Вайна99

Новыя падрабязнасці дзейнасці расійскай шпіёнскай сеткі, раскрытай у Польшчы

У сакавіку гэтага года польскія ўлады заявілі аб выяўленні расійскай шпіёнскай сеткі. Сярод яе ўдзельнікаў і тры беларусы. Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці.

Чыгунка Railway Железная дорога

Як піша The Washington Post, улічваючы той факт, што з самага пачатку канфлікту шматлікія расійскія намаганні не змаглі сарваць паставак заходняй вайсковай дапамогі Украіне, разведвальныя службы ЗША ў лютым папярэдзілі, што Расія, магчыма, будзе шукаць спосабы сабатаваць працу лагістычных аб'ектаў на тэрыторыі НАТА з выкарыстаннем спосабаў, якія, паводле слоў амерыканскіх разведчыкаў, цяжка прыпісаць Расіі. Адным з такіх спосабаў было прыцягненне грамадзян Украіны і Беларусі для правядзення аперацый.

Як стваралася сетка

Паводле выдання, у пачатку гэтага года ў інтэрнэце, у тым ліку ў рускамоўных каналах у Telegram, якія часта наведваюць бежанцы ў Польшчы, сталі з'яўляцца аб'явы аб расклейцы ў грамадскіх месцах улётак або аб'яў.

Па словах следчага польскай контрразведкі — Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ), — ананімныя працадаўцы абяцалі плаціць ад некалькіх даляраў за нанясенне надпісу, падобнага да графіці, да 12 даляраў за размяшчэнне плаката. Паводле інфармацыі, перададзенай AУБ, улёткі і плакаты змяшчалі надпісы «Польшча ≠ Украіна», «НАТА адыходзь» і «Не будзь Байдэнам».

Паводле слоў афіцыйных асоб, распаўсюджванне такіх матэрыялаў пераследавала дзве мэты: распальванне антыўкраінскіх настрояў у Польшчы, а таксама праверку гатоўнасці навабранцаў выконваць заданні супраць краіны, якая іх прымае.

Тым, хто паказаў фатаграфіі, якія даказвалі, што яны зрабілі тое, аб чым іх прасілі, давалі больш небяспечныя заданні. Некаторым загадалі купіць аднаразовыя сотавыя тэлефоны і фотаапараты, якія праз схованкі перадаваліся іншым навабранцам, якія пачалі перамяшчацца па Польшчы, фатаграфуючы і перасылаючы фота чыгуначных станцый, аэрадромаў і марскіх партоў.

Новыя агенты размяшчалі камеры ўздоўж чыгуначных пуцей і схаваныя прылады сачэння ў вайсковых грузах. Затым, у сакавіку, прыйшоў новы загад аб пуску пад адхон цягнікоў, якія вязуць зброю ва Украіну.

The Washington Post адзначае, што польскія ўлады лічаць, што загадкавым заказчыкам было расійскае агенцтва вайсковай разведкі — Галоўнае разведвальнае ўпраўленне (ГРУ), а сарваная аперацыя ўяўляла сабой самую сур'ёзную расійскую пагрозу на тэрыторыі НАТА з таго часу, як Масква пачала сваё ўварванне ва Украіну ў мінулым годзе. Мэтай дыверсіі было сарваць паток зброі праз Польшчу, на долю якога прыпадае больш за 80 працэнтаў вайсковай тэхнікі, якая пастаўляецца ва Украіну.

Афіцыйныя асобы паведамілі выданню, што агенты атрымлівалі аплату ў крыптавалюце і банкаўскімі пераводамі з рахункаў, якія немагчыма адсачыць. Таемныя спонсары гэтай працы публікавалі свае стаўкі па аплаце ў форме электронных табліц. Самыя дарагія заданні былі звязаныя з сабатажам, падпалам і забойствам, але нават яны, па даных прадстаўнікоў AУБ, каштавалі ўсяго некалькі сотняў даляраў.

Следчыя мяркуюць, што Расія выбірала рэкрутаў, чый узрост і паходжанне менш за ўсё маглі прыцягнуць увагу службы бяспекі. Большасці з іх было каля 20 гадоў, а аднаму — усяго 16. Да лютага стала праяўляцца арганізацыйная структура.

