Грамадства1111

Знялі дырэктараў школ, забаранілі пісаць пра лета. Як у Гродне змагаюцца з паступленнем выпускнікоў за мяжу

У Гродне знялі з пасадаў некалькі дырэктараў за тое, што шмат выпускнікоў іхных школ паступілі вучыцца за мяжу. Бацькі вучняў расказваюць, што непажадана ехаць вучыцца нават у Расею. Настаўнікам забараняюць даваць дзецям сачыненні на тэму: «Як я правёў лета».

 Ілюстрацыйны калаж: «Свабода»

На нарадзе аб адукацыі 21 верасня Аляксандр Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрміны адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ і падумаць над увядзеннем адпрацоўкі для студэнтаў платнай формы навучання.

«Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя, класныя спецыялісты з краіны выязджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і пайшоў», — заявіў Лукашэнка.

Як стала вядома «Свабодзе», улады робяць і іншыя захады супраць масавага ад’езду таленавітай моладзі за мяжу. Пра тое, як гэта адбываецца ў Гродне, «Свабодзе» расказалі настаўнікі мясцовых школ. 

«Алімпіяднікі, стабальнікі ЦТ, суцэльная інтэлектуальная эліта»

Настаўніца адной з гродзенскіх школ Вера* (імёны суразмоўцаў змененыя дзеля бяспекі. — РС) расказала «Свабодзе», што ў Гродне некалькіх дырэктараў школ перад новым навучальным годам знялі з пасадаў за высокі працэнт выпускнікоў, якія паехалі вучыцца ў Польшчу і іншыя краіны.

«Значыць, школа не праводзіць дастатковай працы, калі дзеці паступаюць за мяжу», — пераказвае словы кіраўніцтва настаўніца.

Сярод рэпрэсаваных — былы дырэктар гімназіі № 1 Барыс Сяброўскі. Ён кіраваў гімназіяй 14 гадоў, яшчэ 8 быў намеснікам дырэктара ў вучэбнай працы. Цяпер ён выкладае ў школе фізіку і астраномію.

«Настаўнікі за яго ўсе перажывалі», — кажа Вера.

Гімназія № 1 шмат гадоў лічылася адной з найлепшых школьных установаў Гродна. Яна атрымлівала статус найлепшай установы адукацыі Беларусі летась і ў 2017 годзе. Больш за 10 гадоў была найлепшай на адпаведным конкурсе ў горадзе. Летась стала лаўрэатам на рэспубліканскім конкурсе «Найлепшыя тавары Беларусі» ў сферы адукацыі.

«У іх алімпіяднікі, стабальнікі на ЦТ. Усе конкурсы яны выйграюць, суцэльная інтэлектуальная эліта. Іх хвалілі, як найлепшую школу, усё было выдатна», — успамінае нядаўняе стаўленне да гімназіі настаўніца.

Яна лічыць заканамерным тое, што разумныя маладыя людзі, якія могуць палепшыць свае ўмовы жыцця, едуць жыць і вучыцца за мяжу. Настаўніца абураецца, што ў гэтым вінавацяць класных кіраўнікоў і дырэктараў.

«Не ведаю, як чалавек з цвярозым розумам можа лічыць, што настаўнік здольны ўгаварыць бацькоў, каб яны сваё дзіця пакінулі тут, калі ў іх ёсць магчымасць і жаданне адправіць яго за мяжу. Гэта настаўнікаў могуць запужваць звальненнем. Але на бацькоў школа не мае юрыдычнага ўплыву. Чалавек пасля 11 класа можа падаваць дакументы куды захоча. У школы няма рычагоў ціску на выпускнікоў», — кажа Вера.

Месца Сяброўскага заняла начальніца аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёну Гродна Алена Адамовіч. 

Фактычна яе таксама панізілі. Вядома, што ў ейным раёне пазбавілі пасадаў чатырох дырэктараў школ за тое, што дзеці выбралі сабе «няслушнае» месца для працягу навучання.

