Грамадства33

«Хто ўсіх здзівіў, дык гэта Прыдыбайла». Адзін з былых кіраўнікоў Студсаюза БДУ разважае пра закрыццё арганізацыі

Месяц таму Студсаюз БДУ фактычна спыніў існаванне. Згодна з афіцыйнай версіяй, студэнты 20 кастрычніка самі прагаласавалі за яго закрыццё. Але насамрэч арганізацыя даўно выклікала незадаволенасць адміністрацыі ВНУ. 

Апошняе фота з інстаграма studunionbsu

Пра тое, чым былі незадаволеныя ўлады, «Нашай Ніве» расказаў чалавек, які працаваў у той час у сістэме ідэалогіі БДУ. Ён адзначыў, што актывісты ўніверсітэта восенню 2020 года паводзілі сабе зусім не так, як таго чакала адміністрацыя.

«У лістападзе ў БДУ прыехала Наталля Качанава і сустрэлася з актывам студэнцкіх арганізацый. Тады моладзь яшчэ не была да канца застрашаная. Студэнты задавалі Качанавай нязручныя пытанні, а кіраўніца Савета Рэспублікі не магла знайсці, што адказаць. На вострыя пытанні яна казала нешта кшталту «Лукашэнка — наш прэзідэнт, ён самы лепшы. Нікога лепшага знайсці немагчыма». Ёй у адказ задаюць іншае пытанне, а яна проста сядзіць, чырванее і пачынае па коле распавядаць пра тое, што Лукашэнка сапраўды перамог, а пратэсты — гэта праца спецслужбаў Захаду».

Суразмоўца адзначае: гэта была далёка не адзіная «віна» студсаюзаўцаў. Нягледзячы на тое, што афіцыйна Студсаюз ніяк не падтрымаў студэнцкія пратэсты (бо кіраўніцтва ВНУ выразна дало зразумець: у гэтым выпадку наступствы будуць вельмі сур'ёзныя), цішком студсаюзаўцы збіралі грошы на дапамогу рэпрэсаваным. А яшчэ яны прынцыпова адмаўляліся ўдзельнічаць у разнастайных ябацінгах і не жадалі ствараць масоўку для ілюзіі падтрымкі рэжыму Лукашэнкі.

Дараваць такое ім не маглі, лічыць суразмоўца.

«Была пастаўлена задача або аб’яднаць усе студэнцкія арганізацыі, каб іх было лягчэй кантраляваць, або знішчыць», — кажа ідэолаг.

Таму ў 2023 годзе ў 26-гадовай гісторыі Студсаюза БДУ паставілі тлустую кропку.

Пра Студсаюз БДУ «Наша Ніва» пагаварыла з адным з яго былых кіраўнікоў, які стаяў на чале арганізацыі ў ранейшыя гады. Той сцвярджае: Студсаюз быў не проста нейкай штучнай арганізацыяй — ён з'яўляўся паўнавартасным грамадскім аб’яднаннем, якое раздражняла адміністрацыю сваёй адноснай незалежнасцю.

«Скажам так: БРСМ — гэта была арганізацыя-любімчык, бо там людзі цалкам падпарадкоўваліся, рабілі тое, што скажуць, і не задавалі нязручных пытанняў. Дарэчы, БРСМ у БДУ ў свой час узначальваў Сяргей Клішэвіч, які цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Па ім было заўсёды зразумела, што ён кар’ерыст — сапраўды Сяргей быў гатовы зрабіць усё і нават болей, каб дасягнуць сваёй мэты».

Суразмоўца падкрэслівае: нельга сказаць, што Студсаюз выхоўваў апазіцыйных лідараў, а ўсе актывісты былі людзьмі па-за сістэмай. Ні ў якім разе: у Студсаюзе падкрэслівалі, што яны хочуць быць як мага далей ад палітыкі. Але адміністрацыю БДУ раздражняла нават тое, што студсаюзаўцы былі больш вольнымі людзьмі.

