Грамадства33

«Паплачу — і адпускае». Дзве беларускія маці — пра свой дэкрэт

Два розныя досведы тых, хто нядаўна нарадзіў.

«Гэта доўгачаканае дзіця, якое мне адкрывае шмат чаго ў сабе»

Анжаліка (імя змененае) выхоўвае першае дзіця і не хавае, што ад статусу маці атрымлівае задавальненне: «Магу сказаць, што я — шчаслівая мама ў дэкрэце, нягледзячы на некаторыя цяжкасці. Гэта доўгачаканае дзіця, якое мне адкрывае шмат чаго і ў сабе, і ў свеце, гэта вельмі крута. Прыйшла да мацярынства падрыхтаванай, бо перад тым, як гэтае дзіця ў нас з’явілася, шмат праз што давялося прайсці. Таксама мы з мужам рыхтаваліся да бацькоўства і праходзілі курсы, у нас былі партнёрскія роды, а туды не пускаюць без сертыфіката аб падрыхтоўцы, але я і сама шмат чытала, слухала і глядзела пра мацярынства».

Як расказвае маладая маці, пакуль што яна назірае «суцэльнае замілаванне дзіцем» і добразычлівае стаўленне да яго з боку навакольных — хаця, магчыма, гэта проста шанцаванне: «Усе любяць немаўлятак, яны пухленькія, міленькія. У нашай паліклініцы ўсе дактары добразычлівыя, стараюцца забаўляць малога, каб адцягваць яго ўвагу і каб ён не баяўся».

Таксама жанчына не сутыкалася з праблемамі ў камунікацыі з дзяржавай наконт дзіцяці, магчыма, яны пачнуцца разам з перыядам садкоў і школ. Анжаліцы не хочацца, каб малы трапіў пад уплыў дзяржаўнай ідэалогіі, але яна прызнае — шмат што залежыць ад сваякоў і ўнутранай абстаноўкі ў сям’і, ад таго, якія дадатковыя заняткі бацькі будуць прапаноўваць дзіцяці.

Але не ўсё так бязвоблачна, бо жанчына вымушаная часова выхоўваць дзіця без яго таты: «Галоўная мая цяжкасць цяпер у тым, што муж — палітвязень, таму я засталася без яго дапамогі. А так я б не сказала, што дэкрэт для мяне — складаная рэч, бо маё дзіця чаканае, жаданае і любімае. Неяк спраўляемся, і родныя дапамагаюць. Канешне, ёсць і моманты, калі ўвечары трэба схадзіць у душ, і прыходзіцца дзіцёнка ставіць побач з сабой у дзіцячым крэсле, неяк яго забаўляць, агукаць яму, каб ён не плакаў. А калі бацькоў двое, адзін з іх мог бы на нейкі час браць дзіця сабе.

Часу на сябе, канешне, амаль не застаецца, бо ў асноўным прысвячаеш яго дзіцёнку. Калі ён спіць, можна чымсьці займацца, але звычайна хочаш проста плюхнуцца на канапу, валяцца і нічога не рабіць».

Шмат часу ў Анжалікі сыходзіць і на ўсё, звязанае з мужам. Каб да яго з’ездзіць, трэба доўга рыхтавацца, недзе тыдзень. За гэты час беларуска некалькі разоў ходзіць у краму з малым, або нехта з родных бярэ на сябе дзіця і адпускае жанчыну на гадзінку. Потым прыходзіцца шукаць, хто б адвёз сям’ю да мужа і таты, бо сама Анжаліка не водзіць машыну.

Як муж падтрымлівае сувязь з дзіцём? «Часам прыязджаем да яго і дасылаем фотаздымкі, тэлефануем — вось і ўсё. Канешне, муж вельмі сумуе, дзіця яшчэ ўсяго гэтага не разумее. Самае прыкрае, што муж не бачыць, як расце сын, а ён расце проста на вачах».

Беларуска прызнаецца, што стамляецца, але скардзіцца не хоча: яна свядома выбрала свой шлях і больш-менш дае рады з усім. Падтрымліваюць родныя і сябры. Жанчына амаль што не купляе дзіцёнку ніякіх рэчаў, бо ўсё ёй аддаюць іншыя людзі, і гэта добрая дапамога. 

Але выдаткі ўсё роўна ёсць: «Калі ў нас нарадзілася дзіця, усе запытваліся, што падарыць — магчыма, залаты крыжык? А мы такія: навошта гэтаму дзіцяці залаты крыж, падарыце нам памперсы! Яны вельмі дарагія, ды і хутка сканчваюцца, таксама як і дробязі накшталт сурвэтак, мыйных сродкаў для дзіцяці. Магчыма, адзенне таксама ўлятае людзям у капеечку, але гэта не наш выпадак, бо нам з адзеннем, як і з цацкамі, моцна дапамагаюць. Раз на тыдзень водзім малыша ў басейн, абанемент на месяц каштуе 100-125 рублёў у залежнасці ад колькасці наведванняў, але гэта ж не абавязковы артыкул выдаткаў».

