Каханне і сэкс1212

«Чыноўнікі ў імпатэнты б запісалі». Гісторыі тых, хто вырашыў не заводзіць дзяцей

Беларускія чыноўнікі пачалі змагацца з чайлдфры. Ужо некалькі тэматычных паблікаў прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А за прапаганду ладу жыцця без дзяцей збіраюцца ўвесці адміністрацыйную адказнасць. Мы паразмаўлялі з людзьмі, якія лічаць сябе чайлдфры — яны тлумачаць свой выбар.

Ілюстрацыйны здымак

«Ці гэта не інфантыльна — разумець, што не можаш зарабіць і на двух дзяцей, але ж згадзіцца на трэцяга»

Максім, 38 гадоў:

«У мяне цяпер новае хобі з’явілася: люблю слухаць ды чытаць тое, што беларускія чыноўнікі кажуць пра чайлдфры. Яны ўсё спрабуюць намаляваць партрэт шаснаццацігадовай дзяўчынкі, якая «сёння хачу нараджаць дзяцей, заўтра не хачу, а ўвогуле купіце мне шакаладку». Ім не верыцца, што быць чайлдфры — гэта ўсвядомленае рашэнне дарослага чалавека. Мабыць, калі б чыноўнікі пачулі, што мужчына можа быць чайлдфры, хутчэй за ўсё ў імпатэнты б запісалі. Але ж не стану генераваць для іх ідэі.

У маёй сям'і было трое дзяцей — я малодшы. Калі маці зацяжарыла мной, то месяца да шостага не хадзіла ў жаночую кансультацыю. У яе былі вельмі вялікія праблемы са здароўем, яшчэ пасля маёй сярэдняй сястры маці папярэджвалі, што ёй нельга больш нараджаць, бо ёсць рызыка памерці. Шчыра кажучы, я не разумею зараз, навошта мама вырашыла зноў зацяжарыць. Яна кажа, што вельмі марыла пра вялікую сям'ю.

Мары марамі, але ж трэба ўлічваць рэальнасць. Маё дзяцінства было ў галодныя 90-я, бацькі працавалі ў інстытуце і зараблялі літаральна капейкі. Маці кінула працу і знайшла шмат падпрацовак, каб нас карміць. Тата проста звольніўся і пачаў піць. Кажа, што вельмі камплексаваў, што не можа забяспечыць жонку і дзяцей. Ай, гаварыць пра гэта не хочацца.

Ці гэта не інфантыльна? Разумець, што не можаш зарабіць і на двух дзяцей, але ж згадзіцца на трэцяга (разумеючы, што жонка ўвогуле можа памерці)! Але, мабыць, так для дзяржаўных СМІ і выглядаюць адказныя бацькі.

Сваё дзяцінства ўспамінаю як жах. Я шмат гадоў не ведаў, як гэта — набыць адзенне для сябе. Мы з сёстрамі апраналіся заўжды ў тое, што аддавалі маміны сяброўкі пасля таго, як іх дзеці выраслі. А якім быў наш рацыён… Адныя і тыя ж танныя крупы, бульба… Мяса, рыба — гэта для святаў. Цукеркі толькі калі да нас нехта прыходзіў у госці і частаваў.

Таму цяпер мяне пачынае трэсці, калі нехта кажа: «Дзіцяці мала чаго трэба! Есці будзе мамкіну цыцку, адзенне сяброўкі аддадуць. Ну а потым галоўнае не купляць айфоны!» Дзіцяці шмат чаго трэба. Кропка. Той жа айфон можа быць патрэбны для таго, каб адчуваць сябе добра сярод аднагодак.

Цяпер у мяне ёсць жонка, мы больш за дзесяць год разам. Мы з самага пачатку дамовіліся, што не плануем станавіцца бацькамі. Насамрэч я вельмі рады, што мы вырашылі не прыводзіць у гэты свет новага чалавека. Я плакаў, калі чытаў гісторыю пра сям'ю, дзе бацькоў арыштавалі па палітычных артыкулах, а іх дачку, якой крыху больш за годзік, аддалі чужым людзям.

Як гадаваць дзіця ў сучаснай Беларусі? Нашы сябры цяпер расказваюць жахі — у адных сына ў дзіцячым садочку пафатаграфавалі ў ваеннай форме «для патрыятычнага выхавання», у іншых да дачцы ў школу прапагандысты прыехалі. Дзіўна, але ж наш аргумент пра «мы чайлдфры, бо не жадаем гадаваць дзіця ў канцлагеры, а з’ехаць не маем магчымасці» многія зразумелі і перасталі казаць пра «трэба».

«Сказала жаніху, што калі ён хоча дзяцей, то са мной іх не атрымае»

Аксана, 35 гадоў:

«Доўгі час я думала, што калі-небудзь трэба будзе нарадзіць — хаця б «для сябе», як заўсёды казалі мае сваякі. Раней я заўсёды плакала на сямейных святах. Бо кожны даваў мне парады ці шкадаваў.

Потым я зразумела, што «для сябе» — гэта не вельмі добры варыянт, калі мы гаворым пра новага чалавека. Для сябе я кветкі магу набыць ці новую парфуму. Спачатку сорамна было прызнацца, але мне падабаецца мае жыццё і я не хачу яго змяняць. 

Мая маці вельмі хацела ўнукаў. І заўсёды казала мне і маёй старэйшай сястры: «Вы толькі нарадзіце, потым я сама буду гадаваць вашых дзетак». Мы, наіўныя, верылі. Але калі сястра нарадзіла, усе, хто гадамі яе ўгаворваў, зніклі недзе за гарызонтам. Я бачыла, як ёй цяжка. Ад нашай маці дапамогі няма, маці мужа заходзіць раз на некалькі месяцаў, каб сфатаграфаваць дзіця для сваёй старонкі ў Instagram або нарабіць сторыз. Муж увогуле лічыць, што сынам ён павінен пачаць цікавіцца гадоў пасля 14 хаця б… Ну вось каб на рыбалку і вось гэта ўсё.

І вось пасля гэтага я дакладна зразумела, што быць чайлдфры — цудоўнае рашэнне. Цяпер я маю жаніха, мы разам тры гады. Я сказала яму, што, калі ён хоча дзяцей, то са мной іх не атрымае. Ён пагадзіўся на гэта. У яго ёсць дзіця ад першага шлюбу. І вось ён сапраўды добры бацька, шмат часу праводзіць з дачкой. Мабыць, калі б яе не было, то ён бы не рызыкнуў узяць у жонкі чайлдфры. Але ж добра, што так атрымалася.

Дарэчы, хачу «падзякаваць» прапагандыстам. Некаторыя мае сваякі ўжо крычаць, што я ў нейкай секце чайлдфры і трэба мяне ратаваць».

«Падчас інтымнай блізкасці не магла расслабіцца — баялася зацяжарыць»

Таццяна, 42 гады:

«Чамусьці зараз прыгадала, як нехта ў дзяцінстве спытаў у мяне, колькі дзетак я планую нарадзіць, калі стану дарослай. «Дзяўчынку і хлопчыка!» — адказ быў падрыхтаваны. Вядома, я планавала, каб дзяўчынка была старэйшая і дапамагала даглядаць брата. У 42 гады я разумею, што гэта — клішэ, якое мне з самага маленькага веку навязвала грамадства.

Насамрэч я вельмі рана пачала ўсведамляць, што бацькоўства — гэта не пра ружовых поні на вясёлцы. У маёй сям’і было пяцёра дзяцей (я — чацвёртая). У нашай кватэры заўсёды было шмат людзей: у некаторы момант старэйшыя дзеці нарадзілі сваіх дзяцей і я вымушана была жыць разам не толькі з братамі і сёстрамі, але і з трыма пляменнікамі. Вядома, ні пра якую асабістую прастору гаварыць не прыходзілася, а маленькія дзеці рэгулярна псавалі мае любімыя рэчы. 

