«За адзін месяц зарабіў 70 тысяч долараў». Былы махляр расказаў пра зладзейскія схемы і пра тое, хто на іх трапляецца
Андрэю (імя зменена дзеля бяспекі героя) 22 гады. Некалькі гадоў таму ён выпадкова трапіў у свет крыміналу, пасля чаго хлопец пару месяцаў «адмываў» скрадзеныя ў пенсіянераў грошы. CityDog.io пагаварыў пра схемы, якімі карыстаюцца ашуканцы, і даведаўся, чаму ў Беларусі так часта ўчыняюць крадзяжы.
Як Андрэй трапіў у гэты бізнэс?
— Звычайна ў крымінальны свет трапляюць альбо па знаёмстве, альбо праз інтэрнэт. У мяне быў першы варыянт. На той момант я займаўся гандлем крыптавалютай. Нічога незаконнага: мне кідалі рублі ці валюту, а я выводзіў іх у крыпту. У адзін дзень сума была занадта вялікай. Здаецца, там было каля 10 тысяч долараў, якія кліент хацеў з гатоўкі вывесці ў крыптакоіны.
Сума вялікая, і мы дамовіліся сустрэцца асабіста ў Мінску. У моманце ўсё прайшло добра, хлопец мяне ніяк не збянтэжыў. Падвоху ў яго грошах не было. У самым канцы ён прапанаваў супрацу. Сказаў, што будзе перыядычна прывозіць мне гатоўку, а я буду гэтак жа яе выводзіць у інтэрнэт. За гэта ён абяцаў працэнт ад прывезенай сумы.
Грошы мне былі патрэбныя, таму я без асаблівых разважанняў пагадзіўся. Так я тры месяцы дапамагаў «адмываць» скрадзеныя грошы.
Пра схемы ашуканцаў: «Самае простае — вымагаць грошы ў сацсетках праз прапановы сэксу»
— Працоўных схем махлярства да вар’яцтва шмат. Гэта і славутыя фінансавыя піраміды — яны, дарэчы, распаўсюджаныя да гэтага часу. Праўда, з часоў дзевяностых і нулявых яны крыху мадыфікаваліся. Пры гэтым яны ўзнікаюць літаральна ўвесь час. Людзі ўкладаюць у кампаніі грошы, а праз нейкі час усё разбураецца.
Самы прымітыўны метад махлярства — вымагальніцтва праз старонкі сацсетак. Мой прыяцель так выманьваў сродкі ў хлопцаў: ствараў фэйкавы акаўнт дзяўчыны, потым па ўсялякіх групах і чатах шукаў мужчын, гатовых на сэкс за грошы. Ахвяры праз некаторы час пасля перапіскі дамаўляліся на сустрэчу, пасля чаго мой сябар прасіў перадаплату.
Часам тых, хто скідаў грошы, мой сябар пачынаў раскручваць далей: дасылаў злітыя нюдсы выпадковых дзяўчын, якія да гэтага знайшоў у інтэрнэце. Многія пасля гэтага разумелі, што іх «разводзяць», і зліваліся з перапіскі. Аднак былі і тыя, хто працягваў скідаць рублі.
Гады з два таму расцэнкі на сустрэчу былі каля 100 рублёў. Перадаплата — 50 рублёў. Цяпер цэны відавочна вышэйшыя. З 60 людзей на такую вуду звычайна вяліся 3-4 чалавекі. Па такой схеме прыбытку ў месяц выходзіла каля 1000 долараў.
Самы ж папулярны метад махлярства — так званыя «чорныя» кол-цэнтры. Сутнасць іх у тым, што жулікі абтэлефаноўваюць людзей, у асноўным пенсіянераў, гавораць тым, што іх сваякі ў закладніках ці нешта падобнае, і просяць грошы за выкуп. Затым да іх дадому прыязджаюць кур’еры, забіраюць гатоўку ў старых і адвозяць чалавеку, які потым пераводзіць грошы ў крыпту і адпраўляе іх босу.
