Грамадства1616

«Кадэбіст у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»

У красавіку 2022-га Алеся Буневіч, дырэктарка віленскай крамы А2.print, прыехала ў Беларусь. Яна мусіла выратаваць людзей ад пераследу, але сама аказалася ў кіпцюрах сілавікоў, дзе зазнала катаванні ўдушэннем, сустрэла Ціханоўскага і перапісала ад рукі «Зялёную мілю». «Наша Ніва» выслухала гісторыю Алесі.

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»

«Усе здзіўляюцца чалавечай актыўнасці ў 2020-м, а мы гэта праходзілі ў 2010-м»

Алеся родам з Маладзечна. Дзяўчына зацікавілася палітыкай яшчэ ў старэйшых класах школы — у 2006-м, падчас тагачаснай Плошчы, але тады сачыла за падзеямі анлайн.

Яе першы вялікі мітынг адбыўся на Дзяды ў 2007-м. Тады ж дзяўчына паступіла на гістфак БДУ, дзе само асяроддзе спрыяла развіццю беларушчыны. На прэзідэнцкіх выбарах-2010 Алеся была ў камандзе кандыдата Андрэя Саннікава, і пра той досвед яна кажа з захапленнем:

«Была класная каманда, мы шчыра верылі, што наш кандыдат насамрэч можа перамагчы. Усе здзіўляюцца чалавечай актыўнасці ў 2020-м, а я не здзіўляюся, бо мы гэта праходзілі ў 2010-м, калі неверагодная колькасць людзей ставіла подпісы за Саннікава. Калі мы прыязджалі ў Стоўбцы ці Дзяржынск і хадзілі па кватэрах па подпісы, былі адзінкавыя выпадкі, калі людзі не пакідалі подпіс.

Плошча-2010? Канечне, я нават ёсць у фільме БТ («Плошча. Жалезам па шклу». — «НН»), бо ў мяне быў стракаты капялюшык, цяжка было яго не заўважыць. Мы з сяброўкамі былі каля прыступак Дому ўраду, бачылі правакацыю з біццём шкла і тое, як пратэстоўцы далучыліся да яе. Мы трохі атрымалі дубінкамі, бо былі ў першых шэрагах. І першы раз сутыкнуліся з тым, як хлопцы ўцякаюць і не звяртаюць увагу, што перад імі дзяўчаты, яны проста адштурхоўвалі і распіхвалі нас, а мы разумелі, што ззаду падбіраюцца з дубінкамі. Мы мелі з сабой аптэчкі, давялося аднаму хлопцу ў натоўпе бінтаваць галаву». 

Тады Алеся з сяброўкамі здолела збегчы ад сілавікоў, а ў наступныя дні назірала за адміністрацыйнымі судамі, стаяла ў чэргах з перадачамі на Акрэсціна. У 2011-м дзяўчына выходзіла на маўклівыя акцыі ў Мінску і Маладзечне — тады яе ў першы раз затрымалі, усё абышлося папярэджаннем.

У 2011-м Алеся сустрэла будучага мужа, актывіста Алега Мяцеліцу, у іх нарадзіўся сын Кастусь, але ж цікаўнасці да актывізму яна не страціла.

«У мяне быў балончык з фарбай, і таму мне пагражалі, што ўсе графіці ў Маладзечне будуць мае»

Неўзабаве пасля выбараў-2020 Мяцеліца з’ехаў у Літву, Алеся з сынам засталіся ў Беларусі. У лютым 2021-га яе з групкай іншых лыжнікаў затрымалі ў лесе пад Маладзечнам. Яна згадвае, што гэта мусіла быць падзея «для сваіх», з гарбатай і пачастункамі, і некаторыя з яе ўдзельнікаў мелі пры сабе нацыянальную сімволіку.

«Праз 10 хвілін пасля таго, як мы прыехалі, нас затрымалі. Мы стаялі ўнізе пад гарой, і з гары ішоў чорны натоўп сілавікоў — гэта было жудасна. Паспела толькі сказаць па тэлефоне, што заўтра мяне не будзе на працы — я працавала ў турыстычным агенцтве.