Паводле інфармацыі, прадстаўленай AУБ, аперацыя была заснаваная на класічнай структуры ячэек. Кожная ячэйка выконвала сваю ролю ў рамках агульнага плана: назіранне, набыццё, лагістыка і аперацыі. У кожнай быў лідар, давераная асоба расійскіх спецслужбаў. Тыя, хто знаходзіўся на ніжэйшых узроўнях, трымаліся ў няведанні і не былі знаёмыя паміж сабою, калі ў гэтым не было неабходнасці.

Следчыя адзначаюць, што з ростам складанасці заданняў нават малодшыя члены сеткі пачалі разумець, што, імаверна, працуюць на Маскву. Некаторыя апраўдвалі свой удзел як адносна бясшкодны ці фінансава неабходны. Следчыя дапускаюць, што выканаўцы таксама маглі баяцца адмовіцца, бо лічылі, што ўжо далёка зайшлі.

Як сетка была раскрытая

The Washington Post адзначае, што, нягледзячы на заявы афіцыйных асоб, што Польшча накіравала сотні агентаў для абароны транзітных шляхоў і пагранічных пераходаў, якія таксама кантралююцца заходнімі беспілотнікамі, самалётамі-шпіёнамі і спадарожнікамі,

расійская дыверсійная сетка заставалася незаўважанай, пакуль звычайны прахожы не заўважыў аб'ектыў камеры, які выглядаў з-за дрэў і кустоў уздоўж важнага ўчастка чыгуначнага пуці, і не паведаміў уладам. Прылада, стандартная відэакамера, якая выкарыстоўвае сонечную энергію, перадавала кадры праходжання грузу ў анлайн-рэпазіторый, да якога можна было атрымаць дыстанцыйны доступ з дапамогай пароля.

Выкарыстоўваючы даныя з камеры, запісы мабільных тэлефонаў і найбліжэйшыя вышкі сотавай сувязі, следчыя змаглі вызначыць не толькі час усталявання прылады, але і тое, хто ў гэты час знаходзіўся паблізу. Гэта адзін з некалькіх відавочных промахаў дрэнна навучаных расійскіх агентаў.

Пры аглядзе іншых участкаў былі знойдзеныя дадатковыя камеры. Адна — на ствале таполі каля моста, дзе цягнікі павінны знізіць хуткасць, другая — на галіне, адкуль адкрываўся від на чыгуначныя раз'езды.

Па словах следчага, праз некалькі дзён улады затрымалі падазраванага, які паведаміў інфармацыю пра іншых удзельнікаў групы, у тым ліку пра свайго куратара. Аператыўныя дзеянні вывелі на асобных удзельнікаў і ячэйкі.

Польскія афіцыйныя асобы заявілі, што іх першапачатковы план быў у адсочванні сеткі, каб даведацца больш пра яе намеры і ланцужок падпарадкавання. Але яны былі змушаныя адмовіцца ад гэтай ідэі пасля перахопу паведамленняў, якія сведчылі аб тым, што план па зрыве паставак зброі ўжо пачаўся.

Паводле слоў афіцыйных асоб, следчыя знайшлі падрабязныя інструкцыі, адпраўленыя ў адну з ячэек сеткі, наконт размяшчэння прылад для здзяйснення сходу з рэек у тых месцах чыгуначнага палатна, дзе цягнікі, якія рухаюцца нават з умеранай хуткасцю, могуць сысці з рэек. Чыноўнікі папрасілі не выдаваць характару прылад.

Следчы AУБ заявіў, што сама меней два навабранцы пагадзіліся выканаць гэта заданне, і што вядомыя месца і час яго правядзення. Ён прызнаў, што прылады не былі знойдзеныя падчас ператрусаў у некалькіх месцах. Таму застаецца незразумелым, ці атрымалі іх выканаўцы, і калі так, то дзе іх схавалі.

Беларусы сярод агентаў

Польскія ўлады заявілі, што да гэтага часу існуюць значныя прабелы ў іх разуменні арганізацыі сеткі, у тым ліку невядомыя асобы расійскіх аператыўнікаў, якія ёю кіравалі, і адсутнічае поўны аб'ём зашыфраванай перапіскі з лідарамі ячэек у Польшчы.

