Ежа1212

«Шаурма — глупства, смажанка з Кіраўска — топ». Дзеля гэтага фастфуду беларусы праязджаюць сотні кіламетраў

Рэйтынг 5,0 і больш за тысячу пазітыўных водгукаў. Не, гаворка не пра топавы гатэль і нават не пра кайфовае спа з майстравітымі тайкамі — так захоплена інтэрнэт-юзеры рэагуюць на маленькую кавяраньку ў мястэчку Кіраўск, дзе гатуюць смажанку — нацыянальны беларускі фастфуд з булкі, падліўкі і мясной начынкі. Здавалася б, усе яшчэ ў школе елі смажанку і перакусвалі ёй на вакзалах — асаблівага захаплення яна не выклікала. Але кіраўская аказалася асаблівай. За апошнія гады яна стала сапраўдным брэндам райцэнтра. Дзеля яе ў Кіраўск заязджаюць з суседніх гарадоў і спыняюцца нават замежнікі. «Анлайнер» вырашыў разабрацца, у чым феномен гэтай стравы — журналісты зганялі ў Кіраўск, пагутарылі з едакамі смажанак і сустрэлі кухарку, якая пачала гатаваць гэты прадукт адной з першых.

Ціхае месца: шмат раварыстаў і мам з каляскамі

Сонечным будным днём Кіраўск жыве сваім звычайным жыццём правінцыйнага мястэчка: без коркаў, вісклівых машын і чэргаў у крамах.

У цэнтры так ціха і спакойна, што, мабыць, можна пачуць, як паўзе мурашка, як перабіраецца з месца на месца чарвячок, як рухаецца мікроб. Гэтую фразу, праўда, прыдумалі не журналісты «Анлайнера», а Жуль Верн, але няважна.

Камунальнікі ў яркай уніформе не спяшаючыся корпаюцца каля прыдарожных кветнікаў на цэнтральнай вуліцы, мамы з каляскамі павольна шпацыруюць па алейках, а дзеці ідуць у школу. Па вечарах тут відавочна весялей — прынамсі ў мясцовым цэнтры вольнага часу, дзе на вялікім экране круцяць «Паляванне на кілера» і «Уіджы. Тагасветнае вымярэнне».

За дзень выпякаюць каля 3 тысяч смажанак

Усё жыццё віруе на выездзе ў бок Магілёва — каля мясцовага аўтавакзала, побач з якім знаходзіцца тая самая «Смажанка».

Установа пад такой шыльдай з'явілася тут яшчэ ў канцы 1980-х на месцы павільёна «Турыст». Доўгі час гэта была звычайная забягалаўка ля аўтастанцыі, але са сваёй разыначкай — той самай смажанкай. Чуткі пра яе распаўсюджваліся разам з пасажырамі і дальнабойнікамі, якія заходзілі сюды падсілкавацца. Але па-сапраўднаму знакамітай яна стала ў апошнія пяць гадоў дзякуючы сацсеткам, у якіх пастаянна расказвалі пра кіраўскі фастфуд. Так дзеля мясцовага спэцыялітэту ў Кіраўск, дзе па вялікім рахунку не так шмат іншых славутасцяў, сталі заязджаць турысты, у тым ліку іншаземцы.

За дзень у райцэнтры выпякаюць каля 3 тыс. смажанак. У 2022 годзе рэгіянальныя ўлады нават вырашылі ўсталяваць у Кіраўску помнік гастранамічнаму брэнду, але пакуль ідэю не ажыццявілі.

Заходзячы ў кавярню, журналісты адразу ж натыкаюцца на чаргу. Пакуль адныя чакаюць сваіх духмяных кругляшоў, іншыя пад гукі расійскай папсы ўжо паглынаюць іх убаку. Хтосьці дадаткова замовіў гарбаты, а іншы ўжо ўзяў сабе чаго мацнейшага.

Прадавец працуе бадзёра, паспяваючы і разлічваць, і энергічна фасаваць замовы ў цэлафан. Літаральна за дзве хвіліны журналісты апынаюцца каля прылаўка, і перад імі з'яўляюцца падносы, літаральна заваленыя гарачай і тлустай выпечкай.

Ад разнастайнасці крыху падвісаеш: тут табе смажанка і з крэветкамі, і з мацарэлай, і з шампіньёнамі, і нават з кальмарамі. Выбар амаль як у фешэнэбельнай сталічнай шаурмічнай.

Асаблівы каларыт меню надаюць назвы на англійскай. Пры жаданні іншаземец можа ўзяць смажанку with chicken cream або with cottage cheese.

Нядоўга думаючы, журналіст бярэ штук з шэсць і ідзе тэставаць на невялікую тэрасу. Вонкава смажанка выглядае не надта. Адчуванне такое, быццам на булачку проста плюхнулі мяса, сыр і маянэз — і вось атрымаўся прадукт, названы лакальным брэндам. Але чорт з гэтай эстэтыкай, калі разгуляўся апетыт!

Смажанкі рэальна аказаліся сакавітымі, і парачкі хапіла, каб сытна перакусіць. З улікам іх тлустасці і каларыйнасці больш не хацелася, і астатнія вырашылі зберагчы на потым.

«За раз магу з'есці восем штук»

Чым жа так добрая гэтая смажанка, журналісты вырашылі даведацца ў іншых пакупнікоў. Ля выхаду затрымалі Аляксандра з пакетамі, запоўненымі булкамі. Аказалася, што ён з Магілёва і дзеля іх проста так пракаціўся ў Кіраўск. На хвілінку: гэта 180 кіламетраў туды і назад.

«Я бываю тут рэдка, але сёння нешта вельмі захацелася, вось і прыехаў па іх, — кажа мужчына. — У чым поспех смажанак? Ды не ведаю. Нейкія яны тут сакавітыя».

Неўзабаве з'явіўся яшчэ адзін наведвальнік. Мікалай таксама з Магілёва, і ён таксама па магчымасці тармозіць у Кіраўску ў закусачнай.

— Усё жыццё сюды заязджаю, — расказвае мужчына ў светлым худзі. — Згодны з тым, хто казаў, што смажанка з мясным фаршам — самая смачная. Будзь мая воля, я б наогул адкрыў сетку такіх закусачных па ўсёй краіне. І не разумею, чаму гэтага не зрабілі дагэтуль. Гэта ж так па-беларуску.

— У Мінск «Смажанку» таксама варта запускаць? — удакладняюць у Мікалая.

— Ды не, там спецыфіка іншая. Гэта ўсё ж такі больш фармат перакусу: ехаў, спыніўся, падмацаваўся і паехаў далей.

Самым красамоўным спікерам аказаўся Саша, які прыехаў за смажнямі разам з сябрам з Бабруйска (гэта 25 кіламетраў ад Кіраўска). Мужчына расказаў, што паспрабаваў кіраўскую смажанку яшчэ ў дзяцінстве, і спыніцца, мяркуючы з усяго, не можа дагэтуль.

— Іх любяць усе. Калі разыграецца апетыт, за раз магу з'есці штук з восем. Чым жа яна такая добрая? Сакавітая і заўсёды свежая. Калі ўвечары няма чаго рабіць, можам сабрацца і прыехаць сюды.

— Дык у вас жа ў Бабруйску адкрылі свой філіял кіраўскай «Смажанкі».

— Так, але гэта ўсё адно не тое, тут яна лепшая. Вы паспрабуйце, параўнайце і тады зразумееце.

— Побач з гэтай кавярняй прадаюць шаурму. Яна і здаравейшая…

— Глупства. Смажанка вартая таго, каб яе пакаштаваць.

