Сяргей Чэрачань заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года
Старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», бізнэсмен і экс-кандыдат у прэзідэнты 2020 года расказаў «Народнай Волі» пра перарэгістрацыю сваёй палітычнай арганізацыі, прэзідэнцкія амбіцыі і стаўленне да тых, хто лічыць яго «падстаўной фігурай».
«Асабіста ў мяне захоўваюцца жаданне і сілы вылучаць сваю кандыдатуру на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Я і мая каманда шмат часу і сіл патрацілі на тое, каб прадстаўляць інтарэсы нашых выбаршчыкаў на палітычным полі», — кажа Сяргей Чэрачань.
Разам з тым ён кажа, што перспектыў паўплываць на нейкія палітычныя працэсы няма.
«Але я кажу пра доўгатэрміновую перспектыву. Спадзяюся, што перамены ў краіне калісьці будуць. Гэта пытанне часу. І да гэтага трэба рыхтавацца. Калі апусціць рукі цяпер, то хто будзе весці за руку новых хлопцаў, у якіх шмат ініцыятыў? Калі ўсе з'едуць з краіны, то дакладна нічога добрага не будзе», — кажа палітык.
Ён зазначае, што партыя падала ў Мінюст дакументы на рэгістрацыю без пайменнага спіса сяброў партыі, бо гэта вялікая рызыка для людзей, калі іх персанальныя даныя будуць у руках уладаў. Між іншым, у партыі цяпер 5180 сяброў.
Тым не менш ён упэўнены на 99 працэнтаў, што Вярхоўны суд партыю ліквідуе.
Адказаў Чэрачань і на закіды, што ён і яго партыя гуляюць па правілах улады.
«Я гуляю па пэўных правілах, бо ў нашай краіне ёсць чырвоныя лініі (асабліва пасля 2020 года), якія пераходзіць нельга. Так, асабліва не лезем на ражон, але гэтага і не адмаўляем. Усе мы выдатна разумеем, што калі б я цяпер выказваў той пункт гледжання, якога прытрымліваюцца нашы калегі, якія з'ехалі на Захад, то ўжо даўно сядзеў бы ў турме. Альбо прыйшлося б з'язджаць за мяжу ў багажніку машыны. Але гэта не кажа, што я пры ўсёй маёй асцярожнасці не прадстаўляю інтарэсы сваіх людзей», — кажа кіраўнік партыі.
***
На выбарах 2020 года Сяргей Чэрачань, паводле звестак ЦВК, набраў 1,14%. Зрэшты Ціханоўскай ЦВК тады напісаў 10,14%, хоць паводле вынікаў платформы «Голас» і незалежных экзіт-полаў яна перамагла, і фальсіфікацыя вынікаў выбараў выклікала масавыя пратэсты.
У Ганны Канапацкай, паводле афіцыйных звестак, было 1,68%, у Андрэя Дзмітрыева — 1,21%.
Віктара Бабарыку, які заявіў пра ўдзел у выбарах, затрымалі разам з сынам 18 чэрвеня, да выбараў не дапусцілі, а праз год асудзілі да 14 гадоў зняволення.
Валерый Цапкала быў вымушаны з сям'ёй з'ехаць. Заяўляў пра ўдзел у выбарах Сяргей Ціханоўскі, але яго групу не зарэгістравалі, 29 мая 2020 года затрымалі і праз паўтара года далі 18 гадоў калоніі. Яго жонка, Святлана Ціханоўская, якая фактычна стала адзіным кандыдатам, вымушана была пакінуць краіну.
Заяўлялі пра ўдзел у выбарах Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Уладзімір Няпомняшчых, Юрась Губарэвіч, Алесь Таболіч, але яны або зняліся з гонкі, або не здавалі подпісы.
У выніку Кавалькова, Губарэвіч, Таболіч апынуліся ў эміграцыі, Няпомняшчых і Казлоў — за кратамі.
У студзені 2023 года прыйшлі па Андрэя Дзмітрыева. Праз некалькі месяцаў яму далі паўтара года калоніі.
Каментары