Вайна33

«Мне прасцей, што я ніколі не верыла ў цуд». Беларуска з палка Каліноўскага расказала пра франтавыя будні, каханне на вайне і сапраўдную радасць

Яны пазнаёміліся падчас беларускіх пратэстаў, закахаліся, нягледзячы на рэпрэсіі і ганенні, а пасля разам паехалі абараняць Украіну. «Салідарнасць» расказала пра герояў Рэмарка нашага часу.

— У мяне ва Украіне няма сваякоў і да 2022 года не было сяброў і знаёмых. Я наогул там была толькі адзін раз праездам, Па дарозе ў аэрапорт, — кажа Таццяна Іванова.

Ужо паўтара года, як Украіна стала для яе і домам, і працай, і лёсам. Таццяна «Зара» — парамедык палка Каліноўскага.

Каб трапіць у полк, аднаго жадання было мала, прызналася беларуска. Для гэтага ёй спатрэбілася паўгода беспаспяховых спробаў, упартасць і пратэкцыя земляка Кірыла «Тора» Іванова. Ён змагаецца на фронце практычна з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Калі дзяўчыну ўзялі ў вучэбку, маладыя людзі пажаніліся. Іх гісторыя кахання — абсалютна рэмаркаўская, з адной папраўкай — героі ў ёй не зборныя і не выдуманыя. Яны пазнаёміліся падчас беларускіх пратэстаў, разам перажылі рэпрэсіі і ганенні, разам збеглі з краіны і марылі пабудаваць новае жыццё. Цяпер іх жыццё — гэта вайна.

Таццяна расказала «Салідарнасці» пра каханне і боль, гераізм і здраднікаў-сепаратыстаў, франтавыя будні і сапраўдную радасць.

«Патэлефанавалі на працу, сказалі, што мяне пытаюць паліцыянты, і ў мяне здарылася сапраўдная істэрыка»

— У 2020 годзе я разам з валанцёрамі дапамагала, чым магла, нашым хлопцам у сябе ў Пінску. Мы насілі перадачы тым, хто аказваўся на сутках, падтрымлівалі іх родных.

Плакат на пратэсце ў Пінску. Жнівень 2020 года

Вядома, выходзілі на акцыі. Я заўсёды прыходзіла адной з першых, Кірыл быў у ліку актывістаў. Так выйшла, што мне давялося звярнуцца да яго па адным арганізацыйным пытанні, пасля гэтага мы сталі перапісвацца.

— Пратэсты адбіралі шмат сілаў. Людзям было не да асабістага жыцця. Як вы зразумелі, што гэта менавіта ваш чалавек?

— Калі адчула сябе з ім у бяспецы нават у такіх умовах. Ды і падзеі не дазвалялі нам забыцца адзін пра аднаго. Кірыла некалькі разоў затрымлівалі. Я заўсёды хадзіла на суды, потым насіла перадачы, спрабавала рознымі хітрымі спосабамі перадаваць навіны. Самой мне пашанцавала, у мяне былі толькі ператрусы, затрымаць, мабыць, не паспелі.

Рашэнне з'ехаць прынялі разам, таму што зразумелі, што больш нічога не зможам зрабіць. Расчаравала тое, колькім людзям было ўсё адно ў той час, калі мы адчайна спрабавалі нешта змяніць. У нейкі момант адчула, што не магу спакойна ні выходзіць з дому, ні знаходзіцца ў ім. Да мяне ўвесь час прыходзілі то КДБ, то крымінальны вышук. Кірыла працягвалі затрымліваць, часам адпускалі са штрафам. Было відавочна, што пераслед не спыніцца і будзе толькі горш, урэшце, яго пасадзяць.

Увосень 2021 года мы з'ехалі ў Польшчу і сталі працаваць там на складзе. Жыццё больш-менш наладжвалася, хоць флэшбэкі нашых падзей пераследавалі мяне яшчэ доўга. Памятаю, як зняла кватэру і пераехала з хостэла, а паведамленне пра змену адрасу ў міграцыйную службу не паспела дайсці своечасова.