Анжаліка дзеліцца, што пра выхад на працу пакуль не думае. Яна чакала, што ў яе, калі яна стане маці, з’явяцца нейкія новыя хобі, як гэта часта бывае з жанчынамі ў дэкрэце. Гэтага не здарылася, але з’явілася нешта больш значнае — уменне засяроджваць увагу на галоўным і не ўпадаць у роспач ад таго, што робіцца навокал, бо цяпер Анжаліка мае нешта, у чым сябе знайшла.

«Не магу сказаць, што мацярынства — адназначна маё прызначэнне, але яно мне падабаецца і я займаюся дзіцём з асалодай. Атрымала з мацярынствам новы ўзровень шчасця, разумення сябе і гэтага свету. Заставацца ў Беларусі і расціць дзіця тут — свядомы выбар, і я вельмі хацела б, каб мой сын тут жыў і працаваў дзеля гэтай краіны. У любым выпадку, будзем старацца гадаваць яго патрыётам і будзем спадзявацца, што ён вырасце на Радзіме», — кажа маладая мама.

«Мяне расцілі з савецкімі ўстаноўкамі, маўляў, нешта не падабаецца — адразу па срацы. Я не магу так»

Лілія (імя змененае) з сям’ёй жыве ў вялікім горадзе з добрай інфраструктурай. Калі яе першае дзіця было малым, не хапала розных пандусаў, каб можна было праехаць з вазком, а таксама дзіцячых пляцовак. Цяпер з гэтым лепш, але, заўважае яна, дзіцячыя пляцоўкі навокал па-ранейшаму старыя і неагароджаныя.

Нягледзячы на наяўнасць двух малых дзяцей, Лілія з мужам прымудраюцца знаходзіць час на сябе: «Бывае, выбіраемся ў рэстаран, можам там паесці піцы. Дзіця, як нагуляецца, можа там заснуць, і тады можна спакойна пасядзець, але ўсё роўна ёсць адчуванне турботы, што зараз яна прачнецца і пачне равець на ўвесь рэстаран. Магчыма, людзі на гэта і не звяртаюць увагі, але ты сам адчуваеш, што дзеці перашкаджаюць іншым. Бывае, сябры без дзяцей кажуць, як недзе крычалі малыя, і ты бачыш, што людзям непрыемна.

Хочацца больш дапамогі ад сваіх бацькоў і бацькоў мужа, каб яны часцей бралі дзяцей да сябе пагуляць і каб мы маглі з мужам пайсці кудысьці разам. Цяпер мы часам пакідаем малую са старэйшым дзіцём, і яны могуць пасядзець спакойна хвілін 40, а мы — схадзіць у краму ці проста прагуляцца, на ўсякі выпадак пакідаю старэйшай свой тэлефон. Гэта бывае хіба што раз на тыдзень, і мы з мужам вельмі сумуем адно па адным. Хаця жывём разам і спім у адным ложку, нам адно аднаго не хапае».

Жанчына дзеліцца сваім раскладам, які мала змяніўся з часу родаў: «Прачынаешся рана, калі раптам дзіця яшчэ спіць, маеш крышачку часу на сябе. Калі дзіця яшчэ было зусім малое, яно спала больш і можна было адчуць сябе вальней, а калі яно ўжо стала расці, на сябе засталося менш часу. Часам робім заданні на развіццё, можам паглядзець мульцікі. Майму дзіця ўжо два гады, і часам яно мне дапамагае.

Калі дачка была меншая, мы яе агароджвалі ў пакоі і яна там хадзіла, і ў мяне быў нейкі час на сябе. Цяпер жа яна пачала пералазіць цераз агароджу, штурхае мяне — дай тое, дай гэтае, пагуляй са мной. Нейкі вольны час яна дае, але ўсё роўна прыходзіцца сядзець ноччу: да першай гадзіны не сплю, спрабую патраціць час на сябе, хоць раніцай і не магу прачнуцца. Люблю маляваць, гляджу ў гэты час розныя відэа, вывучаю сайты па маляванні. Таксама пішу апавяданні на беларускай мове».

Лілія расказвае, што шмат грошай стала сыходзіць на ежу, цэны заўважна растуць. Пашанцавала, што сям’і дапамагаюць з адзеннем на малую, бо ў краме маленечкая цішотка каштуе 35 рублёў — Лілія сабе такое дазволіць не можа. Звычайна бярэ адзенне ў танных турэцкіх ці азербайджанскіх крамах, фірмы накшталт «Бусліка» для яе дарагія.