«Мясцовыя ўжо пераелі — смажанкі купляюць у асноўным прыезджыя»

Тую самую шаурму гатуюць у фуд-траку метраў за дваццаць ад «Смажанкі». Людзей каля яго было значна менш, чым у кавярні.

На «дабрыдзень» з акенца выглянула дзяўчына, якая прадставілася Насцяй. Перш за ўсё пацікавіліся, як купляюць шаурму на фоне смажанага «заводзіка», але замест яе адказаў мужчына, які стаяў побач:

— Будуць купляць тады, калі «Смажанкі» не стане.

— Ды бяруць шаурму, — кажа Насця. — Проста камусьці падабаецца шаурма, а камусьці — смажанка.

— А самі за смажанкай ходзіце?

— Заходзім, — сказала дзяўчына і схавалася ў глыбіні фуд-трака.

Яшчэ адзін пункт са стрытфудам знаходзіцца на супрацьлеглым баку дарогі. У невялікім вагончыку пад шыльдай Ana гатуюць бургеры, піцу і сэндвічы. Каштуюць яны, вядома, даражэй, чым смажні, але, як тлумачаць уладальнікі ўстановы Аляксандра і Настасся, зайсці ў Кіраўск з прадуктам, які тут раней не прапаноўвалі, было іх марай.

Яны ўспамінаюць, што смажанка была ў Кіраўску заўсёды. З-за адсутнасці добрай альтэрнатывы гэтая кавярня стала вельмі папулярным месцам: сюды прыходзілі бацькі з дзецьмі, ладзілі дні нараджэння, бралі смажанкі ў дарогу і на сустрэчы з сябрамі.

— Але калі ў двух словах, то кіраўцы смажанак ужо наеліся, — лічыць Аляксандр. — Моладзі хочацца пакаштаваць іншага, і мясцовыя часта ездзяць паспытаць нешта новае ў той жа Бабруйск. Заходзім туды раз у пару месяцаў. Смажанка — гэта больш для праезджых. Нават іншаземцы, бачачы адзнаку ў «Яндэксе», спыняюцца яе паспытаць. Гэта наш мясцовы брэнд, яго ўсюды ведаюць.

Сам будынак кавярні адрамантавалі, але печ пакінулі старую, і ў гэтым, на мой погляд, увесь цымес смажанкі».

А што гавораць інтэрнэт-юзеры

«Чакаю з нецярпеннем камандзіровак у гэты бок. Бяру заўсёды амаль усіх відаў па дзве-тры штукі. Сытныя, смачныя, дома гатаваць нічога не трэба» («Яндэкс»).

«Смажанка зусім не тая, што была раней. Перасмажаны алей, смак толькі ў гарачай ёсць. Калі халодная, вельмі нясмачна. Раней было нашмат лепш» (Google).

«Самае папулярнае месца ў Кіраўску, туды ўсе едуць па смажанкі. У каго са страўнікам усё добра, таму праўда вельмі смачна, але ў мяне на тлустую ежу страўнік рэагуе не вельмі, таму мне не падыходзіць. Але я ведаю смак. Праўда, вельмі-вельмі смачна!» («Яндэкс»).

«Вельмі прыгожая летняя веранда, страшна спадабалася на ёй сядзець! У самой установе вялікі выбар смажанак, але купіць можна было толькі дзве на выбар. Пашанцавала стаць у чаргу да таго, як прыехаў аўтобус з людзьмі, давялося б стаяць нашмат даўжэй» (Google).

«Сапраўды, цеста пышнае і смачнае, начынкі розныя. Чарга заўсёды! Але абслугоўваюць хутка. Усяго асартыменту смажанак ня злавіць фізічна. Некалькі печаў адначасова выпякаюць некалькі смакаў, іх адразу гарачыя і распрадаюць, загружаючы наступныя смакавыя спалучэнні — ад звычайнай мясной да крэветкі з сырам» (Google).

«Найлепшыя смажанкі ў Беларусі. Месца стала ўжо, без сумневу, культавым. Ёсць свой местачковы вайб, смачна і прыемна» («Яндэкс»).