Праседзела 2-3 сутак да суда, і мне прысудзілі 25 базавых. У мяне быў балончык з фарбай, я хацела на снезе намаляваць сэрцайка. І мне пагражалі, што праз гэта ўсе графіці ў Маладзечне будуць «мае». Давялося сплаціць гэты штраф, бо трэба было з’язджаць у Вільню», — расказвае Алеся.

У маі 2021-га яна пабралася ў Літве шлюбам з Алегам Мяцеліцай. Першы час у эміграцыі быў складаны, згадвае Алеся, яна шмат сумавала па Радзіме. А праз некалькі месяцаў разам са знаёмай пачала распрацоўваць свой бізнэс — краму вырабаў з нацыянальнай сімволікай «А2.print»:

«Спачатку мы пачалі рабіць для сябе міленькія бірулькі і іншыя дробязі з арнаментамі, бо было абсталяванне. А потым вырашылі паспрабаваць гэта рабіць масава, тым больш што ў Вільні з’яўлялася ўсё больш беларусаў, я адчувала гэта і па школе сына, і па колькасці людзей на акцыях ля амбасады, таму мы пабачылі патэнцыйны попыт. Першая маленькая крамка з’явілася ў нас у лютым 2022-га ў віленскім спальніку, цяпер мы працуем у цэнтры.

Алеся ў сваёй краме. Фота: «Наша Ніва»

Калі пачалася вайна, стала патрэбна сябе ідэнтыфікаваць — маўляў, мы не падтрымліваем тое, што адбываецца з боку Расіі. На сваім аўто я заляпіла чырвона-зялёны сцяг бел-чырвона-белым, і мы зразумелі, што на гэтыя налепкі шалёны попыт. Мы адпраўлялі іх па ўсёй Еўропе, былі замовы нават у Канаду. З’явіліся магніты і налепкі на аўто, цішоткі — калі людзі пачалі такім цікавіцца, мы сталі пашыраць асартымент».

«Чалавек у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»

У красавіку 2022-га Алеся прыехала ў Беларусь. Прычын было некалькі — прайшоў год са смерці маці, трэба было вырашыць пытанні па машыне. Але, прызнаецца дзяўчына, яна мела і іншую мэту:

«Я ехала і таму, што мусіла глядзець месца для людзей, якія пераходзяць мяжу. Гэта былі абстрактныя людзі, трэба было рабіць нешта накшталт выведкі. А потым вырашылі, што можна кагосьці і пераправіць. Здавалася, што можа пайсці не так? Я проста страхую людзей, я была ў памежнай зоне, але нічога не парушала. Але КДБ вырашылі правесці сваю аперацыю».

Алеся мяркуе, што яе затрыманне можа быць звязанае з самімі «рэйкавымі партызанамі», з тым, што яны пайшлі на супрацоўніцтва з КДБ і ад іх імя ажыццяўлялася спецаперацыя сілавікоў. Дзяўчына падкрэслівае, што не мае да партызанаў ніякіх прэтэнзій.

Яе затрымалі ў памежнай зоне Гродзенскай вобласці, проста на дарозе:

«Паспела напісаць мужу, што адбываецца нешта дзіўнае. Праехала адна машына, другая, потым машына развярнулася і пакружыла, другая машына вярнулася, і сілавікі з другой мяне затрымалі. Хлопцы ў той машыне запыталі дарогу, я падумала, што гэта хутчэй за ўсё тыя самыя, хто мне трэба. Пачала ім нешта казаць, яны выскачылі і схапілі мяне.

Схапілі, пасадзілі паміж сабой у машыну, пачалі трошкі біць па рэбрах і пагражаць нажом, каб дала паролі ад тэлефона. Я тады не разумела, хто гэта, але ў нейкі момант пачала ўсведамляць, што я ў цэнтры нейкай аперацыі. Яны зразумелі, што маё затрыманне ў нейкім сэнсе сарвала ім планы, яны не змаглі дамагчыся сваіх мэтаў і зняць патрэбную карцінку — здаецца, ім трэба былі кадры з літоўскімі памежнікамі».