«Калі хтосьці з настаўнікаў адпачываў за мяжой, хай не расказваюць»

Яшчэ адна настаўніца з Гродна Надзея расказала «Свабодзе», што ў іхнай школе на педагагічнай нарадзе агучылі, што вельмі кепска вядзецца праца ў прафарыентацыі. Выявілі некалькі выпускнікоў, якія нібыта нікуды не паступілі, сярод іх былі і выдатнікі.

«Гэтыя дзеці не пазначылі ні факультэту, ні навучальнай установы. Відавочна, што яны паступілі ў Польшчу. Кіраўніцтва сказала класным кіраўнікам: «Калі яны зусім нікуды не паступілі, то вы будзеце хадзіць штотыдзень і кантраляваць, чым займаецца дзіця, наколькі яно занятае. Навучыце любіць радзіму!» Хаця гэтыя дзеці ўжо не вучацца ў школе», — пераказвае Надзея.

Настаўнікаў, у якіх уласныя дзеці вучацца за мяжой, таксама папярэдзілі, каб не расказвалі пра гэта.

«Сядзіце і маўчыце пра сваіх дзяцей, і не расказвайце, як там добра», — дадае настаўніца.

Кіраўніцтва школы выказала спадзеў, што ніхто з настаўнікаў не дасць дзецям сёлета пісаць сачыненне на тэму «Як я правёў лета».

«Каб тыя, хто правёў лета па-за межамі Беларусі, не напісалі, што так добра бавілі час. Калі хтосьці з настаўнікаў адпачываў за мяжой, хай таксама не расказваюць, як там добра. «Інакш хто будзе працаваць у нас? Застануцца адныя пенсіянеры!» — перадае словы кіраўніцтва школы Надзея.

Яна не памятае, каб раней настолькі акцэнтавалі ўвагу на паступленне выпускнікоў менавіта ў беларускія ўстановы.

«Цяпер пажадана, каб усе дзеці тут засталіся, бо гэта наш фінансавы складнік», — тлумачыць яна прычыну, чаму моладзь забараняюць адпускаць за мяжу.

Суразмоўца дадае, што некаторыя бацькі самі адгаворваюць сыноў паступаць за мяжу, бо цяпер вучоба ў іншай краіне не лічыцца падставай для адтэрміноўкі ад войска.

«Бацькі разумеюць, што сын будзе не ўязны ў Беларусь гадоў дзесяць. Яны дзіця некалькі гадоў не ўбачаць», — тлумачыць яна. 

Паводле Надзеі, у іхнай школе намесніцу дырэктара па вучэбнай працы «папрасілі» пакінуць пасаду за тое, што яна ў 2020 годзе паставіла подпіс за Віктара Бабарыку.

«Я зразумела, што гэтыя звальненні масавыя, калі правяралі гэтыя спісы і знайшлі. Ведаю, што і ў іншых школах такое ёсць. Чалавек, не згодны «з палітыкай партыі не можа займаць кіроўныя пасады», — каментуе гарадзенка.

«Вася паехаў у Кузніцу закупіцца каўбасамі»

Настаўніца яшчэ адной школы Варвара таксама ведае, што звольнілі дырэктараў школ за «няўдалую прафарыентацыю». Гэта абмяркоўваюць у школах. Яна заўважае, што падобная праца вядзецца ўжо шмат гадоў, каб дзеці паступалі ў беларускія навучальныя ўстановы.

«Забіраюць на анкетаванне, адпраўляюць па каледжах, універсітэтах, каб зарыентаваць, якія ў нас ёсць прафесіі ў Беларусі. Ідзіце паступаць да нас!» — кажа яна.

Пытанне паступлення за мяжу заўжды было на кантролі, перакананая настаўніца. Проста цяпер ён стаў больш жорсткім, наступствам можа стаць страта высокай пасады.

Яна заўважае, што паступаць вучыцца ў Расею таксама не рэкамендавана, бо гэта, паводле беларускіх чыноўнікаў, таксама замежжа.

«Ты павінен застацца ў Беларусі. Мы сябруем з Расеяй, але адукацыя ў нас розная. Нельга працаваць па расейскіх падручніках. Улетку ездзіла праверка з Міністэрства адукацыі і глядзела, каб у школах не было падручнікаў, дапаможнікаў без грыфу Мінадукацыі. Усе настаўнікі выкінулі свае дапаможнікі».

