Каханне і сэкс44

«Маці хлопца доўга пісала мне ў сацсетках з пытаннем, што ж мне не спадабалася». Тры гісторыі пра спатканні і бацькоў

Часам бацькі не толькі арганізуюць спатканні, але і хочуць кантраляваць увесь працэс. Што пры гэтым адчуваюць ужо даволі дарослыя дзеці? Дзіўныя гісторыі запісала «Наша Ніва».

«Я не прыдумаў нічога лепшага, як незаўважна штурхнуць айчыма нагой і гучна сказаць: «Мужчына! Вы, здаецца, збіраецеся сыходзіць?»

Сцяпан сцвярджае, што ў 25 год у яго атрымалася выйсці з-пад мамінага кантролю, але толькі таму, што ён з’ехаў у Расію і быў вымушаны вучыцца жыць самастойна. Кажа, інакш не ведае, чым бы ўсё скончылася.

— Мой айчым на 10 гадоў маладзейшы за маю маму. Мне цяпер здаецца, што яна нас абодвух выхоўвала як сваіх сыноў — толькі айчыму дасталася роля старэйшага. Напрыклад, яго абавязкам было рассцілаць мне ложак — нават калі я ўжо вучыўся ва ўніверсітэце. Бо для маці я заставаўся маленькім хлопчыкам, якога трэба заўсёды кантраляваць. Часам мяне гэта раз’юшвала, але мне здавалася, што так прыкладна ва ўсіх сем’ях.

У школьныя часы маці не дазваляла мне сустракацца з дзяўчынкамі. Казала, што ўсе яны мараць зацягнуць мяне ў ложак, каб зацяжарыць і хуценька выскачыць замуж.

На першым курсе ўніверсітэта яна ўсё ж дазволіла мне паспрабаваць пачаць адносіны. Нават сама стала настойваць, што трэба каго-небудзь запрасіць на спатканне. Доўга глядзела на фоты маіх аднагрупніц у сацыяльных сетках.

Смешна згадваць, а тады мне хацелася ўжо як мага хутчэй схадзіць хоць куды-небудзь з дзяўчынай. І вось мама вырашыла, што спатканне павінна адбыцца ў вельмі модным месцы. Яна патэлефанавала туды, але высветлілася, што столік забраніраваць нельга. Мама пачала панікаваць, што калі я з дзяўчынай прыйду, а месцаў вольных не будзе, то гэта катастрофа. Але яна хутка прыдумала рашэнне. Сказала, што айчым пойдзе ў гэта кафэ за гадзіну да нас і зойме столік, а калі мы прыйдзем, то саступіць нам месца.

Ён сапраўды сядзеў ды сумна піў там каву, і, мусіць, пра нешта задумаўся, калі мы прыйшлі, і не заўважыў нас. І вось максімальна дзіўная сітуацыя: месцаў вольных няма, айчым ва ўпор мяне не бачыць, дзяўчына прапануе пайсці кудысьці яшчэ. Я не прыдумаў нічога лепшага, як незаўважна штурхнуць яго нагой і гучна сказаць:

«Мужчына! Вы, здаецца, збіраецеся сыходзіць?». Ён ускочыў і сказаў: «Так, канешне». І ўцёк. Пасля яшчэ стаяў і з вуліцы глядзеў на нас у вітрыну. Я думаў, што згару ад сораму. А дзяўчына вырашыла, што гэта нейкі гарадскі вар'ят. Пасля гэтага я зразумеў, што з сям'ёй яе сапраўды ніколі не змагу пазнаёміць.

«Пасля спаткання маці хлопца доўга пісала мне ў сацсетках з пытаннем, што ж мне не спадабалася»

Алеся згадвае сваё самае незвычайнае спатканне ці то як камедыю, ці то як фільм жахаў.

— Я вучылася ў Мінску, але на канікулы паехала дадому. І вось літаральна праз некалькі дзён мне піша аднагрупнік, на якога я нават не звяртала ўвагі. Кажа, што вельмі сумуе і хоча мяне пабачыць.

Я, шчыра кажучы, была ў шоку — мы не вельмі камунікавалі ва ўніверсітэце. З чаго раптам такая ўвага?

Ён хацеў прыехаць у мой горад і папіць разам кавы. Мне ўсё гэта здавалася вельмі дзіўным, але сяброўка пераканала паспрабаваць. Казала: «Чаму не, у цябе ж усё роўна няма хлопца цяпер. Папі каву, гэта цябе ні да чаго не абавязвае. Тым больш, што ён сам гатовы прыехаць».

І вось сядзім мы ў кафэ, п'ём каву, і я ў нейкі момант заўважаю, што на нас вельмі ўважліва глядзіць жанчына за суседнім столікам. Мяне гэта вельмі збянтэжыла. Я нават пачала думаць, што са мной нешта не так: можа, я выпэцкалася і не заўважыла? Інакш навошта мяне разглядаць?

Я не вытрымала і сказала хлопцу, што за намі назіраюць і мне гэта вельмі непрыемна. Ён спачатку пачырванеў, а потым прызнаўся, што гэта яго маці. Яна не дазволіла яму ехаць аднаму — баялася, што нешта здарыцца. І плюс хацела паглядзець на мяне.

Натуральна, пасля гэтага спаткання я напісала хлопцу, што ў нас нічога не атрымаецца. А ягоная маці потым пісала мне ў сацсетках з пытаннем, што ж мне не спадабалася. Я яе заблакавала.

«Я напісала хлопцу з Турцыі, што прылячу разам з татам»

Інга дзеліцца сваёй гісторыяй:

— У інтэрнэце я пазнаёмілася з хлопцам з Турцыі. Ён вельмі запрашаў мяне ў госці. Але ж бацькі хваляваліся і не хацелі мяне адпускаць адну ў іншую краіну. У выніку вырашылі, што са мной паляціць бацька.

Хлопец пагадзіўся на такі варыянт. Тыдзень у Стамбуле выглядаў вельмі дзіўна. Мы ўсюды гулялі ўтраіх: я, хлопец і тата. Здаецца, толькі тата адчуваў сябе камфортна і размаўляў увесь час.

У выніку мы вярнуліся дадому, я напісала хлопцу, што мы даляцелі — і на гэтым нашы адносіны неяк і скончыліся. Ён мне не пісаў, ды і ў мяне жадання не было.

А тата быў вельмі задаволены, што атрымаў незапланаваны адпачынак. Кажа, што даўно марыў паглядзець Стамбул.

Каментары4

  • Пурупупупу
    13.03.2024
    Напэўна, цяжка быць маці хлопчыка і захаваць адэкватнасць((
  • Шчыра
    13.03.2024
    Шчыра рада за тату з апошняй гісторыі))
  • Сонейка
    14.03.2024
    Са мной у школе хацеў хадзіць на спатканні хлопец, якому ў 10 класе бабуля партфель збірала, а ён потым нават не ведаў, якія сшыткі там ёсць))

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →