«Яны назваліся ЦРУ горада Мінска». СК сцвярджае, што «ашуканцы з Украіны» прымушаюць не толькі браць крэдыты, але і чыніць тэракты
СК заяўляе, што «ўкраінскія тэлефонныя махляры» спачатку вымагаюць грошы ў беларусаў, а потым штурхаюць на здзяйсненне цяжкіх злачынстваў, у тым ліку тэрарыстычных актаў.
Паводле СК, жанчына, якая падпаліла сярод дня міліцэйскі аўтамабіль у Гродне, дзейнічала па ўказанні тэлефонных ашуканцаў.
Абвінавачаная, як сцвярджае СК, расказала, што лжэсупрацоўнік банка звязаўся з ёй па тэлефоне за паўгода да падпалу і пераканаў прыняць удзел у «спецаперацыі» па выкрыцці нядобрасумленных супрацоўнікаў фінансавай установы. Яе пераканалі перавесці на рахунак ашуканцаў больш за 200 тысяч рублёў.
Для гэтага яна прадала кватэру.
Потым ёй пачалі тэлефанаваць «супрацоўнікі праваахоўных органаў». Яны растлумачылі жанчыне, што яна стала ахвярай падману, але ёсць магчымасць вярнуць кватэру.
«Лжэправаахоўнік пераканаў засмучаную жанчыну, што знаходзіцца ў Мінску і для таго, каб ён прыехаў у Гродна разабрацца ў яе бядзе, неабходна здзейсніць радыкальныя дзеянні — падпаліць службовы аўтамабіль супрацоўнікаў міліцыі. Абавязковая ўмова — фота– і відэасправаздача зробленай дыверсіі», — расказалі ў СК гісторыю з сумнеўнай логікай.
Жыхарка Гродна выканала ўсё, пра што яе прасілі, але пашкоджанні аўтамабіля былі нібыта недастатковымі. Ад яе запатрабавалі давесці справу да канца. У выніку жанчыну, паводле СК, нейкім чынам затрымалі, калі яна скіравалася на запраўку па бензін.
Яшчэ адзін падобны выпадак здарыўся ў Вілейцы. 42-гадовы жыхар горада па просьбе ашуканцаў узяў крэдыты на 19 тысяч рублёў і перавёў ім грошы.
Потым яго пераканалі падпаліць аддзяленне банка ў Маладзечне, бо якраз там знаходзяцца махляры, якія выкралі яго грошы.
«Яны назваліся ЦРУ горада Мінска», — кажа на відэа СК пацярпелы-падазраваны з заблюраным тварам і са змененым голасам.
Паводле яго аповеду, ён не хацеў падпальваць банк, але яму сказалі, што ў Маладзечне ў іх «свой чалавек», і пагражалі застрэліць. «Я баяўся», — кажа, паводле СК, жыхар Вілейкі.
«Для здзяйснення цяжкага злачынства фігурант адправіўся ў суседні раённы цэнтр, аднак схема ашуканцаў пайшла не па плане: мужчына адмовіўся выконваць іх указанні. Аферыстам прыйшлося імправізаваць, пад рознымі пагрозамі яны прымусілі мужчыну падпаліць аўтамабіль, які стаяў побач з банкам, а таксама каменем разбіць яшчэ адзін транспартны сродак, пасля чаго перасталі выходзіць на сувязь. Жыхара Вілейкі затрымалі праз некалькі дзён, і цяпер ён фігурант крымінальнай справы», — дадалі ў СК.
У Баранавічах ашуканцы пераконвалі 43-гадовую жанчыну падпаліць будынак ваенкамата. Перад гэтым яна перавяла махлярам больш за 33 000 беларускіх рублёў. Аднак падпальваць ваенкамат яна адмовілася.
Як запэўнівае СК, ва ўсіх выпадках беларусам тэлефанавалі з Украіны «пад куратарствам Захаду».
«Хацелася б адзначыць, што ў дзеяннях дыверсантаў украінскіх call-цэнтраў, якія курыруюць на Захадзе, відаць прыкметы асабліва цяжкага злачынства, за якое галоўным Законам Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца вышэйшая мера пакарання», — піша СК.
У якасці доказу, што беларусы сталі ахвярамі ўкраінцаў, у відэа СК гаворыцца, што суразмоўцы размаўлялі з украінскім акцэнтам і ўключалі гімн Украіны.
Каментары