Алесю прывезлі на паляну ў лесе, зладзілі вочную стаўку з іншым затрыманым. А потым пачаўся допыт, і дзяўчына прызнаецца, што гэтыя ўспаміны шмат часу не давалі ёй спакойна жыць:

«Мяне ў жыцці ніколі не білі, а тут збівалі так, што незразумела было, як так можна. Там былі ўдары электрашокерам, кропкавае збіццё па рэбрах і нагах, і самае складанае і жорсткае: чалавек у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, то душыў, пакуль не страчу прытомнасць.

Гэта паўтаралася некалькі разоў, і ў нейкі момант я падумала, што гэтая паляна стане апошнім месцам, дзе мяне бачылі жывой, і ніхто нават не даведаецца, дзе мяне закапалі. Ад мяне патрабавалі звесткі, якія я не ведала: пыталіся, «дзе іншыя тэрарысты», «хто яшчэ ў вашай бандзе». Якой бандзе? Вы што, п’яныя?»

Далей Алесю прывезлі ў гродзенскі КДБ на «размову» без адваката, дзяўчына прабыла там недзе да трох гадзін ночы. На наступны дзень быў 8-гадзінны допыт, а потым допыт на мясцовасці — тое, што кадры з яго выкарысталі ў прапагандысцкім фільме на БТ, для Алесі было сюрпрызам.

У тым фільме яе на ўсю краіну абвесцілі тэрарысткай. Алеся адмовілася даваць прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай каментар для фільма, і тая лёгка гэта прыняла, але сілавікі проста наклалі свой каментар на кадры з яе допыту на мясцовасці.

«Для мяне галоўнае — што маё сумленне чыстае. Праз мяне ніхто не сеў, я нікога не падставіла, усё, што я мусіла казаць у межах следчых дзеянняў, нікому не нашкодзіла, бо тыя людзі, пра каго я казала, знаходзяцца за мяжой. Таксама за год да гэтых падзей выйшаў класны фільм «Скрыня Пандоры», і я пераказала ім усё тое ж, што было ў тым фільме», — разважае дзяўчына.

«Ціханоўскі не апускае рукі, дык чаму я мушу?»

Спачатку Алеся праходзіла па справе бабруйскіх «рэйкавых партызан», якую вёў магілёўскі КДБ, таму яе павезлі ў магілёўскі ІЧУ. Яна прызнаецца: не ўяўляла, што праз два гады пасля выбараў можа быць такое стаўленне да палітзняволеных.

«Ноччу маглі па пяць разоў будзіць, ты мусіш падбегчы да кармушкі і даць рапарт — хто ты і па якім артыкуле абвінавачваешся. Мне да канца не выставілі абвінавачванне, але я мусіла казаць, што ў мяне артыкул — тэрарызм. Былі бясконцыя голыя шмоны. Мяне затрымалі падчас менструацыі, і гэта быў асобны здзек — не давалі гігіенічных сродкаў, нават паперу. У нейкі момант сказала, што не буду з імі размаўляць, пакуль яны не прадаставяць усё, што мне трэба.

Мяне спачатку дапытвалі ў КДБ. Цябе прывозяць у светлы прыгожанькі будынак з класным рамонтам, на кожным паверсе там бюст Фелікса Эдмундавіча, ты ходзіш у нармальную прыбіральню. А потым цябе вяртаюць у ІЧУ, і там да цябе проста як да жывёлы ставяцца, і гэта маладыя дзяўчаты. Цябе распранаюць, даглядаюць са знявагай, штурхаюць», — успамінае яна.

Алеся расказвае, што яе шантажавалі бяспекай сына, прапаноўвалі падпісаць дазвол на вываз сына з Літвы — маўляў, тады ёй дадуць да суда хатні арышт і зменшаць тэрмін. Спрабавалі выманіць з Літвы яе мужа.