Сярод затрыманых па гэтай справе 12 украінскіх бежанцаў, адзін расіянін і трое грамадзян Беларусі. Польскія афіцыйныя асобы адмовіліся паведаміць, дзе яны ўтрымліваюцца і хто прадстаўляе іх інтарэсы ў закрытых судовых пасяджэннях. Украінскія афіцыйныя асобы, у тым ліку пасол краіны ў Варшаве, таксама адмовіліся адказваць на пытанні выдання.

Затрыманыя беларусы — 28-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха і яго дзяўчына, 18-гадовая Марыя Мядзведзева, 41-гадовы Мікалай Маскаленка. Фота: сацсеткі затрыманых і «Кіберпартызаны»

Аб арыштах беларускіх грамадзян стала вядома з дыпламатычнай тэлеграмы, накіраванай Польшчай у пасольства Беларусі. У ёй сцвярджалася, што затрыманыя беларусы былі часткай ячэйкі, якой кіраваў чалавек, вядомы як «Андрэй», асоба якога ў той час не была вядомая.

Выданне зазначае, што імёны беларусаў былі апублікаваныя ў паведамленнях сілавых структур і беларускіх дзяржаўных медыя, якія заяўлялі пра іх невінаватасць і крытыкавалі Польшчу за арышты.

Адна з падазраваных, 18-гадовая Марыя Мядзведзева, была затрыманая падчас працяглых паездак па Польшчы са сваім хлопцам Уладзіславам Пасміцюхам, якога таксама абвінавацілі ў шпіянажы.

The Washington Post піша, што затрыманая беларуская пара адпавядае таму, што польскія ўлады назвалі пераважным профілем для навабранцаў ГРУ: маладыя, здольныя падарожнічаць па Польшчы без падазрэнняў і якія імкнуцца зарабіць грошай.

Па словах бацькі Марыі, Паўла Мядзведзева, фатаграфіі, якія пара размясціла ў сацыяльных сетках, падштурхнулі яго спытаць, як маладыя людзі аплачваюць свае паездкі. У адказ дачка патлумачыла, што ў Пасміцюхі былі крыптавалютныя рахункі, на якіх захоўваліся «грошы, атрыманыя ад Расіі за нейкія дзеянні». «Яна сказала, што ён рабіў нешта на высокім узроўні і не казаў ёй», — цытуе выданне словы Паўла Мядзведзева.

Па словах Мядзведзева, яго дачка сказала, што Пасміцюха папрасіў яе адкрыць рахунак у крыптавалюце і банкаўскі рахунак на яе імя, але не дазволіў ёй выкарыстоўваць яго, сам кантраляваў уліковыя запісы з паролямі, якімі не дзяліўся. Мядзведзеў сказаў, што прыяцель яго дачкі таксама часта падарожнічаў, спыняючыся ў яе ў інтэрнаце ў Варшаве паміж паездкамі ў Беларусь і Расію. Дачка казала, што Пасміцюха працаваў у нейкай расійскай кампаніі.

Па словах польскіх афіцыйных асоб, пара была арыштаваная падчас паездкі на мора, якая нібыта мела на мэце назіранне за гаванню Гдыні якраз у той момант, калі прыбыла буйная партыя зброі. Маладых людзей абвінавачваюць у «правядзенні назіранняў для збору інфармацыі аб аб'ектах крытычнай інфраструктуры», у тым ліку ў аэрапорце і на чыгуначным вакзале ў Жэшаве, а таксама ў марскіх партах Гданьска і Гдыні. Па словах бацькі Мядзведзевай, у іх багажы былі выяўленыя прарасійскія ўлёткі.

Па словах Паўла Мядзведзева, яго дачка ўтрымліваецца ў следчым ізалятары ў Любліне. Пры гэтым яна доўгі час знаходзілася ў адзіночнай камеры.

Адвакаты, нанятыя сям'ёй, настойваюць на тым, што Мядзведзева проста апынулася не ў тым месцы і не ў той час.

Польскія афіцыйныя асобы аспрэчваюць гэта. Паводле звестак AУБ, Мядзведзева ведала пра сапраўдны характар заданняў, якія яна выконвала разам з Пасміцюхам. «Яна не знайшла гэта трывожным, — заявіла агенцтва, — і атрымала выгаду [ад расійскіх] грошай».

Што далей

Польскія афіцыйныя асобы, якія ўдзельнічалі ў расследаванні, апісалі гэты выпадак як не падобны ні да аднаго іншага, з якім яны сутыкаліся, што адлюстроўвае ўзровень імправізацыі і роспачы з боку расійскіх разведвальных службаў, якія сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам.

Як заявіў у інтэрв'ю The Washington Post Станіслаў Жарын (Stanisław Żaryn), які курыруе службы бяспекі краіны, «гэта першая прыкмета таго, што расіяне спрабуюць арганізаваць дыверсіі — нават тэракты — у Польшчы».

«Гэтая пагроза была ліквідаваная, але больш шырокая пагроза застаецца», — сказаў следчы, які, як і іншыя, размаўляў з журналістамі выдання на ўмовах ананімнасці, спаслаўшыся на меркаванні бяспекі і далікатнасць справы. Паводле яго слоў, расійскія шпіёнскія службы працягваюць дзейнічаць у Польшчы і «пастараюцца выправіць дапушчаныя імі памылкі».

Па словах афіцыйных асоб, пасля ўварвання Польшча выслала ўсіх вядомых аператыўнікаў Службы знешняй разведкі, Федэральнай службы бяспекі або Галоўнага разведвальнага ўпраўлення — усяго 45 чалавек.

Высокапастаўлены прадстаўнік польскай разведкі заявіў, што Расія імкнулася выратаваць фрагменты сваёй шпіёнскай сеткі, спадзеючыся на агентаў глыбокага прыкрыцця, якія не базуюцца ў пасольстве. Гэтых агентаў яна выкарыстоўвае з асцярожнасцю, таму што іх мала і ім не хапае прававой абароны, якую маюць дыпламаты.

Таму, па словах чыноўнікаў, Масква працягвае вербаваць дылетантаў, якіх лічыць больш расходным матэрыялам.

Выданне адзначае, што падрабязнасці аб выкарыстанні Расіяй папулярнага Telegram для вярбоўкі і маштабах нібыта планаваных ГРУ нападаў раней не раскрываліся. Гэта сведчыць аб значным адыходзе расійскіх спецслужбаў ад звыклых метадаў выкарыстання сваіх штатных аператыўнікаў.

Такія анлайн-метады для вярбоўкі і дыстанцыйных нападаў, накіраваных на распаўсюд панікі на Захадзе, звычайна выкарыстоўваюць тэрарыстычныя групы, у тым ліку «Ісламская дзяржава».

Чытайце яшчэ:

Прапаганда спачатку іх абяляла, а пасля змяніла тон. Што вядома пра затрыманых у Польшчы беларусаў, якіх вінавацяць у шпіянажы на карысць Расіі

Лукашэнка заявіў, што Захад прапаноўваў яму абмяняць беларусаў, затрыманых у Польшчы за шпіянаж на карысць Расіі

Прарасійскіх беларусаў, затрыманых у Польшчы, падазраюць у намеры падрываць цягнікі

Каментары9

  • Виталий
    19.08.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Ноўнэйм
    19.08.2023
    Прыдуркі беларускія. Кожнаму гадоў па 10 пасядзець за кратамі і падумаць аб сваёй нікчэмнасці
  • Усе пазнаецца ў параўнанні
    19.08.2023
    Нешта ў маскалеў лепш атрымоўваецца, чым у азарава з яго планам "перамога"

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

Памятаеце гісторыю пра хатніх пацукоў у цэнтры Мінска? Чым усё скончылася2

Палітзняволенаму журналісту Ігару Карнею далі яшчэ восем месяцаў калоніі

Камісар ЕС: Расія назапашвае танкі, а Еўропа не гатовая адбіць напад2

У Новай Баравой прадаюць кватэры-студыі на 20 квадратных метраў. Цана здзіўляе4

У Іране 27-гадовая спявачка выступіла з непакрытай галавой на канцэрце, што забаронена правіламі краіны ВІДЭА

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Сі Цзіньпін, здаецца, адхіліў запрашэнне на інаўгурацыю Трампа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →