Грамадства33

«І ў турме ён змагаецца за свае правы». Нядаўна вызвалены палітвязень расказаў пра Сяргея Ціханоўскага

29 траўня спаўняецца чатыры гады з моманту затрымання Сяргея Ціханоўскага. З гэтай нагоды «Белсат» паразмаўляў з былым палітвязнем Глебам Гатоўкам, які ў сакавіку 2024 года выйшаў на волю, а цяпер пры дапамозе Bysol змог выехаць за межы Беларусі. Падчас адбывання пакарання ў жодзінскай турме яму ўдалося пабачыць Сяргея на ўласныя вочы. Журналісты распыталі ў Глеба пра тое, якія падрабязнасці вядомыя цяпер пра Ціханоўскага, а таксама пацікавіліся тым, што ўяўляе з сябе на сённяшні дзень утрыманне палітычных зняволеных.

Былы палітзняволены Глеб Гатоўка. Скрыншот з відэа

Сяргей змагаецца за свае правы

Апошні раз Глеб Гатоўка бачыў Сяргея Ціханоўскага падчас прагулак у жодзінскай турме ў сакавіку 2024 года. Але паразмаўляць, адзначае былы палітвязень, ім не ўдалося, «проста бачыў, што ён ішоў, і ўсё».

Па знешнім выглядзе, кажа Глеб, Ціханоўскі заўважна схуднеў, калі параўноўваць з тым, як ён выглядаў у запісах на сваім ютуб-канале яшчэ на волі. І тут маглі спрычыніцца ўсе фактары: дрэннае харчаванне, тое, што Ціханоўскі знаходзіцца ўвесь час адзін, шмат часу праводзіць у ізалятары (ШІЗА), прычым у жудасных умовах, псіхалагічны стрэс.

Але калі меркаваць па тых дыскусіях, у якія Ціханоўскі ўступаў з адміністрацыяй, то «ён выглядае адэкватна».

«Ён трымае планку, ваюе з імі, хоча адстойваць свае правы, якія парушаюцца. Яму ствараюць інфармацыйны вакуум, абмяжоўваюць тым, што ёсць у амаль кожнага зняволенага: літаральна самыя простыя побытавыя рэчы, якія перадаюць бандэроллю з волі. Напрыклад, у яго ў камеры нават не было паперы, каб напісаць заяву і забраць свае ўласныя рэчы з рэчавага складу», — успамінае былы палітвязень.

Глеб кажа, што аднойчы чуў, як Ціханоўскі падчас праверкі сварыўся з адміністрацыяй: паколькі прадуктовых перадач няма ні ў каго, то раз на год можна атрымаць бандэроль вагой у два кілаграмы. Але яе не аддаюць у камеры, а кладуць на склад. Каб забраць яе са складу, трэба напісаць заяву, але ў Ціханоўскага для гэтага не было нават паперы і ручкі.

@nashanivanews Навіны пра Сяргея Ціханоўскага #нашаніва #беларусь #беларускітыкток #беларускаямова #святланаціханоўская #тихановская ♬ Crime Scene - Avery Alexander

Таму ён адстойваў свае правы, кажучы: «А дзе рэгламентавана, што заява павінна быць у пісьмовай форме? Я вам вусна на камеру кажу, бо вы ж прадстаўнік адміністрацыі!» З гэтых размоў відаць, адзначае Глеб, што Сяргей «у адэкватным стане, ён трымаецца».

Няма ў Ціханоўскага і так званай «атаваркі», як у кожнага зняволенага, які мае права на 1 базавую велічыню (сёння яна роўная 40 рублям) раз на месяц нешта купіць у турэмнай краме: салаты, крабавыя палачкі ці нешта іншае. У Ціханоўскага няма і гэтага, ён цалкам знаходзіцца на казённым харчаванні, а яго, як адзначае Глеб, недастаткова для таго, каб быць у адэкватнай форме.

Забарона на камунікацыю

Камунікацыя з Сяргеем у турме забароненая, тым больш яна не дазваляецца паміж вязнямі, якія сядзяць у розных камерах. Таму, пацвярджае Глеб, і сам Сяргей, і іншыя палітзняволеныя прытрымліваліся правіла не размаўляць паміж сабой пры спатканнях, а адміністрацыя калоніі сочыць за гэтым.

Сам жа Сяргей, са словаў Глеба, таксама стараецца не парушаць нейкіх унутраных правілаў, бо за ім вельмі пільна сочаць і могуць пакараць за любое найменшае парушэнне.

У пэўны час з’явілася інфармацыя пра нібыта смерць Ціханоўскага, што, на думку былога палітвязня, было зроблена з мэтай праверкі рэакцыі грамадства. Падобныя чуткі з’явіліся і ў самой калоніі, пра іх зняволеныя даведаліся са сваіх крыніцаў.

