Вайна22

Як Лукашэнка зарабляе на вайне — расследаванне «Белпола»

Нягледзячы на санкцыі, беларускія кампаніі здолелі зарабіць на вайсковых пастаўках у Расію вялікія грошы. Як у іх гэта атрымалася?

«Пеленг». Фота: афіцыйны сайт прадпрыемства

Аб'яднанне былых сілавікоў «Белпол» апублікавала новае расследаванне. У ім аўтары звяртаюць увагу на працу аднаго з вядучых прадпрыемстваў у сістэме Дзяржваенпраму Беларусі — «Пеленг».

«Пеленг», доля дзяржаўнай уласнасці ў якім складае 48,9%, спецыялізуецца на правядзенні навукова-даследчых, вопытна-канструктарскіх распрацовак сучасных прыцэльных комплексаў для сістэм кіравання агнём бронятанкавай тэхнікі.

У красавіку 2023 года «Пеленг» заявіў аб уводзе ў эксплуатацыю двух новых карпусоў у Мінску і абвясціў набор спецыялістаў у сувязі з пашырэннем вытворчасці.

Такога поспеху, як сцвярджае «Белпол», дасягнуць прадпрыемству дапамагла вайна.

У якасці прыкладу яны прыводзяць схему паставак прыцэлаў камандзіра панарамнага РКП-МРО, якія з'яўляюцца абавязковым элементам аснашчэння сучасных мадэляў танкаў.

Прыцэл забяспечвае кругавое назіранне за мясцовасцю і дазваляе выявіць цэль на дыстанцыях звыш 5 кіламетраў як днём, так і ноччу ў складаных умовах і наводзіць танк на цэль.

Ключавым элементам прыцэлу з'яўляецца прывадная прылада ПВКУ 210, якая дазваляе яму варочацца на 360 градусаў. Яго «Пеленгу» пастаўляе Мінскі механічны завод імя Вавілава — кіруючая кампанія холдынгу «БелОМА».

«БелОМА». Фота: афіцыйны сайт холдынга «БелОМА»

У сваю чаргу, камплектуючыя для ПВКУ 210 (ротары і статары) завод атрымлівае ад ТАА «Рухсерваматор», якое займаецца вытворчасцю станкоў і абсталявання для лазернай рэзкі. Гэтая прадукцыя пастаўляецца, сярод іншага, на прадпрыемствы краін Захаду.

Аўтары сцвярджаюць, што кіраўніцтва «Рухсерваматор» са сваёй прадукцыі прыбралі налепкі з пазначэннем вытворцы і надпіс Made in Belarus. Гэта было зроблена з-за перасцярогі выяўлення іх удзелу ў пастаўках прадукцыі ў ваенных мэтах і пагрозы санкцый.

Беларуская фірма-пракладка

Акрамя гэтага, кіраўніцтва «Рухсерваматора» знайшло фірму-пракладку, якая схавала іх прамыя камерцыйныя сувязі з заводам імя Вавілава. Ёй стала ТАА «Лабараторыя адытыўных тэхналогій» («ЛАД»).

Менавіта з ёй, як сцвярджаюць аўтары расследавання, сталі заключацца дагаворы на пастаўку камплектаў ротараў і статараў. Усяго па такой схеме ў 2023 годзе было пастаўлена 600 камплектаў. Аўтары звяртаюць увагу, што за 8 месяцаў 2022 года было пастаўлена толькі 40 камплектаў.

Для вытворчасці самога прыцэлу таксама неабходна іншыя камплектуючыя. Сярод іх — аптычныя энкодары, пастаўкамі якіх таксама займаецца «ЛАД». Камплектуючыя для іх закупляліся ў Кітаі і Тайвані. У выпадку з Тайванем аплата праходзіла праз Грузію.

Аўтары адзначаюць, што інфармацыя аб сапраўднай мэце паставак камплектуючых была накіравана кампаніі-вытворцы з Тайваня. У выніку яна абарвала ўсе сувязі з беларускім бокам. А сама краіна ў 15 разоў павялічыла штрафы для кампаній, якія займаюцца перапродажам прадукцыі вайсковага прызначэння ў Расію і Беларусь.

Як вынікае з дакументаў, якія атрымалі белполаўцы, кампанія «Рухсерваматор» праз беларускую кампанію-пракладку «ЛАД» і расійскую ААТ «Тэхкам» пастаўляе сваю прадукцыю расійскаму «Уралвагонзаводу», які выпускае танкі.

Вырабляць панарамныя прыцэлы «Пеленгу», як здолелі высветліць белполаўцы, дапамагаюць таксама такія беларускія кампаніі, як ТАА «Іванар Аўтаматыў», ТАА «Дакладная механіка», ТАА «Алюртэх», ТАА «Кедр Аўтаматыў», ТАА «Дазатар-плюс», ТАА «Гросвер Груп», ТАА «Кохмашынінг», ААТ «Жлобінскі завод «Святло», ТАА «Гідраманія».

Кітайскі след

У сваім расследаванні аўтары расказваюць таксама пра працу кітайскай кампаніі Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation, створанай у 2022 годзе. Яе кліентамі з'яўляюцца беларускія прадпрыемствы, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Гэта «Пеленг», «БелОМА», «САЛЕА», «ЛЭМТ», «КІДМА ТЭК», якія з'яўляюцца вядучымі вытворцамі ўзбраення ў Беларусі.

Генеральным дырэктарам кітайскай кампаніі з’яўляецца грамадзянін Беларусі Алег Юрчык, намеснікам — Віктар Цыдзік.

Сярод менеджараў аўтары звяртаюць увагу на беларуску Аляксандру Аксянчук, якая ў 2015—2023 гадах працавала інжынерам у навукова-тэхнічным цэнтры LEMT холдынгу «БелОМА», а праз дзесяць дзён пасля свайго звальнення, 3 красавіка 2023 года, працаўладкавалася ў Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation. Цяпер жанчына, як сцвярджаюць белполаўцы, падтрымлівае сувязь з інжынерным складам прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у «БелОМА», і арганізуе працэсы з кітайскага боку.

Як сцвярджаюць аўтары, Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation з'яўляецца кампаніяй-пракладкай, якая заключае кантракты з «Пеленгам» на пастаўку камплектуючых для прадукцыі ваеннага прызначэння, якія яна атрымлівае непасрэдна ад кітайскіх вытворцаў.

Расследавальнікі звяртаюць увагу яшчэ на адну беларускую кампанію, праз якую здзяйсняюцца пастаўкі камплектуючых з Кітая. Гэта ААТ «Гідраманія», якая займаецца вытворчасцю карпусоў для медыцынскага абсталявання, дэталяў пратэзаў, пластыкавых рам веласіпедаў і іншага.

Схема паставак. Скрын відэа: osbbelpol / YouTube

Пастаўкі з Кітая, як сцвярджаюць белполаўцы, дазволяць «Пеленгу» паставіць у Расію 1750 прыцэлаў для БТР 82А, 700 прыцэлаў для танкаў Т72 і Т90, 70 прыцэлаў для супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Хрызантэма-С» і столькі ж для мабільнага зенітнага артылерыйскага комплексу «Дэрывацыя-СПА», 80 прыцэлаў для БМПТ «Тэрмінатар». Апошнія тры, як адзначаюць аўтары, не знаходзяцца на ўзбраенні ў беларускай арміі.

Акрамя гэтага, па інфармацыі, якой валодаюць белполаўцы, «Пеленг» планаваў да канца 2023 — пачатку 2024 года выпусціць 100 прыцэлаў-дублёраў тэлевізійных ПДТ для танкаў, 70 прыцэлаў камандзіра панарамнага РКП-МРО.

Аўтары гавораць, што ім вядома пра шэсць кантрактаў паміж «Пеленгам» і Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation, пастаўкі па іх ужо выкананы. А цяпер вядуцца распрацоўкі па вытворчасці ці арганізацыі зборкі прыцэлаў да стралковай зброі, гранатамётаў і мінамётаў, начных прыцэлаў, каліматарных прыцэлаў для аўтаматаў.

Белполаўцы сцвярджаюць, што асобныя беларускія вытворцы выходзяць на прамое супрацоўніцтва з кітайскімі, без удзелу фірмы-пракладкі Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation.

Так, завод імя Вавілава заключыў дамову на вытворчасць 3 тысяч дэталяў для лазернага далямера. Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» замаўляе ў Кітаі тысячы дэталяў да прыцэлу «Сасна-У».

«Белпол» паведаміў, што яго прадстаўнікі ў канцы 2023 года выступілі ў парламенце Вялікабрытаніі, дзякуючы чаму атрымалася прадухіліць закупку Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation у Кітаі аптычных энкодараў англійскай вытворчасці для «Пеленга».

@nashanivanews Крывавыя трактары Лукашэнкі! #беларусь #тракторныйзавод #мтз #лукашенко #беларусьновости #нашаніва #беларускаямова ♬ Crime Scene - Avery Alexander

Каментары2

  • 20.05.2024
    Законные цели
  • нэйм
    20.05.2024
    вось з-за такіх хто зарабляе на крыві і пастаўляе зброю ды ваенныя кампанеты рассіі, трэба ўводзіць аналагічныя санкцыі як і ў рф. з гітлірам таксама спрабавалі гандляваць, але ў выніку ўсе кепска кончылі

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Усе навіны →
Усе навіны

Сіноптыкі расказалі пра невялікае пацяпленне і прыход бабінага лета2

Мінімум чатыры шахеды заляцелі ў Беларусь за ноч і раніцу4

Бондарава выклікала на дзяцей міліцыю, але там не зразумелі, што не так6

У наступным годзе змяняць умовы працы маршрутак

Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так5

У Беларусі з 1 студзеня вырасце падатак на першую кватэру2

7 млн літраў піва і 98 тысяч спробаў скрасці куфаль — Актоберфест падвёў вынікі5

Складзены спіс кіраўнікоў краін з самымі высокімі заробкамі. Хто на першым месцы?1

Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Галоўнае
Усе навіны →