Памятаю, як у 15 гадоў сястра папрасіла мяне пагуляць на вуліцы з дзіцячым вазочкам. Я думала, што памру ад сораму — раптам нехта вырашыць, што гэта я дзіцё нагуляла?!

Пасляродавая дэпрэсія сястры праходзіла на маіх вачах. А далёкая сваячка неяк прызналася, што нарадзіла сына і дачку толькі таму, што баялася, што гадоў у 50 захоча дзетак, але будзе позна. Цяпер ёй за 40 і яна наўпрост кажа, што калі б усё магчыма было вярнуць, то дакладна б не нараджала («Толькі нікому не кажы, бо зацюкаюць!»). 

Потым я сустрэла свайго будучага мужа, і мы абмяркоўвалі, што калі я раптам зацяжару, то буду нараджаць. Але падчас інтымнай блізкасці лавіла сябе на тым, што не магу расслабіцца — баялася зацяжарыць. Ні аб якіх аргазмах гаворкі не ішло. Сталі карыстацца сродкамі кантрацэпцыі, і жыццё (у тым ліку інтымнае) стала значна лепшым.

Гадоў сем угаворвала сябе, што гэта нармальна — сям'я, дзеці, так павінна быць, і значыць, у мяне так будзе. Спатрэбілася яшчэ некалькі гадоў, каб, нарэшце, прызнацца сабе — дзяцей не хачу і не захачу ніколі. Гэтая думка спачатку крыху збянтэжыла, напалохала. Соцыум ціснуў: «Ну калі ўжо? Ты ж ужо хутка будзеш старая для таго, каб нараджаць!» І чым больш ціснулі, тым я больш усведамляла: не хачу. Пракансультавалася ў некалькіх псіхолагаў. Пыталася, што са мной адбываецца? Гэта нейкая фобія, з якой трэба працаваць? Ці гэта цалкам нармальна — не хацець станавіцца маці? І ўсе спецыялісты сказалі: «Так бывае. Людзі розныя, патрэбы ў іх розныя». Я выдыхнула.

Цяпер мне 42 гады. Апошнія выбары, рэпрэсіі, вайна моцна падкасілі маё здароўе. Цяпер я на пастаяннай аснове прымаю таблеткі, якія несумяшчальныя з цяжарнасцю. І вельмі чакаю менапаўзы, каб ад мяне адчапіліся ўсе».

Каментары12

  • беларуска
    17.07.2023
    Я люблю дзяцей і хачу завесьці іх у будучыні, але ні ў якім разе не навязваю свой выбар іншым. Лічу, што яны заслугоўваюць на тое, каб быць чаканымі, пажаданымі і любімымі сваімі бацькамі.
    Дзякуй за вашыя гісторыі, вы робіце так, як лічыце слушным для сябе, не давайце нікому вам указваць. Падтрымліваю вас
  • о
    17.07.2023
    Всем нам нужно быть индивидуальными.
  • Казік
    17.07.2023
    Хай робяць вазектамію

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь3

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

У цэнтры Брэста паставілі незвычайны арт-аб'ект

Трэснуў будынак гімназіі ў Віцебску, вучняў перавялі ў іншыя школы

«Усе фігачылі па орках з усмешкай на твары. Мяне затрохсоцілі, і ўсмешкі зніклі»24

Прадзюсара Аляксандра Чахоўскага будуць завочна судзіць ужо другі раз

Вынеслі прысуды фігурантам справы аб падрыве самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах — да 25 гадоў1

У Беларусі пачалі прадаваць корм «для сапраўдных квадробераў»3

Выйшаў на волю па памілаванні 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі

«Ляцелі вельмі нізка». Лукашэнка прызнаў пралёт дронаў над Беларуссю13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь3

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →