Фізаліс, ці Залатая ягада. Пачніце вырошчваць, і не пашкадуеце
Гэтая расліна мае некалькі відаў. У агародах беларусаў даўно прыжыўся дэкаратыўны, які выкарыстоўваюць у якасці сухога букета. А мы раім звярнуць увагу на фізаліс сунічны, ядомы, які будзе даспадобы як дарослым, так і дзецям.
Радзіма фізаліса — Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка. Яго сучасная назва паходзіць ад грэчаскага слова φυσαλίς, ці «пузыр», якое добра характарызуе пузырападобную чашачку (ліхтарык), у якой схаваны плод.
Найбольш смачным зʼяўляецца сунічны фізаліс. Яго незвычайны смак нагадвае суніцы, ананас, агрэст. Спелая ягада мае прыемны водар.
Сунічны фізаліс ужываюць свежым, выкарыстоўваюць у якасці ўпрыгожання кулінарных вырабаў, вараць варэнне, джэмы, сушаць.
Лекавыя ўласцівасці фізаліса
Гэтая расліна лічыцца каштоўным дыетычным прадуктам. Дзякуючы біялагічна актыўным рэчывам, якія ўтрымлівае фізаліс, яго можна выкарыстоўваць пры захворваннях мочавыводзячых шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту.
Ён аказвае мачагоннае, спазмалітычнае, антымікробнае, супрацьзапаленчае і глістагоннае дзеянне. Фізаліс багаты на пекцін, які вельмі важны для стабілізацыі абмену рэчываў.
Таму расліна зніжае халестэрын, паляпшае перыферычны кровазварот, дапамагае выводзіць з арганізма мікробныя таксіны, радыенукліды і цяжкія металы.
Як вырошчваць фізаліс
Насенне фізалісу можна сеяць адразу ў парнік на глыбіню да 1 см, калі зямля прагрэецца да 10 градусаў (канец красавіка — пачатак мая).
Для паскарэння плоданашэння рэкамендуецца вырошчваць фізаліс праз расаду. Высяваюць насенне ў сакавіку. Даглядаюць, як і памідоры. Пры наяўнасці 2-3 лістоў — пікіруюць. Перад высадкай у адкрыты грунт мусова флянцы загартаваць.
У агарод падрошчаную расліну высаджваюць пасля таго, як міне пагроза замаразкаў. На адзін квадратны метр высаджваюць не больш за 6 раслін.
Не варта саджаць фізаліс на тых месцах, дзе ў мінулым сезоне раслі баклажаны, перцы, бульба, памідоры. Лепш за ўсё падыходзяць участкі, дзе расла капуста, морква, буракі ці гарбузы.
Як даглядаць фізаліс
Фізаліс не патрабуе асаблівага дагляду. Глебу дастаткова перыядычна варушыць і палоць зелле пад ім. Расліна не патрабуе значнага паліву. Але лепш не высушваць зямлю, бо гэта адабʼецца на развіцці. Таму паліваць рэкамендуецца раз на 3—4 дні. У спякоту — часцей.
Фізаліс не пасынкуюць, бо асноўны ўраджай даюць менавіта пасынкі. Пры неабходнасці расліну падвязваюць да апоры. Падкормкі праводзяць раз на два тыдні.
Фізаліс не баіцца каларадскага жука, хоць і адносіцца да сямейства паслёнавых. Яму не страшная таксама фітафтора. Таму ён не патрабуе ніякіх хімічных апрацовак. Гэта робіць ураджай экалагічна чыстым.
Калі збіраць фізаліс
Сунічны фізаліс пачынае плоданосіць прыкладна праз 100 дзён пасля пасадкі і да канца верасня. Спелыя плады мяняюць афарбоўку сваёй чашачкі (яна становіцца блякла-жоўтай) і ападаюць на зямлю.
Яны могуць праляжаць на зямлі не сапсаваўшыся, 7-10 дзён (калі надворʼе сухое). Таму рэкамендуецца зямлю вакол расліны замульчаваць (пакрыць спанбондам, саломай, сенам ці пілавіннем).
Плады невялікія (да 12 мм) і вагою да 10 грамаў. На выгляд яны бурштынава-празрыстыя і нагадваюць колер хурмы ці мандарына. Ураджай збіраюць раз на тыдзень. Але паверце, калі вы пакаштуеце гэтую ягаду, то будзеце хадзіць на ўчастку пошуках спелых пладоў кожны дзень! Для ўжывання дастаткова разарваць чашачку.
Які сорт выбраць
Цяпер на рынку Беларусі прысутнічае каля дзясятка розных сартоў сунічнага фізалісу розных селекцый. Яны адрозніваюцца ў асноўным велічынёй пладоў і памерамі расліны. Паспрабуйце некалькі сартоў і вызначцеся, які вам больш падыходзіць.
Сорт «Філантроп» адрозніваецца самымі маленькімі пладамі (1 грам) і вышынёю да 30 см. Яго можна вырошчваць у адкрытым грунце. Праўда, ад усходаў да поўнай спеласці праходзіць 120 дзён.
Сорт «Папялушка» мае ягады ў 3-5 грамаў. Вырастае ў адкрытым грунце да 40-50 см, у цяпліцы пры падвязцы — да 100-110 см. Гэта ранняспелы сорт.
Сорт «Аранжавы россып» вырастае ў цяпліцы да 1-1,2 метра. Ён сярэдняспелы. Ягады 6-8 грамаў. Абяцаная ўраджайнасць — 2,5 кг з метра квадратнага.
Сорт «Дачны букет» ранняспелы, адрозніваецца істотна большымі ягадамі — да 9 грамаў і вышынёю да метра. Чаканая ўраджайнасць — да 3 кг з квадратнага метра.
У ранняспелага сорту «Рахат-лукум» расліны невялікія (30-50 см) і плады вагою 6-12 грамаў. Плады вельмі салодкія.
Чытайце яшчэ:
Гэтая расліна не толькі ўпрыгожыць велікодны стол, але і ўзбагаціць ежу вітамінамі
Чарамша — скарбніца вітамінаў. Вось што з яе можна гатаваць і як вырошчваць
Каментары