«Мы назіраем беспрэцэдэнтную актыўнасць беларускіх спецслужбаў». Кіраўнік ДДБ Літвы выступіў за ўніфікацыю санкцый да беларусаў і расіян
Пра рост беларускай дыяспары ў Літве, актывізацыю беларускіх спецслужб і неабходнасць уніфікацыі абмежаванняў для беларусаў і расіян выказаўся Дарус Яўнішкіс, дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы. Інтэрвʼю з ім прайшло ў праграме тэлебачання LRT «Тэма дня».
— Спадар дырэктар, на мінулым тыдні вы заявілі, што назіраеце такі высокі ўзровень актывізацыі беларускага КДБ, якога яшчэ ніколі не было. Калі гэта пачалося і ў чым праяўляецца?
— Ну, я хачу падкрэсліць, што гэта не толькі беларускі КДБ. У Беларусі ёсць яшчэ і ГРУ, так званая вайсковая разведка, а таксама так званы ГУБАЗіК, то-бок упраўленне МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.
Мы назіраем гэта ледзь не з 2020 года, з тых псеўдавыбараў, якія арганізаваў Лукашэнка. Пасля таго, як усе пратэсты і ўсе падзеі ў Беларусі скончыліся, стала відавочна прыкметнай іх актыўнасць.
І, па-за ўсякім сумневам, трыгерам паслужыла агрэсія Расіі супраць Украіны. З гэтага моманту мы назіраем такую беспрэцэдэнтную актыўнасць беларускіх спецслужбаў.
— Літва ўжо шмат гадоў дамагаецца таго, каб Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай, і ўсяляк падтрымлівае апазіцыю — яе заўсёды тут прымалі, праводзілі навучанне, дый іншыя краіны Захаду таксама ўносілі фінансавы ўклад. Але аказвалася, што ў Беларусі Лукашэнка заўсёды ведае, пра што кажа апазіцыя, якая прыязджае сюды, быццам паміж імі існуе нейкая сувязь. Ці адрозніваюцца старая апазіцыя і новая? Ці ёсць у гэтай новай, якая зʼявілася пасля апошніх «выбараў» Лукашэнкі і пратэстаў, нешта агульнае з Лукашэнкам, як і ў ранейшай?
— Ну, калі лічыць, што старая апазіцыя існавала да 2020 года, то яна, вядома ж, адрозніваецца ад новай, яна не была такой арганізаванай, як сёлетняя.
Вядома, у іх не было такога ўплыву і падтрымкі ў свеце, якія ёсць у гэтай апазіцыі. І, вядома, тут, у Літве, іх было мала. Што мы бачым цяпер? Беларуская дыяспара стала значна большай.
На дадзены момант у Літве ўжо знаходзіцца больш за 60 тысяч грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства або нейкую працоўную візу. За год прыязджае каля 17 тысяч чалавек.
Хачу падкрэсліць, што восем з дзесяці ўсё ж такі зʼяўляюцца эканамічнымі мігрантамі. Гэта не прадстаўнікі апазіцыі. Прадстаўнікі апазіцыі, якія актыўна апаніруюць рэжыму Лукашэнкі, складаюць толькі невялікую частку.
Мы павінны звярнуць на гэта ўвагу, таму што ў гэтым корань сурʼёзных пагроз. Як бы там ні было, частка гэтых людзей ездзіць з Літвы ў Беларусь, потым з Беларусі ў Літву.
Вядома, у іх там ёсць сваякі і пэўныя інтарэсы, тым больш, што ў іх ёсць беларускія пашпарты. Але гэта, без сумневу, стварае беларускім спецслужбам пэўныя магчымасці для вярбоўкі, для аказання ўплыву, збору інфармацыі аб працэсах у Літве.
— Можна сказаць, яны гэтым і займаюцца — вярбуюць і збіраюць гэтую інфармацыю?
— Без сумневу, як я і казаў, гэта беспрэцэдэнтная актывізацыя. Гэта, зноў жа, вярбоўка на мяжы нашых грамадзян, выманне інфармацыі з іх тэлефонаў, лічбавых файлаў, спроба вярбоўкі падчас апытанняў.
Без сумневу, з грамадзянамі Беларусі гэта адбываецца значна больш інтэнсіўна. Яны падарожнічаюць, бавяць некаторы час на тэрыторыі Беларусі. Гэта ідэальнае асяроддзе для іх вярбоўкі з боку беларускага КДБ ці іншых службаў, і, без усялякага сумнення, яны гэта робяць, а мы гэта фіксуем.
