«Да некаторых дагэтуль ездзяць прасіць аб вылечванні». Мінчанка стварыла прыгожыя паштоўкі з выявамі валуноў
Мінчанка Ксюша некалькі гадоў таму скончыла гімназію-каледж мастацтваў, а ў якасці дыпломнага праекта зрабіла серыю паштовак, прысвечаную знакамітым валунам Беларусі, піша CityDog.io.
Тэму дыпломнага праекта Ксюша прыдумала абсалютна выпадкова. У той час, калі ва ўніверсітэце ўсе мусілі даць свае ідэі на тэму дыплома, у яе не было ніводнай думкі на гэты конт. І ў той жа дзень, вяртаючыся дадому, яна выпадкова наткнулася на звычайны камень ля дарогі. Тады і з'явіліся думкі пра стварэнне цэлага праекта аб камянях:
«Я расказала пра сваю задумку дыпломнай кіраўніцы, якая адразу ж ухваліла план. Яна сказала, што гэта будзе цікавы праект, дзе я змагу праз камяні расказаць і пра гісторыю Беларусі, і закрануць шмат іншых тэм. Напрыклад, па валунах навукоўцы могуць разабрацца ў спрэчных пытаннях аб абледзяненні, аб размяшчэнні ледавіковых патокаў, аб напрамках і хуткасцях іх руху ў старажытныя часы».
Для беларусаў камяні — гэта яшчэ і культавыя геалагічныя помнікі прыроды. Іх на тэрыторыі Беларусі налічваецца некалькі тысяч. Большая частка культавых валуноў вядомая толькі вузкаму колу краязнаўцаў, і да гэтага часу многія вялікія камяні не вывучаны. Пры гэтым кожны такі валун на самай справе мае сваё імя і легенду, кожны захоўвае нейкую сваю таямніцу.
Праект складаецца з дзесяці паштовак, на якіх графічна выяўленыя важныя для Беларусі камяні
На кожнай з паштовак намаляваны нейкі важны беларускі валун, іх адметныя элементы і назва. З адваротнага боку карткі знаходзяцца легенды і цікавыя факты, звязаныя з гэтымі камянямі.
«Усю інфармацыю пра камяні я шукала ў інтэрнэце і ў кнігах. Ездзіла ў музей валуноў у Мінску, каб паглядзець на некаторыя з іх ужывую. Адзін з самых цікавых экспанатаў там — Дзед-валун. Ён не такі вялікі па памеры, як некаторыя іншыя валуны, затое адзін з самых знакамітых на тэрыторыі Беларусі. Кажуць, што людзі да гэтага часу прыходзяць да яго прасіць здароўя і вырашаць свае праблемы.
Далей па планах — манетызаваць праект
Па словах Ксюшы, яна выбрала фармат паштовак для свайго праекта не выпадкова. На яе думку, гэта самы просты сувенір, які можна купіць. А інфармацыя на картках можа даць штуршок для далейшага вывучэння камянёў і гісторыі роднага краю.
Нягледзячы на вялікі перапынак пасля здачы сваёй дыпломнай працы, менавіта цяпер дзяўчына плануе манетызаваць свой праект: стварыць серыю нататнікаў або календароў і распаўсюджваць іх сярод сувенірных крам.
Каментары
Гэта таго самага "прыняцьця" калі "Прыпяць была чырвыноя ад крыві" ? Пішыые ўжо нармальна - брутальнага насаджэньня і прымусу.