Скрыншот з відэа, якое з’явілася ў ліпені 2023 года, каб зняпраўдзіць чуткі пра ягоную смерць.Крыніца: progomel.by

Агулам жа перадача на волю інфармацыі пра Ціханоўскага пачала блакавацца пасля таго, як яго асудзілі паўторна па 411 артыкуле (у лютым 2023 года Сяргея асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» і ў дадатак да 18 гадоў калоніі яшчэ прысудзілі паўтара года зняволення).

Прыблізна ў той час, як узгадвае Глеб, адзін са зняволеных напісаў сваякам на волю ліст, у якім узгадаў пра Ціханоўскага. Гэты ліст не выпусцілі на волю, а самога зняволенага выклікаў аператыўнік і сказаў яму такія словы: «Пакуль людзям рана ведаць пра гэта».

То-бок, тлумачыць Глеб Гатоўка, была нейкая пастанова ці нейкі план цалкам ізаляваць Ціханоўскага ад свабоднага свету, каб ніякай інфармацыі ад яго не паступала на волю, у тым ліку ад іншых палітзняволеных. Сам жа Ціханоўскі таксама не атрымлівае лістоў і не ходзіць на тэлефанаванні. І такія рашэнні, хутчэй за ўсё, спускаліся зверху, бо ўнутры ў адміністрацыі турмы такіх кампетэнцый, на думку Глеба Гатоўкі, няма.

Іншыя палітвязні

Глеб Гатоўка перасякаўся ў турме не толькі з Сяргеем Ціханоўскім. Падчас свайго зняволення ён кантактаваў і з іншымі палітвязнямі. Так, у верасні — кастрычніку 2020 года ён сустракаўся на Валадарцы з Максімам Знакам.

«Ён тады быў на галадоўцы ўжо сем дзён. Ён прыйшоў да нас у камеру, і па ім было бачна, што яму ўжо цяжкавата: рухі трохі затарможаныя, больш павольна рэагуе і размаўляе. То-бок ужо пачаўся ўплыў таго, што ён не ўжываў ежу доўгі час. Потым якраз у нас у камеры ён зняўся з галадоўкі, але рабіў гэта паступова, каб не нашкодзіць свайму здароўю. За некалькі дзён ён выйшаў і пачаў нармальна харчавацца — і адразу прыйшоў у сябе, ажыў, стаў больш вясёлым».

Глеб успамінае, што з іхняй камеры Максіма Знака забралі раптоўна разам з рэчамі. Як пасля стала вядома, яго адвезлі ў следчы ізалятар КДБ на сустрэчу «круглага стала», у якім удзельнічаў і Сяргей Ціханоўскі.

Перасякаўся Глеб і з іншымі палітвязнямі: Сяргеем Пятрухіным, Андрэем Кабанавым, у адной камеры знаходзіўся з Яўгенам Рубашкам і Юрыем Бялько. У Жодзіне недалёка ад ягонай камеры сядзеў Ігар Аліневіч.

Глеб адзначае, што да так званых «публічных людзей», на якія заведзеныя больш гучныя справы, адміністрацыя калоній і турмаў ставіцца больш жорстка. Так, Ігар Аліневіч за той час, што ўтрымліваецца ў турме (яго асудзілі на 20 гадоў у лютым 2022 года), ані разу не хадзіў на тэлефанаванні, хоць раз на месяц кожны зняволены мае права на 15-хвілінную размову.

«Але калі ты знаходзішся ў ізалятары, ты гэтыя званкі прапускаеш. І яны [адміністрацыя калоніі] графік яму выстаўляюць так, што кожны месяц ён трапляе ў ізалятар менавіта ў дзень званкоў. То-бок ён сядзіць ужо два гады (на самай справе трошкі менш, у жодзінскую турму яго перавялі ў жніўні 2022 года) і ні разу не змог патэлефанаваць і звязацца са сваімі блізкімі і роднымі», — адзначае Глеб Гатоўка.

Выпрабаванні ў жодзінскай турме

Глеб Гатоўка знаходзіўся ў жодзінскай турме два гады і чатыры месяцы, і самым складаным, з чым яму там давялося сутыкнуцца, лічыць адсутнасць нармальнага харчавання, гэта адразу адбіваецца на здароўі.

Жодзінская турма № 8. Крыніца: spring96.org

«Сапраўды не хапае вітамінаў, зрок трошкі пагоршыўся, бо ты сядзіш пастаянна ў камеры і максімальная адлегласць, якую ты бачыш, — гэта шэсць метраў па дыяганалі, і так ты знаходзішся гадамі. Душна, брудна, калі шмат чалавек і хтосьці паліць, асабліва ўлетку, то цяжкавата.

Максімальная колькасць крокаў — пяць па дыяганалі, тое ж самае ў дворыках: цябе выводзяць на адну гадзіну, [ты робіш] пяць крокаў туды-назад. Тым больш там летам паляць нейкую гуму, і, выходзячы падыхаць чыстым паветрам, ты дыхаеш дымам, прычым вельмі таксічным, што ажно задыхаешся.

