Тайвань павялічыў штрафы за незаконны экспарт у Беларусь больш чым у 15 разоў
Зараз мясцовым кампаніям, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў абыход санкцый, пагражае штраф да 140 тысяч даляраў.
Гандлёвае ўпраўленне Мінэканомікі Тайваня робіць больш строгім пакаранне за незаконны экспарт у Расію і Беларусь. Памер штрафу павялічваецца больш чым у 15 разоў, паведамляе Reform.by са спасылкай на прэс-службу тайваньскага Міністэрства.
Зараз мясцовым кампаніям, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў абыход санкцый, пагражае штраф сумай блізу 140 тысяч даляраў.
Мінэканомікі Тайваня таксама папрасіла вытворцаў разарваць сувязі і пацвердзіць забарону на экспарт высокатэхналагічных тавараў у Расію і Беларусь, нагадаўшы пра патрабаванне дэклараваць канчатковага пакупніка пры продажы тавараў праз рызыкоўныя трэція краіны, куды аднесены Турцыя, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, краіны Цэнтральнай Азіі і інш.
Улады Тайваня падкрэсліваюць, што міжнародная рэпутацыя тайваньскіх бізнэсоўцаў мае вырашальнае значэнне для будучых глабальных продажаў і павінна быць абаронена гульцамі галіны.
Падставай для заявы ўладаў стала ўнясенне расійскай кампаніі iMachine у санкцыйны спіс у адказ на публікацыі ў СМІ, дзе сцвярджалася, што расійскі вытворца зброі выкарыстаў метад перавалкі ў трэцюю краіну для пераабсталявання тайваньскіх станкоў для нарошчвання вайсковай вытворчасці.
Тайвань з 25 студзеня пашырыў абмежаванні на экспарт у Беларусь і Расію. Пералік пашырыўся з улікам дзеянняў ЕС і ЗША. Пад новыя абмежаванні трапілі тэхналогіі для вытворчасці паўправаднікоў, некаторыя віды хімічных рэчываў і медыкаментаў.
Каментары