Яшчэ вельмі важна падкрэсліць, што мы назіраем спробу вярбоўкі сучаснымі сродкамі, то-бок праз сацыяльныя сеткі. Скажам, прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ці прадстаўнікоў бізнэсу тут вярбуюць, і яны знаходзяцца пад уплывам беларускага КДБ ці беларускага так званага ГУБАЗіКа, пра які я сказаў.
Праз сацыяльныя сеткі ім прапануюць супрацоўнічаць са спецслужбамі, даваць інфармацыю пра апазіцыянераў, якія знаходзяцца ў Літве, а ў некаторых выпадках часам нават прапануюць плаціць за пэўную дзейнасць, якой яны займаліся раней. Мы бачым гэта вельмі дакладна.
— Гэтыя прапановы прымаюцца?
— Ведаеце, я кажу толькі пра тыя выпадкі, якія нам вядомыя. Ёсць шмат рэчаў, якія мы можам і не ведаць.
— Пра гэтае «няведанне»: ці можа быць такое, што пасля 2020 года ў Літву прыехалі і расійскія шпіёны з беларускімі пашпартамі — нейкія эканамічныя мігранты, як вы кажаце, — з падрыхтаванымі легендамі аб тым, што яны, маўляў, апазіцыянеры, што ім у Беларусі пагражаюць нейкія турмы? Яны нават могуць быць уключаныя ў Беларусі ў спісы асоб, якіх шукаюць. Колькі часу займае іх праверка? І ўвогуле, ці можна іх праверыць?
— Ну, можна праверыць, калі валодаеш пэўнымі сіламі. Але, як я ўжо казаў, у нас іх больш за 60 тысяч. І пры такой тэндэнцыі, што ў год прыязджае па 17 тысяч (скажам, з тымі ж працоўнымі візамі ці дазволамі на часовае пражыванне), падлічыце — у 2025 годзе іх будзе каля 100 тысяч.
Гэта, я сказаў бы, такая значная сіла. Як бы там ні было, відаць, прыйдзе той час, зʼявіцца тая чырвоная лінія, калі мы сапраўды ўжо не зможам спраўляцца, бо праверка сапраўды патрабуе часу, рэсурсаў і намаганняў.
І няма ніякіх гарантый, што мы зможам усіх паглядзець, усіх праверыць. Як вы разумееце, не паставіш жа побач з кожным прадстаўніка разведкі ці паліцыянта.
— Ці можна тады зрабіць выснову, што ўмовы міграцыі для беларусаў і расіян неабходна ўсё ж зрабіць аднолькавымі, аб чым у Літве ўсё ніяк не прыйдуць да згоды?
— Ну, бачыце, гэта ўжо вобласць палітычных рашэнняў. Магу толькі сказаць, што Дэпартамент дзяржбяспекі наконт усё большай беларускай дыяспары ў Літве прадставіў пэўныя высновы, зрабіў аналіз і дапоўніў матэрыяламі.
Цяпер, верагодна, палітыкам і літоўскім ведамствам трэба будзе вырашыць, ці варта ўніфікаваць умовы, ці не. Наш абавязак — папярэдзіць аб пагрозах. Мы бачым у гэтым вялікі патэнцыял.
— Гэта значыць, вы былі б за ўніфікацыю, паколькі гэта ўскладніла б іх прыезд?
— Без сумневу, так.
Увесну Сейм увёў нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Расіі і Беларусі. Законапраект аб абмежавальных мерах з-за ваеннай агрэсіі супраць Украіны зрабіў больш жорсткім парадак прадастаўлення пастаяннага або часовага дазволу на жыхарства, выдачы віз для грамадзян Расіі, забараніў ім перамяшчэнне праз знешнюю мяжу Еўрапейскага саюза, а таксама ўвёў абмежаванні на набыццё маёмасці.
Прэзідэнт Гітанас Наўседа наклаў вета на гэты закон. Ён казаў, што парламент павінен заняць адзіную пазіцыю і ўніфікаваць абмежаванні як да расейцаў, так і да беларусаў.
Аднак Сейм, у тым ліку праз лабісцкую дзейнасць беларускай апазіцыі, адхіліў вета Наўседы.
Цяпер гэта пытанне паўстае зноў. Днямі міністарка ўнутраных спраў Агнэ Білатайце таксама прапанавала вярнуцца да абмеркавання ўніфікацыі санкцый супраць расейцаў і беларусаў.
Каментары