Спартыўны дырэктар футбольнага клуба «Нёман» з Гродна Дзмітрый Кавалёнак знаходзіцца на волі. Пра гэта паведамляе Reform.by на падставе інфармацыі з канала, блізкага да сілавікоў.
Інфармацыя пра затрыманне Дзмітрыя Кавалёнка з'явілася ўчора. У запісаным сілавікамі відэа ён гаварыў, што быў затрыманы за падпіскі ў сацсетках на «экстрэмісцкія матэрыялы». Праўладны канал сцвярджаў, што на мужчыну нібыта паскардзіліся самі футбалісты «Нёмана»: маўляў, ён «навязваў ім экстрэмісцкія ідэі».
45-гадовы Кавалёнак — легенда гродзенскага «Нёмана». За клуб ён адыграў 14 сезонаў, не пакінуў каманду падчас яе фінансавых цяжкасцей і застаўся з «жоўта-зялёнымі» ў якасці спартыўнага дырэктара пасля заканчэння кар'еры.
Каментары