Паліцыя прыйшла ў хостэл праверыць, дзе я жыву. Мне патэлефанавалі на працу, сказалі, што мяне пытаюць паліцыянты, і ў мяне здарылася сапраўдная істэрыка. Хоць я ведала, што знаходжуся не ў Беларусі, што нічога не зрабіла і нават не бачыла тых паліцыянтаў, але мяне проста трэсла ад адной згадкі пра іх. Палякі і ўкраінцы, якія гэта ўбачылі, былі ўражаныя і вельмі мне спачувалі.

— Вы сказалі, што ва Украіне да 2022 года не былі і вас з гэтай краінай нічога не звязвала.

— Так і ёсць. Аднак я ведала пра іх сітуацыю, усё разумела, вельмі перажывала за ўкраінцаў і радавалася таму, як яны адстойвалі сваю самастойнасць.

У той дзень, калі пачалося ўварванне, мы былі на працы. Навіны чыталі ўсе, але нават калегі-ўкраінцы спачатку не паверылі. А потым яны сталі тэлефанаваць родным і распавядалі нам, як тыя сядзяць у падвалах, як баяцца выбухаў.

Кірыл у першыя ж дні сказаў, што трэба нешта рабіць, трэба туды ехаць. Я, вядома, сабралася ехаць з ім. Даведаліся, што ў Беларускім доме набіраюць добраахвотнікаў, адразу адправілі запыты. Адказ яшчэ не прыйшоў, але Кірыл не мог спакойна чакаць, паехаў у Варшаву, пасяліўся там у хостэле, спадзяваўся, што так будзе хутчэй. І ў пачатку сакавіка ён ужо быў ва Украіне.

— Вы не спрабавалі яго спыніць? Ён жа і так нацярпеўся ў Беларусі, у яго таксама ва Украіне нікога не было.

— Я спрабавала паехаць з ім. Мы абодва лічылі, што ўкраінцы, хай і незнаёмыя, але для нас, беларусаў, родныя. У іх здарылася вялікае гора. Таму парыў дапамагчы быў абсалютна натуральным. Да таго ж мы разумелі, што цяпер ад гэтага залежыць жыццё не толькі Украіны, але і Беларусі, а, значыць, і наша, і нашых блізкіх. Тое, што з Беларусі паляцелі ракеты і пайшлі войскі, было жудасна, але нас не здзівіла.

— Вас тады не ўзялі ў батальён, вы маглі застацца ў Польшчы і чакаць Кірыла.

— Аказалася, што не магу. Было невыносна: страшна за яго, крыўдна ад таго, што засталася адна. Я проста плакала кожны дзень, не магла ні працаваць, ні есці, ні спаць. Стан жудасны. Адчувала, калі б з'ехала з ім, мне было б лягчэй.

У пачатку лета 2022 года я змагла перабрацца ва Украіну, каб быць да яго бліжэй. Думала валанцёрыць, дапамагаць, чым магу, але не пакідала спробаў трапіць ва ўжо сфармаваны да таго часу полк. Нават Кірылу прыйшлося прасіць за мяне.

Але галоўным фактарам стала фарміраванне медроты. Туды патрабаваліся медыкі. Я ў Беларусі вучылася на біёлага, і мяне ўзялі разам з яшчэ некалькімі дзяўчынкамі.

— Вы не мелі нават пачатковай медыцынскай адукацыі. Было вельмі складана вучыцца?

— Мне не было надта складана. Біялогія — сфера, блізкая да медыцыны. Стандартную тактычную медыцыну па падручніках «Азова» я вучыла самастойна яшчэ да таго, як трапіла ў полк. У прынцыпе, асновы ведала.

У палку мы прайшлі амерыканскі курс, дзе патрабавалася дакладнае веданне пратаколаў. Пасля заканчэння здавалі экзамены і атрымалі сертыфікаты. За час працы я, вядома, пашырыла свае веды, шмат чаму навучылася ў тых, хто побач.

Увогулу, адпраўляючыся ў вучэбку, чакала нашмат горшага, такой лютай армейшчыны. Але насамрэч мы трапілі ў даволі нармальныя ўмовы, абстаноўка была спакойнай і добразычлівай, вакол шмат добрых людзей, якія дапамагалі.

