Меркаванні11

«Гэта не пра пакаранне, а пра запужванне». Навошта патрэбны дамоклаў меч экстрэмізму?

Абапіраючыся на статыстычныя звесткі, сацыёлаг Генадзь Коршунаў ў Цэнтры новых ідэй аналізуе, як у сучасных беларускіх умовах функцыянуе такі неад'емны складнік дзяржаўных рэпрэсій, як Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Толькі што завяршыўся фарс са смажанкамі, самадзейнасцю на пустых участках і датэрміновым галасаваннем, яўка на якім у два разы перавысіла паказнік асноўнага дня «недавыбараў». Пасля гэтай спецыяльнай сацыяльна-палітычнай аперацыі краіна цяпер вяртаецца на стацыянарную арбіту з усімі спадарожнымі атрыбутамі.

Так, напрыклад, дзяўчыну затрымалі за відэа з выбарчага ўчастка, вулічнага музыку — за тое, што насуперак усяму граў «Разбуры турмы муры»… Першай «шыюць» перасылку відэа экстрэмісцкаму рэсурсу, другому — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Краіна экстрэмістаў — яна такая, экстрэмізм за кожным кустом. Пасля 2020 года і асабліва пасля 2021-га гэтым ужо нікога не здзівіш, бо ў Беларусі амаль усе маюць датычнасць да экстрэмізму, нават калі яны самі пра гэта і не здагадваюцца.

Такое магчыма праз тое, што экстрэмізм стаў новай нормай беларускага жыцця. Дакладней — абвінавачванні ў ім, бо атрымаць прысуд за тую ці іншую датычнасць да экстрэмізму сёння можна ў два мігі. Рэжым у Беларусі настолькі вольна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае і контртэрарыстычнае заканадаўства, што патрапіць пад пераслед па канкрэтным артыкуле можа фактычна кожны.

Возьмем, напрыклад, самы непрадказальны варыянт — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», за які ў Беларусі прадугледжаная пакуль толькі адміністратыўная адказнасць (штраф ці арышт на суткі).

Варыянт непрадказальны, бо пасля 2020 года колькасць экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі расце амаль па экспаненце. Сам спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўняецца некалькі разоў на месяц, і, зразумела, ніхто рэгулярна не адсочвае яго актуалізацыю, каб адпісацца ад адпаведных рэсурсаў.

Ды і простая адпіска ад «экстрэмісцкіх матэрыялаў» не звальняе ад пагрозы пераследу. Адказнасць за распаўсюд інфармацыі з крыніц, унесеных у спіс экстрэмісцкіх, мае зваротную сілу без абмежаванняў паводле тэрміну даўніны. Гэта значыць, што ў 2024 годзе чалавек можа стаць, да прыкладу, экстрэмістам праз лайк, пастаўлены ў 2020 годзе, ці праз перапост, зроблены, скажам, у 2009-м.

Пазбавіцца ўсіх сувязяў (падпісак, лайкаў, перапостаў і г. д.) з тым, што беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі, наўрад ці магчыма.

На другую палову лютага 2024 года ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўжо 920 рэсурсаў. Абсалютная большасць з іх — 847 — з’явіліся пасля 2020 года. Гэта вынік больш за 2100 судовых паседжанняў ад пачатку 2021-га да лютага 2024-га, цягам якіх экстрэмісцкімі было прызнана амаль 4000 тэлеграм-каналаў і чатаў, старонак у сацыяльных сетках, музычных кампазіцый і сайтаў у інтэрнэце.

Дарэчы, на графіках бачна, што першы ўсплёск «барацьбы з экстрэмізмам» адбыўся не пасля 2020 года ў Беларусі, а пасля падзей 2014 года ва Украіне. Канешне, маштабы непараўнальныя, але відавочна, што пакрысе механіка адпрацоўвалася яшчэ тады.

Такім чынам, цяпер у спісе больш за 4700 крыніц. І што з гэтым рабіць, калі чалавек жыве ў Беларусі ці час ад часу перакрочвае беларускую мяжу?

Адказ непасрэдна на гэтае пытанне лепш пакінуць спецыялістам, тым больш што варыянты ёсць — ад партызанскага «Тэлеграма» да перыядычных чыстак тэлефона. Аднак увагі патрабуе наступнае:

— па-першае, падаецца малаверагодным, што рознага кшталту правяральнікі трымаюць у галаве амаль 5 тысяч пазіцый экстрэмісцкага спісу.

Яны, хутчэй, могуць рэагаваць на ключавыя словы тыпу: «…для жыцця», «…за перамены», «97%», «Лука», «прафсаюз», «пратэст» і нават проста «Беларусь». Прынамсі да такіх высноў можна прыйсці, аналізуючы тое, што суды адносяць да экстрэмісцкіх матэрыялаў;

— па-другое, нават самі судовыя службоўцы не вельмі ўважліва адсочваюць тое, што трапляе ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, напрыклад, ад калег з іншых абласцей. У выніку адная і тая ж крыніца, тэлеграм-чат ці інстаграм-старонка могуць некалькі разоў трапляць у «экстрэмісты».

Цікава, што калі да 2018-2019 гадоў работы па ўпарадкаванні спісу праводзіліся (гэта бачна ў пераносах інфармацыі аб розных судовых пасяджэннях у адну ячэйку побач з адпаведным «экстрэмісцкім матэрыялам»), то цяпер суды проста «гоняць вал», не зважаючы ні на што, у тым ліку і на парадак;

— па-трэцяе, вось гэтая ўстаноўка «гнаць вал» стварае сітуацыю, калі важна не тое, што ўключана ў спіс, а колькі. Трэба ўразіць памерамі і маштабамі, то-бок прымусіць людзей думаць, што патэнцыйна экстрэмісцкае — усё; што лепей адпісацца ад усяго старога і не падпісвацца на нішто новае. А раптам яно ўжо экстрэмісцкае? Ці хутка стане такім?

У выніку можна казаць, што ў Беларусі барацьба з экстрэмізмам — прынамсі, у варыянце спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў — гэта, хутчэй, не пра пакаранне, а пра запужванне.

Каментары1

  • ..
    28.02.2024
    і нават проста «Беларусь»
    😯

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак28

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі назвалі вуліцу ў гонар дэсанта, які праваліў сваю аперацыю8

«Мір дзякуючы сіле магчымы!» Зяленскі ў Парыжы сустрэўся з Трампам і Макронам11

«Гэта, магчыма, найлепшае, што можа з імі здарыцца». Трамп пракаментаваў крах расійскай палітыкі ў Сірыі16

«Панікі няма. Ворагі хлусяць». Як асадаўская прапаганда рэагуе на перспектыву падзення ўласнага рэжыму ў Сірыі1

Паўстанцы ў Сірыі ўзялі Пальміру, штурмуюць Хомс, увайшлі ў Дамаск. Дзе Асад — невядома17

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным37

Наступленнем паўстанцаў у Сірыі кіруе Абу Махамед аль-Джулані. Хто ён такі і чаму яго лічаць прагрэсіўным джыхадзістам?7

Вядомы IT-інвестар патлумачыў, чаму ў Польшчы няма свайго EPAM і чым крутыя Мікада і Мельнічак6

«Толькі бізнэс, нічога палітычнага». Еўрапейскія бізнэсмены прыглядаюцца да падсанкцыйнай Беларусі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак28

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Галоўнае
Усе навіны →