На блогера Алеся Сабалеўскага завялі крымінальную справу за супрацоўніцтва з 6TV Bielarus
У чацвер 22 лютага канал сілавікоў апублікаваў відэа з Алесем Сабалеўскім. На відэа яго прымусілі сказаць, што з 2017 года ён «зʼяўляўся ўдзельнікам экстрэмісцкага фарміравання 6tv.by», а «дзейнасць абʼяднання заключалася ў дэстабілізацыі грамадскага ладу».
Па словах Сабалеўскага, ён вёў для выдання стрымы і рэпартажы з акцый пратэсту.
Алеся Сабалеўскага затрымалі 12 снежня 2023 года і асудзілі на 10 сутак. Што стала падставай — невядома. Пасля сутак блогер не выйшаў на волю, яго перавялі ў следчы ізалятар турмы №4 ў Магілёве.
5 снежня 6TV Bielarus быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
Таксама сілавікі апублікавалі сёння відэа з магілёўскім фатографам Сяргеем Барысавым, які супрацоўнічаў з 6TV Bielarus. На відэа яго паказвалі на здзеклівым фоне застаўкі праграмы «Давай пажэнімся». Ён папрасіў прабачэння за інтэрвʼю «экстрэмісцкаму» медыя. Аўтары канала напісалі, што «пасля афармлення працэсуальных дзеянняў актывіст застаўся на волі». Ці так гэта, невядома.
Каментары