэднім можа быць па 3-4 інтэрв'ю ў месяц.
Мясцовыя кажуць, што толькі каля 20% вакансій трапляе ў інтэрнэт (калі не менш), у асноўным працуе networking. Людзі, з якімі я працаваў, дасылаюць пару паведамленняў у тыдзень пра адкрытыя пазіцыі ў кампаніях.
У некаторых кампаніях важна, каб чалавек выказваўся і не баяўся сказаць ці зрабіць глупства, пярэчыць. У іншых, наадварот, шмат палітыкі і лепш сядзець ціха.
Для многіх важная матывацыя. Калі, напрыклад, кампанія робіць софт для стварэння музыкі, а ты не любіш музыку, то цябе не возьмуць. Некаторыя проста любяць простую манатонную прадказальную працу, а кампанія шукае інцыятыўнага работніка.
Кандыдата могуць запрасіць паабедаць з камандай, каб паглядзець, ці змогуць людзі працаваць разам. Я пакуль усё яшчэ ў пошуку працы. Арыентуюся на прапановы з заробкам 200-250 тысяч аўстралійскіх даляраў у год (134-168 тысячы даляраў ЗША).
Не важна, якая кампанія, мясцовая ці амерыканская. Больш гляджу, каб праект быў цікавым, была мясцовая культура ў кампаніі і менш палітыкі. Пакуль не вырашыў наконт пазіцыі.
Ёсць некалькі незвычайных прапаноў. Можна папрацаваць у венчурным фондзе і дапамагаць стартапам. А можна пераключыцца на кампаніі, якія гандлююць акцыямі. Туды складана трапіць без досведу, і праца іншая, не ўпэўнены, што мне гэта трэба. Але там высокі заробак — да 335 тысяч даляраў ЗША за год.
Эксперымент на жывым чалавеку. Выйшаў першы раман на матэрыяле з жыцця беларускіх айцішнікаў
Айцішнік за год не знайшоў працы ў Польшчы і едзе назад у Беларусь
«Лепш назад на завод ці ёсць варыянт вярнуцца ў Беларусь». Як айцішнікі ў Польшчы жывуць на мінімалку
Айцішнікі з Беларусі знялі палову офіснай Вільні — але цяпер трацяць цікавасць
«На старце айцішнік будзе зарабляць $300-500 на месяц». Наколькі складана ўвайсці ў ІТ у 2024 годзе?
Каментары