— Падчас вучобы вы выйшлі замуж. Як вам Кірыл зрабіў прапанову?

— Так выйшла, што прапанову не рабіў, проста вырашылі, што пойдзем і распішамся. Сабралі і пераклалі неабходныя дакументы, падалі заяву ў ЗАГС і месяц чакалі запісу.

— Гэта значыць, у самы разгар вайны ў ЗАГС была такая чарга?

— Магчыма, супала з тым, што быў канец лета, у Кіеве якраз у той перыяд было адноснае зацішша, жорстка бамбіць па інфраструктуры пачалі ўжо восенню. А так жнівень і верасень якраз час вяселляў — жыццё бярэ сваё.

— Якое было ваша вяселле?

— Распісаліся, потым яшчэ з адным сябрам паехалі на святочную вячэру.

— А мядовы месяц ці хаця б выхадныя ў гонар такой падзеі?

— Што вы! Нам фартанула, што Кірыл наогул змог вырвацца на той дзень з баявых, а то прыйшлося б яшчэ раз заяву падаваць.

«Асколак дасталі, зашылі, сама сябе палячыла і дзяжурыла далей»

— Тое, што ў вас муж у палку, гэта дапамагае?

— Пра гэта ў курсе толькі тыя, хто пытаецца. Мы тут наогул адзін аднаго ведаем толькі па пазыўных, нават імёны не ўсіх вядомыя, не тое што асабістыя гісторыі.

— Памятаеце сваё баявое хрышчэнне?

— Спачатку я доўга працавала на складах, там трэба было ўсё ўпарадкаваць. І дагэтуль сумяшчаю баявыя выезды з тылавой працай. Але мой першы склад размяшчаўся непасрэдна ў вобласці, дзе ішлі баявыя дзеянні.

На самай справе спачатку я наогул не баялася ні самалётаў, ні ракет. Напэўна, мозг адмаўляўся ўспрымаць рэчаіснасць. А аднойчы на баявым медыцынскім дзяжурстве, мабыць, сепары здалі наш пункт. Па хаце, дзе мы размяшчаліся, прыляцеў снарад, выбіла вокны, я атрымала маленькі асколачак у галаву. Не глыбока, але я афігела.

Мозг, нарэшце, зразумеў, што ўсё сур'ёзна. Раненне было лёгкае, асколак дасталі, зашылі, усё нармальна. Сама сябе палячыла і дзяжурыла далей. Але з тых часоў гэтыя моманты — калі яно ляціць, і ты не разумееш, наколькі гэта блізка, у які бок бегчы ці падаць проста тут — самыя страшныя.

— Ваша калега Настасся «Север» расказвала, што калі ходзіш у прыбіральню з аўтаматам і лічыш гэта нармальным, прыходзіць такая стадыя адаптацыі.

— Мы жартуем: як толькі выйдзеш у прыбіральню, адразу пачнуцца прылёты. Усё адно пабяжыш назад і будзеш трываць.

— Як праходзіць ваша баявое дзяжурства?

— Арганізуем пункт у нейкім месцы, гэта можа быць дом, склеп ці проста машына. І чакаем сігнал, што з'явіўся паранены. Выязджаем за ім, яго выносяць з поля бою і перадаюць нам — у кейсэвак або медэвак, усё залежыць ад лагістыкі, дарог, аддаленасці, магчымасці пад'ехаць. Забіраем, стабілізуем і вязем у бальніцу або стабпункт. І так дзяжурым дні, тыдні, месяц — колькі заўгодна.

— На якіх кірунках вы працавалі?

— У Запарожскай вобласці, некалькі месяцаў пад Бахмутам. Там сапраўды была страшная мясарубка, людзей памірала і памірае вельмі шмат, параненых таксама шмат. Гэта ўсё цяжка, вядома.

— Вы не прафесійны медык, жыццё вас не рыхтавала да бачання параненых людзей. Гэта вельмі страшна?

