Столтэнберг агучыў рашэнні, якія саміт NATO прыме ў дачыненні да Украіны
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг распавёў, што на саміце Альянсу ў Вільні лідары прымуць пакет аб Украіне, які будзе ўтрымліваць тры асноўныя элементы. Пра гэта Столтэнберг распавёў у пятніцу на прэс-канферэнцыі напярэдадні саміту NATO, паведамляе «Еўрапейская праўда».
«На саміце мы зробім Украіну яшчэ мацнейшай і агучым бачанне яе будучыні. Я чакаю, што саюзнікі прымуць пакет з трыма элементамі, каб наблізіць Украіну бліжэй да NATO», — сказаў Столтэнберг.
Паводле яго слоў, лідары ўзгодняць шматгадовую праграму падтрымкі, каб гарантаваць поўную ўзаемасумяшчальнасць паміж украінскімі Узброенымі сіламі і NATO.
Па-другое, як адзначыў генеральны сакратар, на саміце будуць абноўленыя палітычныя сувязі Украіны і НАТА шляхам заснавання Рады Украіна — NATO.
«І трэцяе. Я чакаю, што лідары пацвердзяць, што Украіна стане сябрам NATO, і будуць адзіныя ў тым, як наблізіць Украіну бліжэй да яе мэты», — сказаў Столтэнберг.
Ён дадаў, што NATO дапаможа Украіне ў пераходзе ад савецкага да натаўскага абсталявання і стандартаў.
Каментары