Пыталіся таксама пра тое, ці звязаная Алеся з «Байполам». Але ж прадстаўнікі «Байпола» публічна казалі, што не ведаюць дзяўчыну, і гэта, мяркуе яна, магло ёй дапамагчы. У СІЗА яна, каб бавіць час, перапісала ад рукі «Зялёную мілю», а таксама збірала «народны фальклор» — песні, якія спявалі іншыя зняволеныя, турэмныя вершы.

Артыкул Алесі ў выніку перакваліфікавалі — яна мяркуе, што гэта можа быць звязана з пазіцыяй «Байпола». Замест абвінавачвання ў тэрарызме яна атрымала абвінавачванне ў наўмысным незаконным перасячэнні дзяржмяжы, а гэта азначае нашмат меншы тэрмін. А саму дзяўчыну перавезлі ў гродзенскую турму №1 — у Гродне вялі яе справу і прысудзілі ёй 3,5 года зняволення, якія пасля амністыі ператварыліся ў 2,5 года. Яна ўспрыняла гэта як нешта фантастычнае.

У этапе на Гродна Алеся ехала разам з Сяргеем Ціханоўскім:

«Я праходзіла міма яго ў прыбіральню. Мусіла нешта яму сказаць, і не знайшла нічога лепшага, як «Прывітанне ад экстрэмістаў Маладзечна!». Проста дурніца, як можна было такое ляпнуць?! Вяртаюся, і ён запытвае, па якой я справе праходжу. А я яшчэ не адвыкла ад свайго артыкула па тэрарызме, дык і кажу яму, такая дзяўчынка ў акулярчыках і з коскамі — тэрарызм! 

Ён быў схуднелы, змарнелы тварам, меў зямлісты колер твару. Каб не голас і размова пра грошы за канапай, я б яго, напэўна, не пазнала. Гэта быў дзень яго народзінаў, 18 жніўня, яго этапавалі ў крытую турму ў Жодзіна. Для мяне гэтая сустрэча была класным знакам, што ўсё будзе добра. Сяргей вельмі баявы, хаця і глядзець на яго было балюча, але ўнутраная моц адчувалася ў размове з канваірамі, якую я трохі чула. Ён не апускае рукі, дык чаму я мушу?»

@nashaniva «Быў схуднелы і змарнелы». Што з Ціханоўскім у турме? #беларусь #беларусьсейчас #лукашенко #тихановский #минск #нашаніва #тихановская ♬ Crime Scene - Avery Alexander

«Бачыш, як у вачах людзей згасае надзея на датэрміновае вызваленне»

Гродзенскую турму Алеся згадвае як месца з жудаснымі ўмовамі. Гэта будынак старога кляштара, камеры — маленькія келлі з невысокай столлю памерам недзе 2,1 на 2,3 метра. Амаль паўсюль у камерах падлога са старых дошак, у якіх хто толькі не жыве.

Дзяўчына пераступіла парог жаночай калоніі 15 лютага 2023-га. Першай, каго яна там пабачыла, была журналістка Кацярына Андрэева, і Алеся зноў успрыняла гэта як добры знак. Зняволеныя абмяняліся ўсмешкамі, дзяўчына згадвае, што Кацярына была вельмі схуднелай.

У калоніі Алеся правяла больш за год і вызвалілася 3 мая 2024 года. Яна старалася як мага менш кантактаваць з адміністрацыяй і супрацоўнікамі, ні пра што не прасіць і не ўступаць у канфлікты.

Алеся кажа, што па стане на сакавік у гомельскай калоніі было каля 140 палітзняволеных. Сярод іх усё больш жанчын з вялікімі тэрмінамі:

«Чым бліжэй да канца твой тэрмін, тым больш ты радуешся, што зараз гэта скончыцца, але надзея на датэрміновае вызваленне для цябе разбіваецца. Ты бачыш, як яна згасае ў вачах людзей, якія там застаюцца. Восенню выйдзе апошняя хваля тых, хто атрымаў невялікія тэрміны, і застануцца так званыя «дальнабоі», у якіх тэрміны ад шасці год. Толькі ад глабальных зменаў залежыць, калі ў іх скончыцца тэрмін, бо верыць у тое, што кожная з іх дасядзіць, проста страшна. Такіх шмат, і я баюся, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца.