Плюс пастаянна радыё грае, з шостай гадзіны раніцы да дзясятай гадзіны вечара, гучна пастаянна вяшчае гэтая прапаганда, цісне гэты шум, вельмі моцнае псіхалагічнае ўздзеянне», — апісвае час праведзены ў турме былы палітзняволены.

Яшчэ адным відаў катаванняў Глеб называе штрафныя ізалятары. Ён агулам за час свайго зняволення правёў у ШІЗА каля 180 дзён. Але, напрыклад, фігурант «справы Ціханоўскага» Уладзімір Кніга прыехаў у жодзінскую турму на турэмны рэжым летам 2022 года і з таго моманту ў звычайнай камеры правёў усяго каля месяца, увесь астатні час ён знаходзіцца ў ізалятары.

«І гэта адбываецца і ў люты холад, і ў вецер. Яго так трымаюць і катуюць. Проста ён не такі публічны, можа быць, як іншыя. Ён трымаецца, але яму цяжка зусім», — падкрэслівае Глеб.

У што вераць палітвязні

Але ці спадзяюцца палітвязні на тое, што нешта адбудзецца — і ўсе яны змогуць выйсці з турмаў на волю? Глеб Гатоўка адказаў, што, на ягоную думку, адносна гэтага пытання ўсе палітычныя зняволеныя дзеляцца на дзве групы — у залежнасці ад тэрмінаў, якія ім прызначаныя.

«Калі ў чалавека не так шмат гадоў [зняволення], то ён хутчэй разлічвае проста выйсці, як кажуць, «па званку». Калі ж у чалавека [тэрмін] восем, дзевяць, пятнаццаць гадоў, вядома, ён трошкі разлічвае на гэта. Але зноў жа, большасць такіх людзей не спадзяюцца на нейкія ўнутраныя перамены ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, яны думаюць, што гэта будзе нейкая глабальная развязка падзей ва Украіне ці нейкі знешні ўплыў на Беларусь. Нешта такое. Сваімі сіламі грамадства ў самой Беларусі гэтую сітуацыю не зможа так кардынальна змяніць без нейкага знешняга штуршка», — адказаў Глеб Гатоўка.

Што тычыцца самога Глеба, то ў размове з карэспандэнтам «Белсата» ён падкрэсліў, што цяпер, знаходзячыся ў бяспецы, ён плануе звязаць сваю дзейнасць з палітычнымі працэсамі, якія праходзяць у Беларусі.

Глеб Гатоўка быў асуджаны судом Кастрычніцкага раёна Менска 31 снежня 2020 года да чатырох гадоў калоніі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), ч. 2 арт. 363 («Супраціў супрацоўніку АМАПу»), арт. 435 («Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу»).

Глеба абвінавацілі ў тым, што на акцыі 14 ліпеня 2020 года ён штурхануў нагой супрацоўніка мінскага АМАПа Аляксея Місючэнку і не падпарадкоўваўся старшаму лейтэнанту АМАПа Дзмітрыю Чарніку. У лістападзе 2021 года Глеба Гатоўку перавялі з ПК №1 у Наваполацку ў Следчую турму №8 у Жодзіне, змяніўшы яму рэжым утрымання на турэмны.

25 сакавіка 2024 года Глеб выйшаў на волю, адбыўшы пакаранне. З Беларусі маладога чалавека эвакуяваў фонд Bysol.

Каментары3

  • ВерымМожамПераможам
    29.05.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Нікому не верым
    30.05.2024
    Чакаем... Можа хто ўваскрэсне.
  • Сом сомыч
    30.05.2024
    Надежда на киберпартизан.

Санду ўпэўнена перамагае ў другім туры выбараў у Малдове3

Санду ўпэўнена перамагае ў другім туры выбараў у Малдове

Усе навіны →
Усе навіны

У Лельчыцах збіраюцца разліваць айчынныя Spa і Perrier1

Еўрапейцам парэкамендавалі стварыць запас прадуктаў на выпадак нападу Расіі5

У нядзелю таксама будзе ветрана1

Знясіленыя вайной. Захад яшчэ дапамагае Украіне трымацца, але ўжо не дапамагае перамагаць17

Блогер Андрэй Павук расказаў, ці збіраецца патэлефанаваць Лукашэнку5

Андрэй Гнёт расказаў, чаму ягоны выезд з Сербіі нагадваў эвакуацыю

Кансерватыўную партыю Брытаніі ўпершыню ўзначаліў цемнаскуры палітык4

У Лунінцы паказальна асудзілі двух сяброў за сарваны чырвона-зялёны сцяг3

Двое мінскіх тынейджараў утапілі ў Свіслачы шэсць электрасамакатаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Санду ўпэўнена перамагае ў другім туры выбараў у Малдове3

Санду ўпэўнена перамагае ў другім туры выбараў у Малдове

Галоўнае
Усе навіны →