Меркаванні44

Словы падтрымкі, якія працуюць, а якія не — меркаванне жонкі затрыманага

Іна Карней, жонка затрыманага журналіста Ігара Карнея паразважала ў фэйсбуку, якія словы падтрымліваюць у складанай сітуацыі, а што пралятае міма і катэгарычна не падыходзіць.

Жонкі затрыманых на Акрэсціна. Фота: «Наша Ніва»

«Як чалавек, які некалькі апошніх дзён вымушана правёў у стане вострага стрэсу пасля ператрусу ў кватэры і затрымання мужа, нарэшце маю сілы і час расказаць, якія словы падтрымкі добра спрацоўваюць, што пралятае міма, а што лепш не казаць чалавеку, якога вы хочаце падтрымаць. Кейс асабісты, суб'ектыўны, не прэтэндуючы…, але паказальны», — піша Іна Карней.

«Па-першае, людзі, беларусы, сябры мае, вы крутыя. Вы даслалі мне неверагодную колькасць слоў клопату, спачування і нават любові. Я вельмі расчуленая. Я ведаю, што мы асвоілі мову намёкаў і недаказанасці, я ведаю, што пісаць словы падтрымкі — таксама патрабуе бясстрашнасці. Я ўдзячная, што вы знайшлі гэтыя словы і знайшлі час».

«Можна я падзялюся з вамі сваімі ўражаннямі аб тым, які эфект здольныя выклікаць словы падтрымкі (або тое, што мы за іх прымаем)? Яшчэ пару дзён таму гэта было немагчыма, псіхіка не выдавала рэсурсу на рэфлексію, а сёння я ўжо магу ледзь адступіць і з гэтай адлегласці, як псіхолаг, прэпараваць гэты выпадак. Заадно і мне самой будзе карысна, [бо] дае магчымасць трохі абстрагавацца ад сітуацыі».

«Дзякуй усім, хто напісаў коратка і проста: «Бачыў навіну, ведай, што я побач», «Можаш на мяне разлічваць», «Я ў цябе ёсць». У такія моманты мне здавалася, што вось яшчэ адзін чалавек стаў са мной побач, я не адна і ніколі не застануся адна. Гэта было містычнае адчуванне апоры, дакрануцца да яе было нельга, а абаперціся, як ні парадаксальна, можна. Проста адчуванне прысутнасці іншых людзей, гатовых падставіць плячо, і для гэтага мне нічога не трэба рабіць (вось гэта вельмі важны нюанс, як я зразумела), гэтыя сябры проста вырастуць з-пад зямлі, калі будзе неабходнасць.

«Напішы, калі нешта будзе трэба», «Як табе дапамагчы», «Ты толькі скажы…» — [гэтыя словы] выклікалі ў мяне разгубленасць, растлумачу чаму. Гэтыя паведамленні заклікалі да дзеянняў, калі не цяпер, то потым, калі я зразумею, што мне нешта трэба, гэта як уключыцца і пачаць кіраваць праектам «Давайце дапаможам Іне», на кіраванне праектам у мяне няма сіл. Няма сіл думаць і нават няма сіл абяцаць, што я падумаю калі-небудзь. Няма ідэй і думак на тэму «Як табе дапамагчы?». Выбачайце, калі мае адказы на вашы пытанні былі кароткімі і сухімі, гэта праз недахоп сіл.

Дапамога з пошукам адваката, аплатай, рэкамендацыі, што можна і трэба зрабіць адразу, — усё, што тычылася канкрэтыкі, было неацэнна. Дзякуй усім, хто падключыўся, як бы далёка ні быў. Рэгулярныя справы, якія нельга адмяніць, у раскладзе, як «Чакаю на трэніроўку а 9:00 у пятніцу», даюць адчуванне, што ёсць у свеце ўстойлівыя рэчы.

«Замовіла табе пірог, будзеш дома а шостай? Я дашлю кур'ера» — [такія словы] здымаюць бытавыя пытанні, атачаюць клопатам, не патрабуюць майго ўдзелу, акрамя кароткага: «Так, дасылай, дзякуй». Нават прапанова: «Можам забраць цябе на лецішча, у нас рамонт, будзеш фарбаваць сцяну» — была класнай, абяцала падтрымку, карысць і добрую кампанію.

Нечакана трапіла ў самае балючае месца ў гэтыя дні, выклікала ціхую злосць кароткае паведамленне: «Ты як?»

Я не ведаю, як я. Каб адказаць, мне трэба спыніцца і добра падумаць, сфармуляваць, потым выдаць іншаму чалавеку інфармацыю. Гэта прамы інтэлектуальны высілак, на такую працу няма сіл. І што павінна стаць вынікам такога намагання? Нейкая фармулёўка: «Нармальна ў ненармальных умовах»? Магчыма, я змагу спакойна адказваць на такія пытанні праз тыдзень-другі, калі перастане штарміць унутры. Пакуль штарміць. Асцярожна, можна трапіць пад цунамі.

Як псіхолаг, які працуе з трывожнымі расстройствамі, я разумею, чым могуць быць прадыктаваныя пытанні: «Ці ёсць навіны?», «Што чуваць?», «Што змянілася?». Так, вытрываць нявызначанасць складана, скажу больш, наша псіхалагічная даросласць вымяраецца ўменнем цярпець нявызначанасць. Гэтымі днямі ў мяне таксама яе так шмат, што я не магу быць кантэйнерам для вашай трывогі наконт нявызначанасці.

Шчыра [кажучы], у мяне няма на гэта сіл, і я магу адказваць вам аднаскладова: «Навін няма». У мяне гэты кантэйнер перапоўнены сваёй трывогай, і ўсе сілы ідуць на яе апрацоўку. Добрая навіна ў тым, што я ведаю, як трывогу ўтрымліваць у рамках і не ўтапіцца ў ёй, тут я малайчына, мая прафесія мяне ратуе.

Калі трохі абагульніць, то выснова такая. Калі вы можаце нешта зрабіць самастойна, слушна параіць або арганізаваць — рабіце. Калі можаце падтрымаць толькі словам — пішыце проста пра тое, што вы побач і можаце падставіць плячо. Чым менш пытанняў, тым лепш. Чым менш патрабуецца дзеянняў ад таго, каму вы хочаце дапамагчы, тым лепш.

Не прымайце за навучанне, я сама на гэтым прыкладзе вучуся. Абдымаю вас усіх, я ведаю і адчуваю вашу падтрымку, дзякуй за ўсе словы, якія вы пісалі, я трымаюся за іх з усіх сіл.

Забылася пра слова падтрымкі, якое можна высячы ў камені — «трымайся». Гэтае слова — мыльная бурбалка, на «трымайся» немагчыма абаперціся.

Ужо паверце, я трымаюся, толькі не за гэтае слова. «Трымайся» не працуе, але яно для чагосьці трэба тым, хто яго піша, я не ведаю навошта, трэба падумаць як-небудзь у вольны час», — рэзюмуе Іна Карней.

Каментары4

  • Трымайся, давай, пака!
    23.07.2023
    Трымайся=ідзі на **р.
  • давай, падруга, папрауляйся)
    23.07.2023
    Трымайся, давай, пака!, 
    «Замовіла табе пірог)
  • дочка Максима Дизайнера
    23.07.2023
    колькі раз я гэта перажывала..
    ніхто табе не дапаможа. ніхто
    кожны чалавек, як і любая істота
    эгаіст

    жыццё - гэта боль


Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта3

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Усе навіны →
Усе навіны

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА11

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена12

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса4

Тры новыя станцыі метро адкрыюць у Мінску да канца года

Аўстрыя лёгка замяніла расійскі газ энергіяй ветру

Прэмію Гедройця сёлета атрымаў Валянцін Акудовіч2

Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі25

У Ізраілі ўхвалілі пагадненне аб спыненні вайны з «Хезбалой»3

Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта3

Чаму так рэзка даражэе даляр і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні? Спыталі ў эксперта

Галоўнае
Усе навіны →