У Беларусі, як і ва ўсіх краінах СНД, махлярства развіваецца суперхутка і паспяхова. У нас людзі жывуць небагата. Ім хочацца вырвацца з беднасці любым спосабам, і многія не баяцца запэцкаць рукі. Жаданне пажывіцца мацнейшае за страх трапіць за краты ці сапсаваць сабе рэпутацыю.
Пра тое, як знутры выглядае праца ашуканцам: «Кіруюць беларускімі кур’ерамі звычайна хлопцы з Расіі, Украіны і Польшчы»
— Калі працягваць размову пра вымагальніцтва грошай у старых, то ў ёй ёсць некалькі звёнаў. Існуе каардынатар — чалавек, які кіруе ўсёй схемай, адсочвае кантакты і набірае людзей. Як правіла, у Беларусі працуюць украінцы, расіяне ці палякі. Яны сядзяць у сваёй краіне і аддалена кантралююць усё, што адбываецца ў Мінску. Беларускай міліцыі іх немагчыма злавіць, калі яны знаходзяцца пад юрысдыкцыяй іншай дзяржавы. Гэтай шчылінай актыўна карыстаюцца.
Яшчэ адныя ўдзельнікі махінацый — кур’еры. Яны ездзяць па кватэрах, збіраюць грошы, а затым адвозяць іх для далейшага пераводу ў крыпту. Кар’ера ў іх доўжыцца нядоўга: часта кур’еры паспяваюць зганяць літаральна на 3-4 справы, а пасля іх ловяць сілавікі. Вылічыць іх няцяжка: дастаткова адсачыць званкі па тэлефонных аператарах.
Кур’ерамі, як правіла, становяцца маладыя хлопцы гадоў 14—25. Ім патрэбныя лёгкія грошы, напружвацца на працы яны не хочуць. Таму і ідуць у крымінал.
Вярбуюць (думаю, гэта слова добра сюды падыдзе) іх праз сацсеткі. Кіраўнікі ўкідаюць у адкрытыя чаты з вялікай колькасцю людзей нешта накшталт: «Шукаем людзей для падпрацоўкі. Частковая занятасць і вялікая аплата адразу на рукі». Яны ўжо адразу разумеюць, што гэта будзе звязана з нелегалам, але гэта нікога не спыняе.
Ёсць яшчэ чалавек, які займаецца пераводам грошай з гатоўкі ў крыпту. Якраз на гэтай пазіцыі я і знаходзіўся. Тут нічога складанага: чакаеш перадачу і робіш канверсаванне.
Пра тое, як паводзілі сябе ахвяры: «Часта старыя плакалі, глядзець на гэта было складана, некаторыя кур’еры не вытрымлівалі і сыходзілі без «здабычы»
— Мне расказвалі, што большасць старых у моманце рэагуюць па-рознаму: хтосьці пачынае плакаць, хтосьці стаіць у ступары. Пенсіянеры звычайна не задаюць лішніх пытанняў кур’еру: аддаюць грошы — і ўсё. Чамусьці ім дастаткова пераканаўчай размовы па тэлефоне.
Адзін кур’ер неяк дзяліўся, што прыехаў на замову да дзядулі. А той у істэрыцы сустракае яго: плача, словы падабраць не можа, трымае ў руках усе ашчаджанні і глядзіць на кур’ера. Хлопец так і не здолеў забраць у яго грошы, з’ехаў ні з чым. Стала занадта шкада старога.
Яшчэ ад знаёмага чуў, што неяк адзін дзед выклікаў міліцыю пасля званка махляра. Хлопец прыехаў забраць гатоўку, а на месцы яго ўжо чакаў нарад. Думаю, гэта не адзінкавы выпадак.
Але гэта тое, што я ведаю. Звычайна праца кур’ераў прадугледжвае ананімнасць, таму гісторыі пра тое, што і як там адбываецца на месцы, астатнія ўдзельнікі даведваюцца альбо праз трэціх асоб, альбо выпадкова.