«З кожным годам усё горш і горш. Купілі смажанкі з мясным фаршам. Вельмі нясмачныя, замест сыру на фаршы тварог ці сырны прадукт. Салодкі прысмак. Адно расчараванне. Больш няма жадання ездзіць у Кіраўск па такія смажанкі» (Google).

«Самае атмасфернае месца, якое перажыло ўсе перыпетыі дзевяностых. Смак, нязменны ўжо трыццаць гадоў. Прыклад таго, як можна развівацца і не адставаць ад рынку, будучы невялікай кавярняй каля дарогі. Кожнаму беларусу раю зазірнуць сюды хоць бы раз, каб паспрабаваць легендарную кіраўскую смажанку» (Google).

«Людзі з аўтобусаў беглі, каб купіць смажанку»

Фанатаў смажанкі журналісты бачылі, за што яе любяць таксама зразумелі, але вось у чым яе галоўная разыначка і адкуль узяўся яе рэцэпт, так і не пачулі. Пошук сапраўднага знаўцы прывёў да Ніны Жыдковай — адной з першых кухарак, якія выпякалі легендарны кіраўскі фастфуд.

— Пра гэтую смажанку трэба казку пісаць, — прысаджваючыся на лаўку каля свайго дома, усміхаецца Ніна Васільеўна. Для большай пераканаўчасці яна захапіла з сабой працоўную кніжку.

У ёй пазначана, што ў красавіку 1988 года Ніну Жыдкову з мясцовага вучылішча перавялі працаваць кухарам у кавярню «Смажанка».

— На месцы цяперашняй кавярні раней была забягалаўка «Турыст». Калісьці там разлівалі піва, але потым забаранілі і пачалі прадаваць цукеркі, печыва, ліманад. Ну а потым — у сакавіку 1988-га — адкрылі «Смажанку». Першыя тыдні тут працавалі іншыя кухары, аднак потым запрасілі мяне. Цеста я хоць ніколі да гэтага не мясіла, але дзяўчынкай была пісьменнай і хутка навучылася. Так і стала працаваць. Прадавалі мы, дарэчы, не толькі смажанкі, але і хатнія каўбасы, гатавалі шашлыкі. Першага толькі не было, — успамінае Ніна Жыдкова. — У выніку я прапрацавала тут вельмі доўга. З грамадскага харчавання на пенсію пайшла ў 2006 годзе.

Першая смажанка была з яйкам і каштавала 22 капейкі.

Адкуль з'явіўся рэцэпт смажанкі, жанчына не памятае. Нейкі час з гатаваннем эксперыментавалі, але пазней спыніліся на наступнай кампаноўцы: сыр, мясны фарш, цыбуля, маянэз, булка (цеста змазвалася таматнай падліўкай). Як тлумачыць Ніна Васільеўна, гэты варыянт вельмі падобны на сучасную страву.

Гэта цяпер кавярня выглядае прэзентабельна, а ў першыя гады атмасфера тут была не вельмі. Па словах Ніны Васільеўны, у кафэ не было каналізацыі (ваду даводзілася насіць з вуліцы ў вёдрах), посуд мылі ў тазіку, ацяпленне працавала дрэнна.

— Калі здараліся 30-градусныя маразы, усё, што замярзае, мы насілі ў іншы будынак і часова пакідалі там, — дадае жанчына.

Нягледзячы на гэта, «Смажанка» каціравалася, асабліва ў прыезджых. За дзень выпякалі пад тысячу сытных булачак.

— Смажанка ўжо даўно стала папулярнай, — сцвярджае кухарка. — Дзе ні казала, што я з Кіраўска, усюды ўспаміналі пра нашу страву. Што казаць, калі ўсе аўтобусы ішлі за смажанкай. У той час мы закрываліся а дзявятай гадзіне вечара, і прыкладна ў гэты час прыходзіў аўтобус «Горкі — Глуск». Як гэтыя бедныя пасажыры спяшаліся да нас, каб купіць смажанку, трэба было бачыць! Ну і студэнтаў таксама ўспомню — іх таксама было вельмі шмат. Ты ж дзве смажанкі з'ясі — і сытым будзеш.

