Выйшла кніга пра тое, як нашы продкі ў часы Рэчы Паспалітай вялі палітыку на рэгіянальным узроўні
У Вільні пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта выйшла даследаванне гісторыка Андрэя Мацука «Павятовыя соймікі ў сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (1697—1764 гг.)». У 600-старонкавай кнізе, у якой гаворка вядзецца пра падзеі больш чым 300-гадовай даўніны, можна пабачыць нямала перагукаў і з сучаснасцю.
Тэкст гэтай кнігі Андрэй Мацук падрыхтаваў яшчэ ў 2019 годзе, калі працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У акадэмічным выдавецтве ў Мінску яна мелася і выйсці. Але ў 2020 годзе аўтар разам з іншымі супрацоўнікамі ўстановы сышоў з інстытута ў знак салідарнасці з калегамі, якія патрапілі пад палітычны пераслед. У выніку друк кніжкі стаў магчымым толькі цяпер, ужо за межамі Беларусі.
Новае даследаванне паказвае, што парламентарызм у Беларусі мае глыбокія гістарычныя карані.
У Вялікім Княстве Літоўскім існавала добра распрацаваная працэдура склікання, арганізацыі дзейнасці і функцыянавання павятовых соймікаў. Гэтыя інстытуцыі займаліся вялікім колам пытанняў, датычных як жыцця асобнага павета, так і дзяржавы ў цэлым.
У кнізе ёсць інфармацыя па ўсіх 24 павятовых сойміках ВКЛ, якія праходзілі ў вызначаных для іх гарадах, часта нават у спецыяльна для гэтага зробленых будынках. Сярод соймікавых гарадоў — Слонім, Мсціслаў, Ашмяна, Ліда, Рагачоў, Мазыр, Ваўкавыск, Пінск, Полацк, Браслаў і іншыя. На шматлікіх прыкладах у даследаванні паказаныя колькасны склад і кола ўдзельнікаў гэтых прадстаўнічых мясцовых форумаў.
У кнізе пераглядаюцца шматлікія міфы адносна соймікаў, якія сёння прапагандуюцца ў расійскай і савецкай гістарыяграфіі. Так,
шматлікія зафіксаваныя ў дакументах прыклады сведчаць, што шляхта ў першую чаргу імкнулася ўсё ж не зрываць соймікі, як часта сцвярджаецца, а вырашаць на іх спрэчныя пытанні пры дапамозе кансэнсусу ці галасавання.
А ў крызісны час Паўночнай вайны менавіта павятовыя соймікі ўзялі нават на сябе пэўныя функцыі органаў выканаўчай і судовай улады.
Пэўны час нават падавалася, што мясцовы парламентарызм у ВКЛ пойдзе па шляху Вялікабрытаніі, але ўрэшце гэты працэс быў спынены, а ў выніку рашэнняў сойма 1717 года соймікі ўвогуле страцілі шмат сваіх паўнамоцтваў.
Абвяргае аўтар і яшчэ адзін запушчаны расійскай і савецкай гістарыяграфіяй міф, што шляхта нібыта была абыякавай да лёсу сваёй дзяржавы, а таму яна не рабіла ніякіх крокаў, скіраваных на яе рэфармаванне.
Насамрэч шляхта не толькі разумела, што дзяржава знаходзілася ў крызісе, але і рабіла прапановы па рэфармаванні яе ладу. У кнізе прыводзіцца шмат доказаў гэтаму.
Іншая рэч, што гэтыя прапановы не былі рэалізаваныя на больш высокім узроўні з-за пастаяннага зрыву соймаў Рэчы Паспалітай.
Дакументы соймікаў пераканаўча паказваюць, што галоўную пагрозу для Вялікага Княства Літоўскага шляхта бачыла з боку Расіі.
Гэта тычылася як памежных канфліктаў, так і пытання беглых сялян, якія тысячамі ўцякалі ў Вялікае Княства Літоўскае. Шляхта небеспадстаўна бачыла экспансіянісцкія памкненні Расіі ў імператарскім тытуле яе ўладароў, які змяшчаў у сабе згадкі земляў Вялікага Княства Літоўскага.
Усе высновы аўтара заснаваныя на шматлікіх матэрыялах з архіваў і бібліятэк Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Латвіі, Расіі, Аўстрыі, Германіі і Францыі.
Набыць гэтую кнігу, якая выйшла абмежаваным накладам у 100 асобнікаў, можна ў Вільні ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Savičiaus g. 17) і ў Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе (plac Konstytucji 6).
Чытайце таксама:
-
Археолагі сцвярджаюць, што старажытны горад на Менцы ўзнік у канцы X стагоддзя
-
Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік. Хто яшчэ з беларусаў яе атрымліваў?
-
«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
Каментары