«Мы рабілі ўсё, каб не стаць падобнымі да БРСМ. Студсаюз быў альтэрнатывай для студэнтаў. Мы не любілі фармат арганізацыі, у якой усё так нецікава — а асабліва, канечне, іх палітычныя моманты. Студсаюз не рабіў нейкіх «патрыятычных» праектаў — бо гэта не тое, што цікавіць моладзь. Тым больш, той сапсаваны патрыятызм, які прасоўвае БРСМ — гэта ж не пра любоў да радзімы, а пра ідэалогію. Мы нават паміж сабой жартавалі, што, чалавек, які паступіў у БДУ і пайшоў у БРСМ — гэта дакладна не наш актывіст. Сярод нашых сяброў амаль не было бээрсээмаўцаў. Былі адзінкавыя выпадкі, калі студэнт быў і там, і там».

Хлопец кажа, што Студсаюз не займаўся такімі рэчамі, як збор масоўкі для чарговага хакею. Быць адносна незалежнымі дазваляла тое, што арганізацыя мела юрасобу і не брала грошы на праекты ў БДУ: наадварот, Студсаюз плаціў універсітэту за арэнду памяшкання, камунальныя паслугі.

Як старшыні Студсаюза, хлопцу у нейкі момант кіраўніцтва БДУ прапаноўвала добраахвотна закрыць арганізацыю: казалі, што ўсім так будзе лягчэй — не трэба будзе нейкія паперкі ў Мінюст насіць ды думаць, дзе грошы знайсці. Але атрымалі адмову.

«Мы прынцыпова не збіралі грошы з сяброў Студсаюза, шукалі фінансаванне ў партнёраў і спонсараў. На маёй памяці БДУ ніколі не выдаткоўваў нам фінансы. Таму ў сваіх праектах мы былі адносна вольныя. Канешне, умоўна кажучы, мы не маглі адсвяткаваць нешта пад бчб-сцягам. Але мы не лічылі, што абавязаныя рабіць нейкія справаздачы кіраўніцтву ўніверсітэта. Часта адбывалася, што мы нешта зрабілі, а потым ужо да нас прыляталі пытанні, як так атрымалася і хто дазволіў».

Актывіст пагаджаецца з тым, што фактычна яны займалася толькі адукацыйнымі праграмамі і забаўляльнымі мерапрыемствамі, пытанні абароны правоў студэнтаў практычна не ўздымаліся.

«Часам да нас звярталіся студэнты, якія хацелі знізіць аплату за навучанне ці атрымаць інтэрнат. Так, калі яны былі актывістамі, мы сапраўды маглі даць ліст з рэкамендацыямі. Літаральна некалькі разоў звярталіся тыя, каму пагражала быць адлічаным. Я памятаю, што неяк спрачаўся з дэканамі і замдэканамі факультэтаў і казаў, што студэнт мае права на яшчэ адну пераздачу. Але такіх выпадкаў сапраўды было няшмат».

Суразмоўца згадвае, што некалі яму пісалі з Задзіночання беларускіх студэнтаў — прасілі, каб Студсаюз падтрымаў арганізацыю, якая змагаецца за правы студэнтаў, але ён адмовіў:

«Я заўсёды казаў, што Студсаюз не палітычная арганізацыя. Разумею, што зараз чытачы «Нашай Нівы» раскрытыкуюць мяне ў каментарыях і скажуць, што ў многіх краінах гістарычныя падзеі адбываліся дзякуючы студэнтам, але сапраўды Студсаюз БДУ быў арганізацыяй трошкі пра іншае. Ніхто не забараняў кожнаму рабіць свой выбар па-за арганізацыяй. Нават для мяне было нармальна, што мае погляды — гэта мае погляды, а Студсаюз — гэта Студсаюз. Я ніколі не хаваў таго, што не падтрымліваў улады».

Хлопец кажа, што ў той час, калі ён яшчэ ўзначальваў Студсаюз, у яго на аватары ва «УКантакце» было фота з бчб-сцягам. З-за гэтага яго выклікалі ва ўпраўленне выхаваўчай працы з моладдзю БДУ.

«Было некалькі размоў, пасля якіх у мяне рукі трэсліся і амаль слёзы ліліся, бо на мяне ціснулі: «Ты твар студэнцтва, ваша арганізацыя частка БДУ, ты не маеш права так пазіцыянаваць сябе ў сацыяльных сетках». Але фота я не прыбраў. Магчыма, гэта таксама было прычынай таго, што мне пачалі прапаноўваць закрыць Студсаюз».

Але ў розныя часы сябрамі арганізацыі былі самыя розныя людзі. Сярод актывістаў Студсаюза была і Святлана Ісаёнак — будучая нявестка Ліліі Ананіч (былая міністарка інфармацыі, а цяпер дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу). Святлана ўзначальвала прэс-службу Студсаюза. У 2020 годзе яна як журналістка «Советской Белоруссии» з захапленнем пісала пра праўладныя аўтапрабегі, а цяпер разам з Мукавозчыкам ездзіць па школах.

Актывіст кажа, што сябрам арганізацыі быў і Косця Прыдыбайла, які стаў прапагандыстам на Russia Today.

«Шчыра кажучы, вось хто-хто, а ён усіх здзівіў. Па чалавечых якасцях Косця вельмі добры чалавек. Скончыўшы ўніверсітэт, ён нейкі час працаваў у БДУ ў аддзеле культуры. Прыдыбайла быў вядоўцам розных мерапрыемстваў. Косця мог сабе дазволіць пажартаваць са сцэны на розныя крамольныя тэмы — у яго было шмат вольнасцей у выказваннях. За гэта часам выклікалі ў адміністрацыю БДУ.

Я не ведаю, што з ім здарылася. Ён заўсёды быў прагрэсіўным чалавекам, які супраць падпарадкавання камусьці. Жыццё Косці змянілася, здаецца, годзе ў 2015-м, мне складана сказаць, што на гэта паўплывала».

Суразмоўца падкрэслівае, што Студсаюз — гэта значна больш, чым гэтыя два чалавекі. І не трэба рабіць нейкія высновы па іх. Былі ж і тыя, кім можна ганарыцца. Напрыклад, Мікіта Найдзёнаў, які быў палітзняволеным, напісаў гімн Студсаюза БДУ.

«Вельмі шкада бачыць тое, што зараз адбываецца з БДУ. Мне здаецца, такой арганізацыі, як Студсаюз, нават лепш на нейкі час спыніць існаванне, каб пасля вярнуцца з высока ўзнятай галавой. Насамрэч, дзіўна, што Студсаюз толькі зараз ліквідавалі, бо ён меў уплыў на моладзь. Гэта ахвяра часу, але вельмі лагічная».

Каментары3

  • Важна
    18.11.2023
    Важна ведаць метады, якім карыстаецца КДБ Лукашэнкі, каб знішчаць цэлыя арганізацыі:
    «Была пастаўлена задача або аб’яднаць усе студэнцкія арганізацыі, каб іх было лягчэй кантраляваць, або знішчыць», — кажа ідэолаг.
    Аб'яднаць у адну, а далей узяць яе пад кантроль і знішчыць.
  • Так
    18.11.2023
    Ён заўсёды быў прагрэсіўным чалавекам
    Пішуць пра Прыдыбайлу. Вось вам і розныя адцені прагрэсу, у тым ліку той, які рухаецца ў бок расейшчыны.
  • ничего нового
    19.11.2023
    "у Студсаюзе падкрэслівалі, што яны хочуць быць як мага далей ад палітыкі"

    как там: когда пришли за теми, вот теми или вот этими - я никого не поддерживал, ведь я не был ни тем, ни вот тем ни вот этим
    и когда пришли за мной - поддержать меня было уже некому

    добрались таки до хатаскрайников. ВНЕЗАПНО.


    https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/330319

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →