У Адміністрацыі прэзідэнта ЗША пракаментавалі, што кадравыя рашэнні ва ўкраінскім войску прымаюць украінскія ўлады.
«Урад ЗША не павінен так ці інакш ўмешвацца ў гэтае пытанне. Таму мы трымаемся ў баку ад гэтых кадравых рашэнняў», — сказаў у інтэрв'ю CBS дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.
Прымаць кадравыя рашэнні — права Кіева і прэзідэнта Украіны, адзначыў ён. Па словах Салівана, ЗША далі зразумець Зяленскаму, што не збіраюцца ўдзельнічаць у гэтым рашэнні — звальняць ці не Залужнага.
Раней The Washington Post пісаў, што ўкраінскія ўлады праінфармавалі адміністрацыю ЗША аб рашэнні звольніць Залужнага. Прадстаўнікі Белага дома не падтрымалі і не запярэчылі гэтаму, заявіўшы, што гэта суверэнны выбар прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
«Зяленскі яшчэ не выдаў афіцыйнага ўказу, які абвяшчае пра адстаўку Залужнага, і невядома, калі гэта можа адбыцца. Папярэдняе паведамленне Вашынгтону адлюстроўвае ўплывовую ролю ЗША як самага магутнага вайсковага і палітычнага заступніка Украіны. Ранняе папярэджанне таксама дало Беламу дому магчымасць пераканаць Зяленскага перагледзець ключавое рашэнне, нават нягледзячы на тое, што ён вырашыў не рабіць гэтага», — гаворылася ў артыкуле.
Каментары