«Мы сябе адносім да сярэдняга класа — усё ж такі можам раз на месяц схадзіць у рэстаран, хаця і не так шмат там выдаткоўваем. Але ж хацелася, каб і дэкрэтныя, і заробкі ў нас былі большыя, бо ў асноўным ты не жывеш, а выжываеш. Большасць бюджэту сыходзіць на ежу. Раней я магла раз на месяц набыць нешта для свайго малявання, а цяпер мне прыходзіцца на гэта збіраць.

Атрымліваю 800 рублёў дэкрэтных — з іх толькі з кватэру з ацяпленнем трэба заплаціць 200 рублёў. Потым трэба заплаціць за прадлёнку для старэйшай у школе, набыць нешта для дзяцей, каб іх папесціць. Летам яны захочуць у парк, а на гэта трэба рублёў 40», — кажа Лілія.

Дачцэ жанчыны не даюць дзіцячы садок побач з домам, прыходзіцца ехаць у садок за 12 прыпынкаў, а потым яшчэ ісці 10 хвілін. Лілія не ўяўляе, як будзе спраўляцца, калі выйдзе на працу, бо трэба і старэйшую са школы забраць, і за малой паспець. Але праблем з працоўным месцам, як гэта часам бывае пасля дэкрэту, у жанчыны не будзе — на працы яе чакаюць, бо людзей там не хапае.

Ліліі ёсць што расказаць і пра кармленне грудзямі: «У мяне быў проста жахлівы досвед з першай дачкой. Мне тады было вельмі мала гадоў, і ў радзільні мне не паказалі, як карміць дзіця, проста кінулі. Я не ведала, што рабіць, а беднае дзіця разрывалася ад плачу, бо было галоднае. Мне прапаноўвалі даць бутэльку, але я думала, што я павінна карміць сама. Карміла як магла, і ў выніку мы з аслабленым дзіцём трапілі ў бальніцу на тры тыдні».

На шчасце, досвед з другой дачкой быў больш удалы.

З самага пачатку першага дэкрэта Лілія перажывала дэпрэсію, дагэтуль адчувае яе наступствы. 

«Часам не ведаеш, што рабіць, ні на што няма сіл — ні памыць падлогу, ні працерці пыл. А потым паплачу сама сабе ці мужу, і крыху адпускае. Думаю, была б здаравейшая, калі б была магчымасць схадзіць да псіхолага. Але на гэта трэба шмат грошай, а тут і так трэба дзяцей расціць, калі яшчэ і псіхолага ўзяць — будзе крэдыт, горшы за іпатэку.

Мяне расцілі з савецкімі ўстаноўкамі, маўляў, нешта не падабаецца — адразу па срацы, і ты ніхто, станеш кімсьці, калі падрасцеш. Не магу так размаўляць са сваімі дзецьмі, хаця мае старэйшыя сваякі і спрабуюць навязаць сваю мадэль выхавання, але я гэта і слухаць не хачу. А яшчэ не люблю людзей, якія лезуць не ў сваю справу і не ведаюць кантэксту, але пачынаюць цябе лаяць пры тваім дзіцяці. Гэта датычыць больш дарослых людзей, гадоў за 60. Пытаюцца, чаму дзіця без шапкі, а на вуліцы +15», — дзеліцца Лілія.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Тысяча рублёў — лёгка, гэта ўнікальны прадукт». Жыхарка Гродна ў дэкрэце прыдумала прыбытковы занятак

Немаўлятка, глухое ад нараджэння, чуе першыя гукі — рэакцыя

«Якое шчасце нарадзіць, калі табе пад 50»: мінчанка ў 50 гадоў адвяла дзіця ў садок

Каментары3

  • Максим Дизайнер
    01.05.2023
    Переезжайте в Канаду а шею принцу из Уганды. Там через 2 недели - месяца уже на работу пора, или уволят на.
  • дочка Максима Дизайнера
    01.05.2023
    Дизайнер, ну.
    800 рублёў дэкрэтных.. ясна, што гэта невялікія грошы, але.. столькі не кожная і не кожны атрымлівае зарплаты.. асабліва ў правінцыі
  • Илья
    02.05.2023
    Максим Дизайнер, там декретные меньше, а другие пособия больше

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Усе навіны →
Усе навіны

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

Пісьменніца Лілі Эберт, якая выжыла ў Асвенціме, памерла ва ўзросце 100 гадоў

Смяротны ўраган «Мілтан» ударыў па Фларыдзе1

Краўцоў разважае, чаму Лукашэнка не ідзе на перамовы з Захадам4

У Краснадарскім краі УСУ пацэлілі ў склад з боепрыпасамі

Мазырскі НПЗ пакуль так і не аднавіў аб'ёмы вытворчасці, якія былі да летняга ўрагану. Магчыма, робіць гэта свядома4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Галоўнае
Усе навіны →