У Лепельскім раёне на вайсковых зборах медыкаў памёр ваеннаабавязаны, піша «Еўрарадыё». Паводле крыніцы выдання, у яго адарваўся тромб.
Каб пацвердзіць гэтую інфармацыю, карэспандэнт «Еўрарадыё» патэлефанаваў у некалькі вайсковых камісарыятаў у Віцебскай вобласці.
У Лепельскім і Аршанскім камісарыятах адказалі, што не «валодаюць такой інфармацыяй і не абавязаныя яе распаўсюджваць».
Але ў Віцебскім абласным ваенкамаце супрацоўніца пацвердзіла смерць ваеннаабавязанага медыка. Яна панаракала, што гэтая сітуацыя «нарабіла вельмі шмат шуму», а па больш падрабязную інфармацыю параіла звярнуцца да выканаўцы абавязкаў начальніка ваенкамата.
Ён, у сваю чаргу, таксама не адмаўляў факту смерці прызыўніка і расказаў, што «ёсць чалавек, які займаецца гэтымі пытаннямі [смерцю], і будзе лепш пагаварыць з ім».
У беларускім войску 11 сакавіка 2024 года пачалася праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і вайсковых часцей. Як паведамляла прэс-служба Мінабароны, у ходзе праверкі запланаванае перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, а таксама прызыў ваеннаабавязаных з запасу.
Каментары