Пра пачуцці: «Віны не было, таму што я да канца не разумеў, што адбываецца»
— Шчыра кажучы, я так да канца і не разумеў, чым займаюся. Быў упэўнены, што раблю незаконныя рэчы, але што канкрэтна, я не ведаў. Думаў, магчыма, гэта звязана з наркотыкамі ці адмываннем бізнэсменамі грошай. Глыбей уцягвацца ў гэта не хацелася: пакуль мяне не паглыблялі ў дэталі, я нібыта быў чысты.
Лёгкіх грошай хацелася нашмат больш, чым сядзець і разбірацца ў дэталях. Хоць сапраўды я нават не ведаю, ці стаў бы я адмаўляцца ад прапановы, калі б з самага пачатку ведаў усе нюансы гэтай працы. Магчыма, усё роўна пагадзіўся б. У мяне было такое асяроддзе, якое апраўдвала падман.
Ужо потым, калі мяне затрымалі, адзін з маіх босаў расказаў, што адбывалася. Падзяліўся аповедам і пра схемы, і пра бабуль са слязьмі на вачах. Канешне, мяне гэта кранула, але шокам не стала.
Людзі займаюцца крыміналам па простай прычыне: ім патрэбныя грошы. Беларусь — дастаткова бедная краіна. Хочацца жыць добра, дазваляць сабе дарагія куплі і ежу. Для гэтага патрэбныя сродкі. А дзе іх узяць, калі стандартны заробак па краіне каля 1000 рублёў? Я таму трапіў у свет крадзяжу і махлярства. Знаёмыя аказаліся там па такой жа прычыне.
Што цяпер з Андрэем?
— Акрамя пераводу грошай я перыядычна займаўся яшчэ крадзяжом з крамаў. Падчас адной з такіх вылазак мяне і злавілі. Мяне пасадзілі на некалькі сутак, а потым выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Я вырашыў не чакаць тэрміну і з’ехаў з краіны.
Напэўна, толькі пасля таго, як я з’ехаў з Беларусі, у мяне расплюшчыліся вочы на ўсё маё жыццё. Стала балюча за бацькоў, якіх я падманваў доўгі час. Канешне, я не дзяліўся, чым зарабляю на жыццё. Неяк за месяц па схеме з пенсіянерамі я зарабіў каля 70 тысяч долараў. Замоў у той перыяд было так шмат, што мае працэнты былі вялізнымі. Маме з татам, вядома, пра гэту суму я так і не расказаў.
Цяпер я жыву ў адной з еўрапейскіх краін. Тут не трэба рызыкаваць сваім жыццём, каб дазваляць сабе прыстойную якасць жыцця. Калі б у Беларусі ў той момант былі такія ж магчымасці, то і ў крымінал я б не пайшоў.
Досвед махлярства цяпер дапамагае мне не трапляцца на схемы разводу, але я б не хацеў праходзіць праз усё гэта зноў. Нядаўна ўбачыў у навінах, што ўсіх чальцоў маёй групоўкі пасадзілі. Іх злавілі яшчэ прыкладна год таму, а прысуд вынеслі літаральна нядаўна: кожнаму прысудзілі ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Каб пашырыць свае веды пра гэты цёмны свет, я б раіў паглядзець казахскі серыял «Ашуканцы». Думаю, яго можна ўключыць нават бабулям і дзядулям, каб яны разумелі, як працуюць гэтыя схемы і як не весціся на падман.
Я б хацеў пазнаёміцца з крыміналам праз экран тэлевізара, без поўнага паглыблення ў яго. Але мінулага не вернеш. Цяпер я працую толькі на легальных пазіцыях і не збіраюся зноў нікуды ўлазіць.
Каментары
Ваша карточка в сбербанке заблокирована Я не пользуюсь карточкой сбербанка А какой ? Сынок ты жэ служба безопасности посмотри..??
Отбивал соседку от рейдеров Я бы Вам не коппейки не заплатил но соседка хочет погасить долг сына .От Вас сначало снятие с электронной базы...Мы можем звонить Вам?? Я идиот чтоб Вы мне мозги компасировали ?)) Смеюсь.Это телефон соседки куда Вы звонили...Вопрос решыли процэнты сняли отменили)) ..Немного из реальной жызни