Апошнім часам заязджалі дзяўчаты за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, гэта ад шасці гадоў. Я два гады ледзь вытрымала, а такія тэрміны — гэта не ўкладваецца ў галаве. Ты робіш добрую справу, адпраўляеш данаты на дапамогу, і потым за гэта сядзіш. У нейкім сэнсе гэта накіравана на тое, каб той, хто данаціў, пачаў ненавідзець людзей, якім ён дапамагаў, бо праз гэта ён сядзіць».

Дзяўчына згадвае, што ёй казалі — маўляў, выйдзеш і ўсё забудзеш. Але яна ўпэўненая, што такі досвед яна мусіць памятаць.

Алеся ўспамінае першы момант, калі яна адчула, што знаходзіцца на волі. Гэта было праз некалькі дзён пасля вызвалення, у маі, у родным Маладзечне:

«Гадзіне аб 11-й вечара я выйшла на вуліцу папаліць, звычка засталася з калоніі. То-бок я выйшла паліць аб 11-й! Можна выйсці ў халаце, на небе зоркі і на іх можна глядзець, я магу прайсціся па двары — за двор мне нельга, бо з 10 гадзін вечара я мушу быць дома па ўмовах прэвентыўнага нагляду».

Каб рашыцца на эміграцыю, Алесі спатрэбілася больш за месяц. Узмацнілі ўмовы нагляду, стала вядома, што дзяўчынай зноў цікавяцца, і тады яна звярнулася ў «Байсол» па эвакуацыю, бо праз нагляд не магла з’ехаць іншым шляхам. Беларуска выказвае падзяку «Байсолу» за эвакуацыю — яна была складанай. І падсумоўвае сваю гісторыю:

«Тыдзень у Вільні я ўпершыню нармальна сплю, адчуваю сябе ў бяспецы і насалоджваюся тым, што жыццё працягваецца. Толькі тут, калі я прыехала ў Літву, абняла мужа і сына, убачыла сяброў і трапіла на працу, я зразумела, што тая частка гісторыі для мяне сапраўды скончылася. Цяпер, а не тады, калі я пераступіла парог калоніі і выйшла на волю, бо тады гэтага адчування не было».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • КС
    02.07.2024
    Кароль Дуда Двухразовы, Выходит так что одним можно незаконно переходить границу, другим нельзя.
  • КС
    02.07.2024
    Каааааак можно было вернуться в Беларусь знаючи что садят всех? Это сверх героизм или сверх тупизм? Вы меня извините но героизма я здесь не вижу.
  • С.S. 1.5
    02.07.2024
    КС, да, тем кому есть угроза жизни-безопасности можно, для тех, кому Польша-Литва первая безопасная страна можно.

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў5

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд1

У Гарадку за экстрэмізм асудзілі музыку, якога не аднойчы прызнавалі найлепшым работнікам культуры Прыдзвіння

Цемнаскуры акцёр Паапа Эсіеду можа сыграць Северуса Снэйпа ў новым «Гары Потэры»1

Пенсіянера з Астравецкага раёна аштрафавалі на 2000 рублёў. Магчыма, за колер альтанкі ў двары

Spotify апублікаваў штогадовы рэйтынг самых папулярных артыстаў года4

У Румыніі будуць судзіць замежніка, які планаваў дыверсіі па ўказанні Расіі

«ЗША павінны адмовіцца ад змены рэжыму ў Беларусі». Амерыканскі эксперт — пра «мягкую перазагрузку» адносін з Беларуссю42

Жыхару Наваполацка выставілі абвінавачванне ў тэрактах на БАМе1

Тарыфы на таксі сталі меншыя: што кажуць кіроўцы і чаго чакаць далей1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў5

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Галоўнае
Усе навіны →