— Да першага баявога баішся, не ведаеш, якой будзе твая рэакцыя на ўсё гэта, ці ўпадзеш у ступар, ці страціш прытомнасць. У выніку я проста адразу стала рабіць тое, што ад мяне патрабавалася, і не думала ні пра што іншае. Мая задача —дапамагчы медыку, які працуе са мной першым нумарам.

— Ці паміраў хтосьці з тых, каго вы дастаўлялі?

— На шчасце, у мяне такога не было і, спадзяюся, не будзе.

— Ці можна прывыкнуць да выгляду смерці?

— Я не працую непасрэдна на полі бою. Але на стабпункты, куды мы ездзім, прывозяць і «двухсотых». Нам таксама даводзіцца іх апазнаваць, глядзець дакументы. Часам гэта нагадвае жудасны «канструктар» з рук, ног, іншых частак цела.

— Цяпер многія, напрыклад, у Беларусі баяцца што-небудзь загадваць, планаваць, адкладаюць важныя падзеі. Чула, што на вайне людзі, наадварот, перастаюць адкладаць сваё жыццё на потым. Ёсць такое?

— Планаваць дык мы плануем, але выдатна ведаем, што часта нашым планам не наканавана спраўдзіцца. Ёсць нават такі іранічны дэвіз «і зноў усё пера****сь». З ім і жывем.

Спачатку ты стрэсуеш з-за таго, што ўсё не так, як планаваў, а потым абвыкаеш і пераходзіш да іншага дэвізу — «рабі, што павінен, і будзь, што будзе». З-за такога павароту падзей часам нападала нудзінка, але ненадоўга.

— А як наогул на вайне можна пазбавіцца ад нудзінкі?

— Асабіста я п'ю антыдэпрэсанты. Усе людзі розныя, хтосьці п'е, хтосьці не п'е. Проста ў мяне з дзяцінства схільнасць да дэпрэсій, і я пра гэта ведаю.

— Таму вы паехалі на вайну, каб перамагчы сваю схільнасць да дэпрэсій?

— Не, я якраз разумела, што калі не траплю сюды, здарыцца дэпрэсія. Яшчэ адзін мой магутны антыдэпрэсант — котка Соня, якая цяпер скача каля ног. На адной з баз у нас была котка, яна нарадзіла пяць кацянят, я іх песціла з нараджэння, потым іх сталі разбіраць, я забрала Соню.

— А хто забірае кацянят на вайне?

— Мясцовыя жыхары, нашы хлопцы. Каго не атрымліваецца прыстроіць, спрабуем перадаць валанцёрам. Кагосьці выходжваем. Вось Насця «Север» выходжвае цяпер чарговага шчанюка, у якога праблемы з вочкамі.

Яшчэ ў нас быў «Акі», у якога быў зламаны хрыбет. Мы яго таксама выхадзілі і перадалі валанцёрам. Наогул, калі прыязджаем на новае месца, як мінімум стараемся мясцовых жывёл падкормліваць. На жаль, не заўсёды ёсць час і рэсурсы ўсіх забіраць і прыстройваць.

Соня мяне вельмі адцягвае ад розных думак. Я з дзяцінства люблю жывёл, у нас дома быў міні-заапарк. З Соняй, вядома, мне значна лягчэй.

— З кім застаецца Соня, калі вы едзеце на баявое дзяжурства?

— Заўсёды ёсць хтосьці з пабрацімаў, хто можа прыгледзець. Але яна ў асноўным усюды ездзіць са мной.

— Чула, што сабак бяруць з сабой на баявыя, але котку?

— Я ж не сяджу ў акопах. Звычайна гэта нейкае памяшканне. Соня ўжо прывыкла, шмат разоў пераязджала. Не баіцца выбухаў, прывучаная не выскокваць за дзверы. Калі з намі жывёлы, усё зачыняем. Калі еду на выезд за параненым, Соня застаецца чакаць на пункце.

У яе наогул, у адрозненне ад мяне, ёсць дзейны ўкраінскі пашпарт. А вось мой хутка скончыцца. А ДНЖ тут атрымаць — вялікая праблема для многіх беларускіх добраахвотнікаў. Нас ужо і СБУ правярала, але ўсё адно адмаўляюць. Вядома, нас не выганяць, пакуль мы ў складзе УСУ, але на гэтай падставе дазвол на жыхарства не даюць. Ёсць надзея, што ўсё ж такі рэалізуюць ідэю з пашпартамі Новай Беларусі.

«Я рэаліст, мой муж у пяхоце, і я разумею, што гэта значыць»

— Наколькі важнае для добраахвотніка грашовае пытанне?

— Насамрэч, хто б што ні казаў, даволі важнае, таму што за гэтыя грошы ты можаш лячыцца, купляць сабе рыштунак, можаш адкласці частку грошай на розныя выпадкі, можаш укладаць у сваё падраздзяленне.

— Многія байцы сапраўды за свае грошы купляюць не толькі для сябе, напрыклад, нешта з рыштунку, але і для палка штосьці.

— Гэта не абавязкова, але мы можам скінуцца на нешта. Хтосьці рамантуе машыны за свае грошы перад выездам на баявыя, хтосьці купляе нешта для ўладкавання. Я вось нядаўна замовіла монакланальныя сыроваткі, каб правяраць у байцоў групу крыві. Валанцёры нам вельмі дапамагаюць, але яны не могуць закрыць усё, што трэба. Ёсць прэпараты, якія вельмі хутка заканчваюцца. Іх проста дасылаць не паспяваюць. Што зробіш.

— За каго вы баіцеся больш, за сябе ці за мужа?

— Вядома, за яго.

— Ці часта вы бачыцеся?

— Часам ён прыязджае ў Кіеў, калі я тут. Часам перасякаемся на баявых, калі знаходзімся дзесьці побач.

— Проста на фронце?

— Дапусцім, я апынаюся за некалькі кіламетраў ад месца, дзе ён ваюе. Знаходзім населены пункт, дзе можна перасячыся, і сустракаемся. Неяк я ўпала з КамАЗа і зламала нагу, няўдала саскочыла падчас загрузкі, працоўны момант, так бы мовіць. Потым тры тыдні наогул не магла ступіць на нагу. І Кірыл прыехаў і два тыдні дапамагаў мне жыць. Цяпер мне ўжо лепш, але нага часам можа балець.

— Гэта, напэўна, быў самы доўгі перыяд, калі вы былі разам?

— Не, калі ў яго было раненне і яго эвакуявалі ў Кіеў, мяне таксама сюды перавялі працаваць, і я была з ім побач цэлы месяц!

— Памятаеце, як вам паведамілі, што ён паранены?

— У яго было два раненні. Адзін раз у нагу — не такое страшнае. А другі раз, калі прыляцела ў іх бліндаж, яму прабіла шлем і парвала перапонкі. Цяпер ён горш чуе.

Калі кагосьці раняць і яго трэба эвакуіраваць, перадаюць па рацыі: такі і такі 300-ы — кантузія, напрыклад, або аскепкавае, «сярэдні» або «цяжкі». І ты адразу разумееш, як ідуць справы. Але толькі пасля заканчэння бою можна тэлефанаваць па бальніцах і пазнаваць падрабязнасці.

Я памятаю, як пачула, што «Тор 300». Змагла застацца адносна спакойнай. Тут ты ўжо настолькі зміраешся з тым, што ніяк не можаш на гэта паўплываць. Шчыра кажучы, хвалююся за ўсіх, кожнае паведамленне аддаецца. Але без істэрык, успрымаеш усё як належнае.

Я рэаліст, мой муж у пяхоце, і я разумею, што гэта значыць. Калі мне прыляцела і параніла, калі я знаходзілася за некалькі кіламетраў ад фронту, то там на месцы ўсё яшчэ горш. Але што я магу зрабіць — гэта яго праца.

— Вы ніколі не задумваліся, што ўжо, магчыма, спаўна аддалі доўг усім — і беларусам, і ўкраінцам. Не хацелася пасля чарговага ранення з'ехаць?

— Муж вельмі хвалюецца, калі я з'язджаю на баявыя. Не ва ўсіх месцах нават сувязь ёсць, каб нешта напісаць адзін аднаму. Ён бы хацеў, каб я проста заўсёды чакала яго ў Кіеве. Але ні мне, ні яму чамусьці з'язджаць і не хочацца. Тут у нас новае жыццё, сябры, агульная справа. Ды і зрабіць, здаецца, можна больш.

— Але людзі ж выгараюць, сыходзяць з палка?

— Як у нас пра гэта кажуць: чым больш сыходзіць, тым менш памрэ. Ды і хтосьці сыходзіць, а хтосьці прыязджае.

— Што можа выбіць вас з каляіны, нягледзячы на прывыканне і антыдэпрэсанты?

— Бываюць моманты квінтэсэнцыі маральнай стомленасці. Калі ты наогул нічога не хочаш і не можаш. Тады трэба адпачыць пару дзён. Нават калі ты знаходзішся на баявых, і ў гэты момант цябе накрыла, адэкватны камандзір цябе заменіць і адпусціць. Наогул ад камандзіраў многае залежыць.

Нам у гэтым плане вельмі пашанцавала, мы не сядзім у акопах месяцамі, як многія ва УСУ, калі людзі проста не разумеюць, жывыя яны ці ўжо не. Не скажу, што я часта плачу. Але, бывала, калі маральна стамілася ад усяго вакол — нагрузкі, людзей, падзей.

Вельмі знервавалася, калі даведалася, што Насця «Север» сыходзіць. Цяжка, калі гінуць пабрацімы. Калі пад Бахмутам загінулі пяцёра нашых хлопцаў, упершыню закурыла. Адчуванні былі незразумелыя: ты быццам бы пачуў інфармацыю, плачаш, але мозг усё адно адмаўляецца ўсведамляць.

Кожны раз, калі сыходзяць блізкія сябры, не магу паверыць нават пасля пахавання, пасля развітання. Усё адно здаецца, што мы проста рассталіся і яшчэ сустрэнемся.

— З кожнай новай смерцю боль прытупляецца ці робіцца вастрэйшым?

— Калі сыходзяць блізкія, лягчэй не будзе.

«Перад вучэбкай абстрыгла палову валасоў, таму што разумела, што так будзе прасцей»

— Вы яшчэ, па сутнасці, маладыя. Што на вайне адбываецца з каханнем?

— Вайна прытупляе ўсе пачуцці, пачынаеш больш спакойна да ўсяго ставіцца.

— Вы з мужам размаўляеце, што з вамі будзе пасля вайны?

— Не асабліва. Мы жывем цяпершчынай. Максімальныя планы ў нас, напрыклад, зняць кватэру, калі супадзе выхадны, і ляжаць цэлы дзень, глядзець фільмы. Ці я яшчэ магу запланаваць схадзіць у басейн.

А вось на конях пакатацца пакуль так і не атрымалася. Яшчэ ў Беларусі пачала знаёміцца з коньмі, вельмі спадабалася. Мару на дзень нараджэння выбрацца.

— А што прыносіць самыя добрыя эмоцыі?

— Сустрэчы, вядома. Калі доўга не бачымся, а потым сустракаемся. Тады радуюць самыя звычайныя, нават побытавыя моманты — разам гуляем, можам разам нешта прыгатаваць. Гэта сапраўдны падарунак у тых умовах, у якіх мы знаходзімся.

Неяк былі ў Кіеве некалькі дзён, Кірыл пайшоў у краму па прадукты, а вярнуўся з велізарным шэрым пухнатым гусаком. Такі нечаканы сюрпрыз.

Але галоўны сюрпрыз быў, калі ён змог прыехаць, калі я зламала нагу. Ён тады быў далёка, ведала, што вельмі заняты, ён камандзір падраздзялення. Я нават не асабліва разлічвала, што яго адпусцяць, хоць і разумела, што людзей, якія б змаглі пра мяне паклапаціцца, больш няма. Таму, калі ён з'явіўся, была шчаслівая, хоць і з паламанай нагой.

— Вам важна, як вы выглядаеце, калі сустракаецеся з каханым чалавекам, і як выглядае ён?

— Трэба разумець, за што ты любіш чалавека. Мы любім адзін аднаго і бруднымі, і якімі заўгодна. Калі не можам застацца сам-насам і вакол яшчэ дзесяць чалавек, нам усё адно добра.

З таго моманту, як Кірыл з'ехаў на вайну, мне не важна, як ён выглядае, галоўнае, каб быў жывы. Сама перад вучэбкай абстрыгла палову валасоў, таму што разумела, што так будзе прасцей. Проста стала перад люстэркам і адрэзала. Цяпер, праўда, яны ўжо трохі адраслі.

Але калі бываю ў Кіеве, люблю за сабой глядзець, фарбавацца, пазногцікі і ўсё такое. Магу схадзіць на манікюр. Гэта для мяне стала нейкім рытуалам для прымірэння.

На баявыя з сабой касметыку не важу, але стараюся ўзяць які-небудзь крэм і пену для мыцця. Гэта супакойвае, як бы злучае з мірным жыццём.

Заўсёды важу з сабой кучу вільготных сурвэтак на выпадак, калі доўга не будзе магчымасці памыцца. Навучылася, як і ўсе, мыцца з бутэлькі. Што тычыцца побыту, то такога, з чым бы я не магла змірыцца, няма. Я разумела, куды еду.

— Ці абмяркоўваеце вы тое, што адбываецца ў Беларусі?

— Я лічу, што чароўным чынам сітуацыя не вырашыцца. Для пачатку трэба, каб беларусы самі зразумелі, што адбываецца. На пратэсты выходзіла шмат людзей, але таксама многім усё адно. Магчыма, павінна дайсці да нейкага пункту, калі нават гэтыя людзі не змогуць маўчаць.

Мяне вельмі здзівіла, што вайна не стала такім пунктам. Была ўпэўненая, што ўсіх трыгерне, наколькі гэта ненармальна, калі з тваёй краіны ідуць войскі забіваць такі ж народ. Але тады на пратэст выйшлі тыя ж, хто выходзіў і да гэтага.

— Цяпер ва Украіне вельмі цяжкая сітуацыя, перспектывы, пра якія мы марылі, як быццам аддаляюцца. Настрой у людзей пагоршыўся?

— Наколькі я бачу ў сваім асяроддзі, усё даволі спакойна. Кожны проста робіць сваю працу. Мне прасцей у тым плане, што я ніколі не верыла ў цуд, разумела, што будзе цяжка. Зараз бачу трохі, як усё адбываецца знутры, колькі тут праблем. Гэта хутка не вырашыць.

Вельмі хацелася верыць у хуткую перамогу пасля вызвалення Харкаўшчыны. Але калі ведаеш, што за ўсё гэта трэба плаціць жыццямі людзей, разумееш, наколькі гэта велізарная цана. Таму проста спрабуеш кантраляваць лакальна сваю зону адказнасці, рабіць па максімуму сваю працу.

Калі кожны будзе так думаць, мне здаецца, усё будзе атрымлівацца. Я веру ў адэкватнасць людзей, якія гатовыя трымацца адзін за аднаго і дапамагаць адзін аднаму. Калі ўсе будуць сварыцца, высвятляць адносіны і рабіць падкопы, нічога не атрымаецца.

— Гэтую параду хацелася б адрасаваць не толькі тым, хто знаходзіцца ва Украіне, але і да ўсіх нас у розных краінах. А як у вас складваюцца адносіны з украінцамі?

— Калі ў Бучы паказвалі фільм Аляксея Палуяна пра нашы пратэсты, у залу ўляцела ўкраінка і пачала крычаць на нашых добраахвотнікаў, што яны «ворагі» і ўсё такое. Але, на шчасце, добрых людзей больш. Вельмі многія нас падтрымліваюць і дзякуюць.

— Вядома, што ўкраінцы адзначаюць высокі прафесіяналізм медроты нашага палка.

— Так, мы часта перасякаемся на стабпунктах і таксама аказваем дапамогу ўкраінскім ваярам. Наша рота, яе ўзровень арганізацыі, пачынаючы ад навучання і да непасрэдна аказання дапамогі — вельмі вялікая заслуга Насці «Север».

З украінцамі мы сустракаемся не толькі на фронце. Іх стаўленне часта ўражвае. Напрыклад, калі мы пайшлі ў бюро перакладаў з дакументамі, яны ўбачылі Кірыла ў форме і сказалі, што за пераклад мы нічога не павінны, сказалі дзякуй за тое, што прыехалі і дапамагаем. Яны часта хочуць хоць неяк аддзячыць.

Памятаю, летам прыйшла на манікюр у цывільным адзенні, а майстрыха ў сацсетках убачыла, што я беларуска і што вайскоўка, то зрабіла мне зніжку.

— Вы ў выхадныя што часцей носіце — форму ці цывільную вопратку?

— Калі доўга ходзіш у форме, разумееш, як яна дастала. Цяпер у Кіеве наогул перастала яе апранаць, купляю цывільную вопратку і хаджу толькі ў ёй. Ды і ў мэтах бяспекі гэта не так паліўна. Калі побач з нейкім аб'ектам шмат вайскоўцаў, зразумела, што там можа быць іх размяшчэнне, хтосьці можа здаць.

Гэта і на баявых небяспечна. Калі спыняемся ў населеным пункце, не ведаем, якія людзі вакол. Сепары спецыяльна высочваюць жанчын у форме, ведаюць, што гэта медыкі. Лічыцца, што калі ліквідаваць медыка, гэта падрывае маральны дух усіх байцоў.

— Сепаратыстаў сапраўды шмат дагэтуль?

— Трапляюцца. Пару разоў бачыла надпісы на будынках «Расія наперад» і «мы хочам у ДНР». І гэта ў тых месцах, за якія нашы хлопцы і іх байцы праліваюць кроў. Бывае, калі прылятае, хтосьці з мясцовых папракае, маўляў, калі б не вы, да нас бы не прыляцела. А мы ўвогуле прыйшлі іх абараняць. Але, вядома, ёсць і іншыя, якія і боршч навараць ды пачастуюць усіх, і пусцяць памыцца.

— Калі хочацца адчуць нешта прыемнае, пра што думаеце?

— Бяру Соню і цалую яе. Як добра, што ў нас ёсць нашы коцікі і сабачкі. А яшчэ думаю, што пакатаюся на конях, як і хацела.

Каментары3

  • Recce
    19.12.2023
    Божа бражы нашых каліноўцаў і ўсіх добраахвотнікаў. Няхай жывымі вяртаюцца ў вольную Беларусь.
  • The
    19.12.2023
    Дзякуй і нізкі паклон ўсім хто змагаецца з маскоўскай навалаччу.
  • U
    19.12.2023
    Як жа цяжка людзям. Дзякуй ваярам. Дзякуй валанцёрам. Дзякуй усім хто дапамагае нашым добраахвотнікам і ЗСУ.
    Сапраўды сцэнар для фільма. Няхай у гэтым кіно будзе добры фінал і сканчэнне вайны перамогай святла над цемрай.

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-120

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-1

Усе навіны →
Усе навіны

Ужо амаль палова расіян заявіла, што вайна прынесла Расіі больш шкоды, чым карысці9

У ЗША бушуе ўраган «Мілтан» ВІДЭА5

Па ўсёй Беларусі проста цяпер назіраюць паўночнае ззянне ФОТЫ

«Стратэгія абмену целаў на тэрыторыю». У Пентагоне ацанілі расійскія страты апошняга месяца3

«Паколькі Расійская імперыя ёсць пустка, залітая гаўном, то мы можам толькі з гэтай пусткі вырывацца»19

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы15

Для пахудзення мужчынам і жанчынам патрэбныя розныя прадукты на сняданак5

Еўрапейцы ўсё менш п'юць віна. Чаму так?4

Вячорка пра момант, калі Лукашэнкі не стане: Ці расіяне паспрабуюць паставіць свайго чалавека, ці да ўлады прыйдзе Ціханоўская67

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-120

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-1

Галоўнае
Усе навіны →