На пажары ў Мсціславе загінула дзяўчынка, якая прыехала на гадавіну смерці маці
Стала вядомая асоба дзяўчынкі, якая загінула на пажары ў Мсціславе ў ноч на 12 мая. Ратавальнікі тады паведамілі пра смерць чатырох чалавек — 67-гадовага гаспадара дома, яго 47-гадовай жонкі, а таксама 54-гадовай сястры і 14-гадовай пляменніцы. Высветлілася, што дзяўчыну-падлетка зваць Мілана, і ў тыя дні яна прыехала на гадавіну смерці мамы.
Мілана прыехала ў Мсціслаў разам з цёткай. Пераночыць яны засталіся ў доме сваякоў, а пад раніцу дом загарэўся. Сігнал аб пажары паступіў 12 мая ў 3:54, але, на жаль, выратаваць нікога не атрымалася.
Падрабязнасцямі біяграфіі дзяўчынкі падзяліліся валанцёры дабрачыннай установы «Прамень Маяка». Яны ў свой час, па іх словах, дапамагалі Мілане.
«Смуткуем і будзем помніць цябе, Мілана. Хай Бог прыме цябе ў свае абдымкі. Дзякуй велізарны ўсім, хто браў удзел у жыцці гэтай дзяўчынкі: дапамагаў і перажываў за яе. Яна ведала пра гэта, адчувала вашу падтрымку і была вам вельмі ўдзячная», — напісалі яны ў сваім інстаграме.
У інстаграме арганізацыі напісана, што Мілана была сіратой. Маці дзяўчыны памерла год таму — у яе спынілася сэрца, але яе тата жывы. Па інфармацыі «Белпол», бацькі Мілы былі ў разводзе.
«Мілана марыла быць вядучай мерапрыемстваў, таму вучылася ў школе мастацтваў. Ці, як мама, стаць медсястрой», — расказваюць пра загінулую блізкія.
Цяпер цела дзяўчыны знаходзіцца ў моргу. Заўтра, па словах сваякоў, павінна адбыцца пахаванне.
Каментары