Гамяльчук пракаціўся з дзяржсцягам, каб падняць патрыятызм. У выніку застаўся без BMW і абвінаваціў ва ўсім Польшчу
Паездка двух чорных аўтамабіляў з чырвона-зялёнымі сцягамі па вуліцах Гомеля атрымала свой працяг. Гісторыю пераказаў «Флагшток».
Жыхар Гомеля Арцём Карпенка з сябрамі зладзіў гонкі на чорных BMW з чырвона-зялёнымі сцягамі 27 чэрвеня. Відавочцы тады казалі, што ДАІ не адрэагавала на сітуацыю. Аднак гісторыя атрымала працяг.
Карпенка ў тыктоку расказаў аб праблемах, якія ў яго ўзніклі праз жаданне «падняць патрыятызм і дух» і пракаціцца з дзяржсцягамі.
Усё пачалося з паездкі з сябрамі на шашлыкі. Акрамя шашлыкоў, у гандлёвым цэнтры сябры купілі чырвона-зялёныя сцягі і вырашылі пакатацца з імі па горадзе. Падчас паездкі хлопцы высоўваліся з люка са сцягам.
«Вырашылі паказаць свой лёгкі патрыятызм, як падняць дух людзей, як падняць настрой… Узбадзёрыцца, прыцягнуць увагу», — так расказаў Арцём пра сваю матывацыю.
Ужо праз паўгадзіны, па словах Арцёма, да іх пад'ехаў экіпаж ДПС і стаў выпісваць штрафы: за таніроўку, за тое, што высоўваліся падчас руху, не ўключалі паваротнікі. Штрафы ён назваў «лаяльнымі».
Відэа распаўсюдзілася ў сеціве, яго апублікавалі незалежныя СМІ. Пасля гэтага Карпенку і ягоных сяброў выклікалі ў ДАІ. Хлопцаў аштрафавалі зноў. Арцём не ўдакладніў, па якіх артыкулах.
3 ліпеня Арцёма затрымалі. У цэнтры горада ягоны BMW выхапіў з патоку інспектар ДПС. Гамельчука пасадзілі ў міліцэйскае аўто, інспектар патэлефанаваў начальніку.
«Я яго злавіў», — сказаў інспектар.
«Пасля гэтага ён стаў шукаць, да чаго «дакалупацца». У машыне было сямігадовае дзіця без спецыяльнага ўтрымліваючага прыстасавання, і машына была затаніраваная».
Неўзабаве пад'ехала машына са старэйшымі міліцыянтамі. Яны пачалі дагляд, адчынілі ўсе дзверы і капот. Даішнікі сказалі Арцёму, што цяпер яны едуць на штрафстаянку.
«Мне пачынаюць усе штрафы выпісваць, мабілу канфіскуюць, кажуць, калі не аплаціш штрафы, мабіла пойдзе ў рахунак дзяржавы…»
Пасля аплаты штрафу Арцём даведаўся, што не зможа забраць аўтамабіль са штрафстаянкі — два ці тры дні будзе праводзіцца экспертыза VIN кода.
Пасля гэтага Арцёма выклікалі ў РАУС.
«Магчымасць перабіцця VIN кода», — паведаміў міліцыянт у РАУС.
Арцём упэўнены, што ўсе ягоныя праблемы праз каментатараў у сацыяльных сетках.
«Вынік — з-за беларускага сцяга, я езджу па ДАІ, РАУС, мая машына стаіць на штрафстаянцы, б**ть, гэта проста смешна. Вырашыў падняць патрыятызм, дух. Але калі я быў таніраваны, людзі падумалі, што мне ўсё можна. Праз тое, што засунуў беларускі сцяг, мне ўжо ўсе законы не пісаныя…» — падзяліўся эмоцыямі Арцём.
Арцём упэўнены, што за каментатарамі стаяць варожыя сілы з-за мяжы:
«Я за Беларусь, я за нашага Лукашэнку, а ўсе каментатары з Польшчы».
Каментары