Цяпер на ўсёй навучальнай літаратуры, якой карыстаецца настаўнік, мае быць напісана «Рэкамендавана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь». Такія правілы датычаць усіх, незалежна ад прадмету.

«Яны баяцца, каб у дапаможніках нечага ідэалагічна няправільнага не было. Яны ж не могуць усе дапаможнікі праверыць. Ведаюць, што пад грыфам Мінадукацыі не будзе крамолы. Гэта датычыць не толькі ўрокаў па гісторыі. І ў падручніку па матэматыцы можа быць няправільная задача: «Вася паехаў у Кузніцу закупіцца каўбасамі…» — усміхаецца Варвара.

Паводле назіранняў настаўніцы, рэпрэсіі ў школах у сувязі з Польшчай і іншым замежжам узмацніліся прыкладна год таму, пасля таго, як у Беларусі асудзілі прадстаўніка польскай меншасці Анджэя Пачобута, а Польшча ў адказ закрыла памежны пераход у Баброўніках.

«Хто не паспеў выехаць, таго правяраюць. Кагосьці звальняюць, у тым ліку за подпісы за «не таго» кандыдата на выбарах-2020. Яны цяпер закідаюць Польшчы, што гэта наш вораг № 1. Зараз разбураюць усё, што звязана з палякамі», — кажа Варвара.

Сёлета 12 тысяч студэнтаў з Беларусі вучацца ў Польшчы. Такія лічбы нядаўна паведамляў адукацыйны фонд «Перспектывы», пісала «Польскае радыё».

Каментары11

  • Атрымалі “Скотны двор” па Оруэлу
    22.09.2023
    Значыць сітуацыя такая, бізнэсджэт і прыватныя самалёты лукашэнкі ледзь ні штотыдзень лётаюць у замежжа (Дубай, Кіпр, РФ, Турцыя), а просты люд, як рабы, павінны сядзець у самым “лепшым сасудзе стабільнасці”, прычым не проста сядзець, а батрачыць на сямейку, плаціць налогі, сядзець моўчкі як мыш пад плінтусам і не пікаць. І каб дзеці вялі сябе таксама ж. А калі і выехалі ў замежжа нават на адпачынак, то становішся ледзь не ворагам, павінен сядзець моўчкі і ні слова не казаць як там добра на “загніваючым захадзе”, нават сачыненне “як я правёў лета” будзе лічыцца падрыўной дзейнасцю і знявагай стабільнасці рэжымнага сасута. Што тут дадаць, не хадзелі страйкаваць у 2020, атрымалі тое, што атрымалі.
  • Андрусь
    22.09.2023
    Ну "Вера" з "Варвараю", а як яны хацелі, гэтыя дырэктары і настаўнікі? На іх усе "выбары" трымаліся, яны асноўныя гаранты захавання ўлады лукашэнкам. Вось ён ім і дзякуе такім чынам. Паболей пішыце на тых сваіх "выбарчых участках" у школахтое, што патрабуюць з "вертыкалі". 
    І тое, што выгналі паспяховага дырэктара, паставіўшы на ягонае месца нейку дзяўчыну з кіраўнічага фатэлю, якая нават аніводны прадмет у гімназіі не выкладае (у раздзеле "Адіністрацыя" сайту школы яна ёсць, а сярод настаўнікаў няма, затое побач з Сяброўскім напісана, што ён  дырэктар) і педагагічная супольнасць гэта пракаўтнула, няма ніякага грамадскага непадпарадкавання самадурскіх патрабаванням і загадам, настаўнікі ніяк не супраціўляюцца руйнаванню падставаў настаўніцтва - кажа пра сацыяльны партрэт гэтых настаўнікаў: прыстасаванцы і кар'ерысты. Гэта, вядома ж, абагульненне, магчыма і ёсць там адзінкі, якія абураюцца і супраць, але агульная маса менавіта прыстасаванцы і кар'ерысты, калі дазваляюць, каб так адбывалася. 
  • Лукашыст
    22.09.2023
    Ой, як добра, так ім і трэба

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду5

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →