Гісторыя33

«Малая брама будзе вельмі цікавай і адэкватнай». Археолагі падводзяць вынікі сёлетніх раскопак на Крэўскім замку і строяць планы на наступны сезон

Так атрымалася, што сёлетні сезон рэстаўрацыйных работ на Крэўскім замку стаў даволі працяглым: як пачаўся ў лютым, так пакуль і не скончаны. За гэты час рэстаўратары вырашылі, як будзе выглядаць Малая брама, разабралі аварыйны бліндаж побач з ёй, аднавілі дот у Малой вежы. І галоўнае адкрыццё сезона-2023 — спецыялісты прыйшлі да меркавання, што ў замку, магчыма, была трэцяя вежа, падсумоўваюць вынікі сезона на сайце Kreva.travel.

рэстаўрацыя Крэўскага замка
Крэўскі замак у сваёй архітэктуры спалучае розныя эпохі. Яскравы прыклад на здымку: сярэднявечная Малая брама і агнявая пазіцыя нямецкага бункера часоў Першай сусветнай вайны. Фота: Марыя Бартош

Кіраўнік даследаванняў, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Дзярновіч расказаў, якія працы выклікалі больш дыскусіі і калі чакаць афіцыйнага пацвярджэння: у Крэўскім замку было ўсё ж такі не дзве вежы, як прынята лічыць, а тры. І ці ўвогуле згадвалася гэтая інфармацыя раней? Перад тым, як перайсці да абмеркавання галоўных вынікаў гэтага сезона, Алег зазначае:

— Неўзабаве збіраюся паехаць у Крэва, бо ў мяне ёсць дзве задачы. Па-першае, некаторыя працы па замку, звязаныя з зямлёй, патрабуюць нагляду. Па-другое, позняя восень і ранняя вясна — гэта час для археалагічных разведак. Збіраемся пахадзіць у пошуках цікавага па ваколіцах, па пагорках, калі з дрэваў спадзе лісце і будзе добры агляд.

Малюнак з трэцяй вежай быў апублікаваны ў варшаўскім часопісе ў 1938 годзе. Хто яго аўтар?

Канешне, асноўнае і значнае адкрыццё гэтага года — меркаванне, што ў замку была трэцяя вежа. Як так здарылася, што раней гэтыя словы маглі прыняць за фантазію, а зараз ёсць усе падставы лічыць, што замак выглядаў не так, як мы сабе ўяўлялі шмат гадоў?

План Крэўскага замка па версіі архітэктара Абуховіча

— Ёсць дзіўны план нейкага архітэктара Б. Абуховіча. Хто ён такі — невядома. Гэты малюнак быў апублікаваны ў 1938 годзе ў варшаўскім часопісе «Зямля» разам з артыкулам, прысвечаным Крэўскаму замку. Што цікава, Абуховіч прапанаваў сваю рэканструкцыю замка, на якой паказана трэцяя вежа, а паміж ёй і Малой вежай — галерэя, — кажа Алег Дзярновіч. — Я бачыў гэты план раней, але палічыў фантазіяй, бо не было ніякіх падставаў сцвярджаць, што ў тым кутку магла быць нейкая вежа.

Па словах суразмоўцы, сітуацыя змянілася ў 2020 годзе, калі падчас работ на паўночна-усходняй сцяне знайшлі пляму цаглянай муроўкі. Чаму гэта важна? Бо цэгла выкарыстоўвалася толькі ў нейкіх адказных момантах: пры будаўніцтве асобных куткоў замка, арак, аконных праёмаў. Вынікае, каля гэтай сцяны знаходзілася нейкая пабудова.

— Мы не ведалі яе функцыі, прызначэння, думалі, што гэта нейкая мураванка. У наступным сезоне зможам дакладна адказаць, што гэта. Але я схіляюся да версіі, што гэта трэцяя вежа, — каментуе спецыяліст. — Ёсць і другое архіўнае сведчанне на карысць гэтай думкі. Падчас Другой сусветнай вайны нацысцкая адміністрацыя перадала гэтыя тэрыторыі пад кіраванне адміністрацыі Генеральнай акругі Літва са сталіцай у Коўне. Не так даўно сталі даступныя архіўныя матэрыялы тых часоў.

Там ёсць замалёўкі: у 1942 годзе два літоўскія архітэктары, Макарэвіч і Салялёніс, прыехалі ў Крэва і замалявалі замак. Відаць, пасля працы польскіх кансерватараў яны выразна пабачылі расчышчаны паўночна-ўсходні кут, нешта большае, чым мы ў эпоху 1980-х і 1990-х гадоў.

Фрагмент схемы Крэўскага замка, на якой літоўскія архітэктары пазначылі, меркавана, трэцюю вежу. Ілюстрацыя забяспечаная Алегам Дзярновічам

Без адказу застаецца пытанне: ці праводзілі палякі археалагічныя даследаванні падчас кансервацыі замка пасля Першай сусветнай вайны? Ніякіх звестак няма. Але калі мы ўскрывалі праём галоўнай брамы, то бачылі сляды перакопу. Значыць, земляныя работы былі. Мы змаглі ўдала прывязацца да папярэдняй інфармацыі: архіўнай і геарадарнай, даследаванняў 2021 года. Разлічылі 12 метраў ад кута, заклалі траншэю і выйшлі на каменны фундамент.

Калі і чаму знішчылі трэцюю вежу?

Пакуль вялікую сцяну ў падмурку не змаглі ўскрыць — гэта вялікі аб`ём працы, да таго ж ёсць пытанне фінансавання. 

— У нас ёсць занатоўкі і замалёўкі, зробленыя ў міжваенны перыяд у сярэдзіне XX стагоддзя. На іх вельмі выразна пазначана гэтая сцяна. Дзякуючы тапаграфічным метадам, можам сцвярджаць: гэтая пабудова (меркавана, трэцяя вежа) знаходзілася абсалютна на той жа лініі і з тымі ж параметрамі, што і Малая вежа, — гаворыць Алег Дзярновіч. — Спачатку пры Гедыміне пачалі ўзводзіць сцены замка, пазней толькі прыбудавалі Княскую вежу, а ўжо аздаблялі яе за часамі Альгерда і Ягайлы.

А ў канцы XIV стагоддзя якраз маглі пабудаваць новую вежу. Адразу Малую, а пасля вежу з такімі ж параметрамі ў супрацьлеглым куце, якую мы ўмоўна называем трэцяй. Пры расчыстцы Малой вежы мы выйшлі на рэшткі некалькіх прыступак тунэля ўнутры вежы.

Як я бачу сітуацыю: калі князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак у 1433 годзе, магчыма, ён прарваўся каля той вежы, якую мы знайшлі. Яна была знішчана тады і не адбудоўвалася, таму ў падмурках так і засталася. Таму адпаведна яе ніхто пазней не мог замаляваць, прыгадаць. Малую ж вежу аднавілі, а тунэль — не. Яго проста засыпалі, завалілі камянямі.

«Малая брама будзе цікавай і адэкватнай»

Пакуль з раскрыццём галоўнай інтрыгі прыйдзецца пачакаць, Алегу Дзярновічу прапанавалі распавесці і пра іншыя вынікі гэтага сезона. Напрыклад, зараз адбываецца абмуроўка Малой брамы Крэўскага замка.

— Таксама аднаўляецца падмурак пад нямецкі ДАП (доўгатэрміновы агнявы пункт), да канца года плануецца скончыць усе працы па ім, — удакладняе суразмоўца. — Аднавілі ДАП у Малой вежы. Мяркуецца, што там будзе экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне. Акрамя таго, павінна яшчэ адбыцца кансервацыя тунэля з прыступкамі. Калі мы ўскрылі іх у мінулым годзе, гэта выклікала зацікаўленасць і архітэктараў, і мясцовай смаргонскай улады. Было вырашана не проста іх захаваць, а экспанаваць. Прыступкі закансервуюць пад шклом, магчыма, змесцяць пад шкляны футарал.

На плане 1942 года навукоўцы замалявалі паўкруглую сцяну нямецкага бункера часоў Першай сусветнай вайны ўнутры Малой вежы. Ілюстрацыя забяспечаная Алегам Дзярновічам
рэстаўрацыя Крэўскага замка
У Малой вежы плануецца адкрыць экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне. Фота: Марыя Бартош

— А што тычыцца рэстаўрацыі Малой брамы — ці не выклікае яна такой дыскусіі, як галоўная? 

— Малая брама будзе вельмі цікавай і адэкватнай, — суцяшае Алег Дзярновіч. — Захаваліся яе фотаздымкі з часоў Першай сусветнай вайны, вызначана дакладнае месца Малой брамы, дзякуючы даследаванням можна зразумець канфігурацыю арачнага праёма. У ёй будзе лёгкая стрэльчатасць.

Важны для даследчыкаў дакумент — фатаграфія замка часоў Першай сусветнай вайны, на якой справа можна заўважыць Малую браму ў паўднёва-заходняй сцяне. Здымак з калекцыі Уладзіміра Багданава
рэстаўрацыя Крэўскага замка
Адноўленая Малая брама будзе адпавядаць традыцыі арак. Фота: Марыя Бартош

Мы можам спрачацца пра Галоўную браму, наколькі яе правільна аднавілі і чаму зрабілі паўцыркульнай. Канешне, у гатычным стылі маглі выкарыстоўвацца паўкруглыя формы, але ўсе аркі Крэўскага замка, якія мы ведаем з іканаграфіі і даследаванняў, маюць лёгкую стрэльчатасць. Таму я вельмі цаню работы, якія зараз ідуць па Малой браме. Яна будзе адпавядаць традыцыі арак, што былі ў Крэўскім замку.

Якія праблемы ўзнікаюць падчас працы ў замку

Многія часткі замка знаходзяцца ў аварыйным стане. Калі ўскрывалі нямецкі ДАП каля Малой брамы, прыходзілася працаваць з падпоркамі — ён абвальваўся. Яго разабралі, асобна адклалі камяні, а ў верасні зрабілі падмурак. Яго плануюць аднавіць такім, якім быў раней — паўкруглая канструкцыя, прылепленая да сцяны замка.

нямецкі бліндаж у Крэўскім замку
Нямецкі бункер на месцы Малой брамы ў 2004 годзе. Фота: Уладзімір Багданаў

— У сезоне ўзніклі рэстаўрацыйныя пытанні. Брама заўсёды будуецца высока ў сцяне, адпаведна робяцца драўляныя масткі да яе, а тут стаіць ДАП. Былі праблемы: як гэта сумясціць? Таму што Крэўскі замак — гэта не толькі помнік Сярэднявечча, але і аб’ект памяці Першай сусветнай вайны. Вырашылі праводзіць работы так, каб пакідаць сляды вайны і адзначыць тую эпоху, у тым ліку праз гістарычны ландшафт. На тэрыторыі замка ёсць варонкі, іх вырашылі пакінуць. Чаму да іх ставяцца так адказна і ахайна? Замак — комплексны аб’ект, ён мае на сабе адбіткі розных эпох. Напрыклад, мы вырашым адбудаваць толькі замак XIV стагоддзя. Добра. Але якім ён быў? — задаецца пытаннем Алег Дзярновіч.

— Спачатку была толькі адна вежа, а ў канцы XIV стагоддзя з’явілася другая. Як мы зараз мяркуем, магчыма, была і трэцяя. Таксама да нас дайшлі фрэскі XIV і XV стагоддзяў. Дык як тады павінен выглядаць замак падчас рэканструкцыі? Ці маем мы права ігнараваць перыяд вайны? Па-першае, ён наклаў такі адбітак на лёс замка. Па-другое, гэта вельмі важная старонка гісторыі для нас. Тэма вайны, асабліва ў тым рэгіёне, які быў падзелены лініяй фронту, вельмі важная. Не думаю, што яе можна ігнараваць. Таму была прынята канцэпцыя кансервацыі і рэстаўрацыі, якая ўлічвае захаванне аўтэнтычнай канструкцыі XIV і XV стагоддзяў і аб’ектаў ваеннага часу.

Чаго чакаць у наступным годзе

— Усё будзе залежыць ад фінансавання. Але больш за ўсё ўвагі патрабуе самая разбураная сцяна — усходняя. Яна павінна трапіць пад кансервацыю ўжо ў наступным сезоне, — гаворыць Алег Дзярновіч. — Таксама трэба ўскрываць той кут, дзе, па нашым меркаванні, была трэцяя вежа, а яшчэ займацца рэканструкцыяй данжона. Гэта фінансава складаная справа, бо фактычна данжон будзе каштаваць палову кансервацыі ўсяго замка.

Што яшчэ ў планах? Увага будзе надавацца тэрыторыі вакол замка. У двух месцах плануецца аднавіць лінію равоў. Спецыялісты хочуць нават часткова запусціць ваду, каб паказаць, як яна цякла па тэрыторыі самога замка.

Каментары3

  • Эюя
    24.10.2023
    Гэта ўсё добоа, але Краснасельская цэгла з якой адбудоўваюць замак, вельмі нізкай якасці, плюс яна мае сучасныя стандарты па шырыні-вышыні. У выніку ўсё выглядае як сучасны новабуд сумніўнай эстэтычнай якасці. Калі мы паглядзім як падобныя працы вядуцца ў Італіі, Францыі ці Чэхіі, мы ўбачым што архітэктары і будаўнікі прыкладаюць максімальныя высілкі, каб наблізіцца да стандартаў мінулага. Сучасная цэгла можа мець троху іншае адценне ад аўтэнтычнай, але яна не павінна мець іншыя памеры, а тым больш нетрывалай.
  • Міша
    24.10.2023
    Г.. буд
  • Бобр
    24.10.2023
    Программа замки Беларуси достаточно обширная. Может стоило открыть небольшой заводик по изготовлению кирпича под старину. Учитывая небольшой объем большой автоматизации не нужно. Зато эффект

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ11

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Усе навіны →
Усе навіны

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома58

Замежнікі скардзяцца — у беларускі ўніверсітэт не паступіш без пасярэднікаў2

Вальфовіч: У Лукашэнкі ёсць свой ядзерны чамаданчык і чырвоная кнопка17

Самалёт Пуціна ў Мінск суправаджалі два знішчальнікі

«Яшчэ 10 чалавек паехалі». Як кашмарылі Гродна падчас апошняй аблавы2

Мінчанка паслізнулася на прыступках свайго пад'езда, паламалася і адсудзіла 11 000 рублёў

З Новага года вырасце некалькі падаткаў

Беларускі «Гастрафэст» пройдзе ў трох краінах. Што ў меню?2

Палітвязня Толчына, які выйшаў па памілаванні, затрымалі па адміністрацыйнай справе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ11

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ

Галоўнае
Усе навіны →