— Дык а ў чым поспех гэтай смажанкі?

— Ну, па-першае, наша смажанка адрозніваецца ад тых, што пяклі ў іншых гарадах — нейкая яна ў іх атрымлівалася сухая. А па-другое, многае залежыць ад самога месца. Кавярня стаіць на ажыўленай дарозе, і дзякуючы гэтаму людзі даведваліся пра смажанку. Ну, і яна цёпленькая — чаму б не з'есці пад гарбату ці каву.

Ніна Васільеўна кажа, што прыгатаваць смажанку можна і дома (у інтэрнэце нават апублікавалі пакрокавыя рэцэпты), але яна ўсё роўна перакананая, што нічога ўцямнага з гэтай задумы не выйдзе.

— Ведаеце, цяпер дэталі закладкі распаўсюджваць забаронена, гэта таямніца. Але калісьці даўным-даўно я падзялілася рэцэптам з дзяўчатамі. Дык вось, хто б яе дома ні пёк, нічога не атрымлівалася. Нават я пякла, і такімі, як у нашай кавярні, яны ў мяне не выходзілі. Для гатавання патрэбна электрашафа, і ў нашых духоўках нічога не атрымлівалася. Самая смачная атрымліваецца менавіта ў кавярні, — кажа кухарка.

На развітанне Ніна Васільеўна дала важную параду: каштаваць смажанку трэба адразу пасля куплі, пакуль не астыне. Па словах кухаркі, самая сакавітая і смачная яна як толькі спечаная.

Хто ведае, магчыма, гэта і ёсць адзін з ключыкаў да разгадкі смаку кіраўскай смажанкі.

Каментары12

  • Віталь
    11.04.2024
    смажЕнка.... Божухна...
  • Панна
    11.04.2024
    Якія ж яны падобныя, адно да аднаго, ўсе гэтыя кіраўскі, лепелі, бягомлі, смілавічы, шаркаўшчыны, смургоні, узды, стоўпцы, барысавы, мар'іныгоркі, дзяржынскі, красныя, высокія, ашмяны, ваўкавыскі..і т.д. Смажанку, канечне ж, трэба раскручваць, і ў Менск яе цягнуць трэба, а то паўсюль шаўрма гэтая сабачая, сушы, пельмені, беляшы ды чэбурэкі з рознымі чыкенхаўзамі ды бургеркінгамі. А я памятаю, некалі, каля кіно "Масква" была ўстанова з беларускамоўнай назваю, ці то "Хуткае харчаваньне", ці то "Хутка, смачна". Там былі беларускія стравы прапаноўваліся, і смажанка была ў рэпертуары, і дранікі, і нейкія тварожныя мячыкі, яечня, мачанка, калдуны, бабка, нават смажаная квашанай капуста(!) была,.. ды іншае. Яна не пуставала, ніколі. Даўно ўжо зьнікла, бо беларускаму ня места ў сталіцы, едзьце ў Кіраўск, там яшчэ засталося тое-сёе...
  • Bom
    11.04.2024
     расейская провинция. смотреть противно.  

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

У расійскім Тальяці 13-гадовая дзяўчынка зарэзала малалетніх сясцёр17

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх58

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord5

Вальфовіч расказаў пра новую ідэю прызыву з запасу12

Тэйлар Свіфт узначаліла рэйтынг самых багатых жанчын-музыкантаў

МНС папярэдзіў пра туман

Журналіст: Трамп, пакінуўшы Белы дом, размаўляў некалькі разоў з Пуціным5

Былы ўдзельнік ад Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» адкрыў у Канадзе танцавальную студыю6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →