Гісторыя1717

На гарадзішчы на Менцы разбіраюць фантастычнай захаванасці гіганцкія дубовыя зрубы X стагоддзя

Абарончыя канструкцыі старажытнага горада перададуць кампаніі, якая гандлюе мораным дубам. 

Разборка канструкцый клецяў, выяўленых пры раскопках вала Вялікага гарадзішча. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Пра гэта паведамляе Інстытут гісторыі НАН Беларусі. 

Працы на археалагічным комплексе на рацэ Менка, што ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна, пачалі летась, каб пацвердзіць гіпотэзу, што менавіта тут знаходзіўся летапісны Менск.

Маштабныя раскопкі, арганізаваныя Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, былі падтрыманыя на найвышэйшым дзяржаўным узроўні. Асаблівую ўвагу даследаванню комплексу ІХ—XI стагоддзяў надаваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, вядомы аматар гісторыі і калекцыянер.

Папярэднія маштабныя работы на Менцы праводзіліся ў 1975—1983 гады археолагам Георгіем Штыхавым, які выявіў каля падножжа вала так званага Вялікага гарадзішча дубовыя зрубы — клеці, а ў самім вале некалькі ўзроўняў пагарэлых драўляных канструкцый. У выніку праведзеных даследаванняў Штыхаў прыйшоў да высновы, што паселішча з'яўлялася першапачатковым месцам размяшчэння старажытнага Менска.

У ходзе раскопак павінны будуць заглыбіцца ў вал на 8 метраў. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Археалагічныя раскопкі вала ў 2023 годзе. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Валы Вялікага гарадзішча былі збудаваны ў пачатку XI стагоддзя і на працягу гэтага стагоддзя некалькі разоў перабудоўваліся. Паселішча прыйшло ў заняпад у сярэдзіне ці бліжэй да канца стагоддзя, тады горад быў перанесены на новае месца, на Свіслач.

Новыя маштабныя раскопкі на археалагічным комплексе, праведзеныя летась, таксама закранулі валы. Побач з прарэзкай вала ў паўночнай частцы Вялікага гарадзішча, зробленай Штыхавам, была зроблена новая прарэзка даўжынёй больш за 25 м і шырынёй больш за 30 м. Глыбіня раскопу склала 8 метраў.

Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Як адзначаюць самі навукоўцы, работы такога маштабу па вывучэнні абарончых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ніколі не праводзіліся.

У часе раскопак вала былі выяўлены драўляныя канструкцыі, з якіх былі ўзятыя ўзоры для правядзення радыевугляроднага і дэндрахраналагічнага аналізу.

Было выяўлена ядро першапачатковага вала, а таксама зафіксаваны прынамсі тры яго падсыпкі, у выніку якіх вал дасягнуў шырыні каля 30 м. Верхняя частка вала, як удалося высветліць, насыпана з грунту з уключэннямі культурнага слоя XI — пачатку XII стагоддзя.

Разборка клецяў. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Выяўлены таксама каменныя канструкцыі, прызначаныя для ўмацавання вала.

Аснову ядра ж вала складалі парныя драўляныя зрубныя клеці, злучаныя ў ланцужок па перыметры вала. Паўночная частка клецяў з'яўлялася вонкавай вертыкальнай сцяной драўляна-земляных умацаванняў.

Побач з клецямі і непасрэдна ў іх знойдзены археалагічныя артэфакты, як то срэбныя арабскія манеты дырхамы, кубічная гірка, нож, наканечнікі стрэл, бронзавыя гузікі, жаночыя аздабленні з каляровых металаў, якія датуюцца Х — першай паловай XI стст. 

Падобная канструкцыя вала з клецямі ўнутры з'яўляецца тыповай для паўднёварускіх гарадоў Х—XI стст. З боку пляцоўкі гарадзішча, побач з валам, былі выяўлены сляды жытла з разбуранай печчу-каменкай, матэрыялы ў якім могуць датавацца другой паловай XI ст.

Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Ва ўсходняй частцы вала быў зафіксаваны драўляны насціл-маставая, які перпендыкулярна праразаў вал. Праезд з насцілам зверху перакрываў клеці і, мабыць, быў створаны ў час існавання феадальнай сядзібы.

У час археалагічных даследаванняў драўляных клецяў выканана фотафіксацыя і аблічбоўка канструкцый з мэтай вывучэння іх структуры і стварэння макетаў.

Кансервацыя раскопа на зіму ў лістападзе 2023 года. Фота: тэлеграм-канал гістарычнага факультэта БДУ 

У лістападзе 2023 года навукова-археалагічныя даследаванні на аб'екце былі завершаныя, драўляныя канструкцыі часова закансерваваныя, а сам раскоп часткова засыпаны, каб вярнуцца да яго ў больш спрыяльны летні перыяд. Асаблівая ўвага надаецца драўляным зрубам, якія сёння разбіраюць для кансервацыі археалагічнай драўніны.

Да работ падключылі гомельскую кампанію «Транс-цэнтр», якая з 1998 года займаецца здабычай і апрацоўкай у Беларусі рэліктавага моранага дубу, узрост якога можа складаць звыш 6000 гадоў. «Транс-цэнтр» мусіць закансерваваць драўляныя канструкцыі, выяўленыя ў вале на Менцы. 

Кансервацыя драўніны будзе праходзіць у некалькі этапаў, якія ўключаюць папярэднюю апрацоўку, сушку і правядзенне ўласна кансервацыйных работ. Работы зоймуць некалькі месяцаў.

Зруб X стагоддзя. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Археалагічны комплекс на Менцы ўлады хочуць ператварыць у важны турыстычны цэнтр і новы брэнд краіны, пасля таго як большая частка беларускай гісторыі аказалася «нязручнай» для дзяржаўнай ідэалогіі.

У гэтым годзе працягнецца археалагічнае вывучэнне селішчаў і абарончых валоў на Вялікім і Малым гарадзішчах на Менцы. На аснове атрыманых звестак плануюць аднавіць выгляд паселішча станам на XI стагоддзе — перыяд яго максімальнага росквіту. У натуральную велічыню хочуць рэканструяваць як часткі драўляных умацаванняў, так і жылыя ды гаспадарчыя пабудовы, ператварыўшы месца ў скансен.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары17

  • Acab
    12.06.2024
    Кватэру даюць Каралю - войвойвой, карупцыя, сэксоцтва (ен адкрыты, сакрэтнасьць адкуль, гнілы рэжым), больліхабяданэнзатрасца
    За бюджэтныя (чужыя) грошы выкапалі рэшткі паселішча з моранага дуба і аддалі той дуб дэкрэтнаму манапалісту (ўсе манапалісты прызначаныя ўладай, натуральных не бывае), якому загадана аддаваць ўвесь мораны дуб з тэрыторыі Беларусі - клопат пра гісторыю, перамога, не надта і крывавы, гэта пот наагул, гісторыкі ня служкі рэжыму, даўно б так, павялічыць фінансаваньне...
  • Ренегат
    12.06.2024
    Что, лукашенку дровишки понадобились? Подтопить трохи свои дворцы, а то ночи в июне неожиданно холодные стали, так старые косточки побаливают?
  • Žvir
    12.06.2024
    зрубы X стагоддзя
    A jak zrobiac` toj vuhliarodny analiz, dy vyznačač, što pasielišču 10 tys. hadoū ? Što vy tady zaspiavajecie ??

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне3

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску ставяць самую вялікую ў Еўропе навагоднюю елку2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам28

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым4

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

Спецпасланнікам па Украіне Трамп хоча зрабіць былога начальніка разведкі

Памёр расійскі прапагандыст Скот Бенет. Сіманьян лічыць, што яго маглі забіць7

Праваабаронцы: Палітвязняў прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні

Магілёўскую і Гомельскую вобласці замяло снегам ФОТЫ

Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы» ШМАТ ФОТА9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне3

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →