Google знайшоў спосаб, як не раскрываць сілавікам месцазнаходжанне карыстальнікаў
Кампанія Google больш не будзе раскрываць сілавікам месцазнаходжанне карыстальнікаў, бо сутыкнулася з ціскам амерыканскіх заканадаўцаў і журналістаў. Пра гэта паведамляе выданне Business Insider, якому сама кампанія пацвердзіла наяўнасць падобных планаў.
Гэтае рашэнне Google узнікла на фоне частага крымінальнага пераследу людзей з боку паліцыі ЗША за тое, што яны робяць нелегальныя аборты ў тых штатах, дзе гэта забаронена законам.
Некаторыя журналісцкія расследаванні паказваюць, што амерыканскія паліцыянты рэгулярна звяртаюцца ў Google з ордарамі на выдачу гісторыі перамяшчэнняў такіх карыстальнікаў і выкарыстоўваюць гэтыя даныя ў якасці доказаў для завядзення крымінальных спраў, піша Business Insider.
«У сувязі з гэтым 42 кангрэсмены напісалі ліст кіраўніцтву Google з заклікам увогуле спыніць збор і захоўванне інфармацыі аб месцазнаходжанні карыстальнікаў.
У выніку кампанія вырашыла адмовіцца ад захоўвання падобнай інфармацыі на сваіх воблачных серверах, перанакіраваўшы яе на лакальныя сховішчы тэлефонаў карыстальнікаў. Гэта дазволіць Google легальна адмаўляць паліцыі ў перадачы метаданых, бо ў самой кампаніі не будзе да іх доступу», — перадае Business Insider.
Як паведамілі выданню прадстаўнікі Google, «новая палітыка захоўвання даных будзе спрыяць больш глабальным намаганням кампаніі абараніць канфідэнцыйнасць карыстальнікаў».
Чакаецца, што ўжо з наступнага года актыўныя карыстальнікі сэрвісу Google Maps на прыладах Android і iOS будуць паступова атрымліваць афіцыйныя апавяшчэнні аб новым спосабе захоўвання іх метаданых.
А пакуль гэтага яшчэ не адбылося, вось падрабязная інструкцыя ад «Нашай Нівы», як у вашым акаўнце Google пачысціць гісторыю перамяшчэнняў (і не толькі).
Яшчэ па тэме Google:
Google адбіла самую магутную DDoS-атаку ў гісторыі
Як пачысціць ваш акаўнт у Google Play — пакрокавы гайд
Новая функцыя Google дазволіць лягчэй правяраць аўтэнтычнасць і крыніцы выяў у інтэрнэце
Расказваем, чаму з Google Docs варта быць асцярожнымі — калі вы іх адкрыеце, яны могуць вас выдаць
Каментары