«Я прасіў журналіста БТ: не выходзьце на мітынг у пятніцу, выходзьце ў нядзелю, і мы зможам узяць пад кантроль тэлебачанне» — Латушка
У жніўні 2020 года на акцыі пратэсту выходзілі прадстаўнікі розных арганізацый. Пад сценамі Белтэлерадыёкампаніі людзі сабраліся 15 жніўня. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка расказаў пра адну размову напярэдадні гэтай акцыі.
«Многія кажуць: трэба было абавязкова ўзяць пад кантроль дзяржаўнае тэлебачанне. Я памятаю размову, калі я званіў аднаму з журналістаў Белтэлерадыёкампаніі і прасіў:
«Не выходзьце ў пятніцу, не выходзьце ў суботу, не пачынайце звальняцца ў пятніцу-суботу — зрабіце гэта ў нядзелю». Мы памятаем, што тады на масавыя акцыі выходзілі, як правіла, па нядзелях. «І вось у нядзелю мы прыйдзем вялікім мітынгам і зможам вас падтрымаць і ўзяць пад кантроль тэлебачанне»,
— падзяліўся Павел Латушка.
Ён згадаў Ксенію Луцкіну, былую супрацоўніцу БТ, якая цяпер за кратамі (у Ксеніі анкалогія, але суд, нягледзячы на гэта, даў ёй 8 гадоў калоніі).
«Мы абавязаны змагацца за іх свабоду», — сказаў Латушка пра ўсіх палітзняволеных жанчын.
Каментары