Продажы аўтобусаў МАЗ у Расіі знізіліся ў першым паўгоддзі амаль удвая
У чэрвені 2024 года на расійскім рынку прададзена 12 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — на 63,6% менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (33), сведчаць звесткі расійскага агенцтва «АСМ-холдынг».
У першым паўгоддзі рэалізавана 292 адзінкі гэтай тэхнікі (у гэты самы перыяд мінулага года 558). Падзенне ўзроўню продажаў у гадавым выражэнні склала 47,7%.
Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 12-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынка Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 0,8%.
Лідарамі продажаў у чэрвені сталі расійскія ПАЗ (441; -4,1% у гадавым вымярэнні), ЛіАЗ (383; +55,1%) і кітайскі Yutong (234; -31,8%).
За 2023 год беларускім прадпрыемствам рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту — на 11,1% менш, чым у 2022-м (1 040). Па выніках 2023-га, як і годам раней, МАЗ заняў 6-е месца ў адпаведным сегменце аўтарынка РФ.
Каментары