Ціханоўская ў Сенаце ЗША: Трэба гарантаваць, што ў пасляваенных дамоўленасцях не будзе месца асаблівым інтарэсам Расіі ў Беларусі
Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях па беларускім пытанні ў амерыканскім Сенаце, падчас якіх паставіла пытанне аб тым, якім мусіць быць месца Беларусі ў пасляваенным свеце, і заклікала амерыканскія ўлады гэтаму спрыяць.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская коратка апісала нярадасную сітуацыю ў сённяшняй Беларусі, падкрэсліўшы:
«Рэжым абыходзіцца з палітвязнямі як з закладнікамі, выкарыстоўваючы іх, каб сеяць страх унутры краіны і гандлявацца за міжнароднае прызнанне. Рэжым падтрымлівае высокі ўзровень тэрору, мяняючы палітычную сістэму, ідэалогію і заканадаўства на неасталінізм. У Беларусі само паняцце салідарнасці па-за законам, рэжым спрабуе разарваць усе гарызантальныя сувязі ў грамадстве».
У сувязі з тым, што адбываецца,
«цяпер мы павінны вырашыць дзве найскладанейшыя задачы: вызваліць Беларусь ад тыраніі і захаваць яе незалежнасць». І «нам неабходная дапамога свету, каб перамагчы ў гэтай бітве».
З 2020 года мы назіраем беспрэцэдэнтны паток падтрымкі і салідарнасці, канстатавала Ціханоўская. А цяпер «мы павінны ператварыць гэтую энергію ў міжнародную стратэгію для незалежнай і суверэннай Беларусі».
Ціханоўская сцвярджае:
«Надышоў час для жорсткага адказу на варожыя, каланізатарскія дзеянні Расіі супраць Беларусі. Я заклікаю свет падтрымаць наша патрабаванне аб поўным вывадзе расійскіх войскаў з Беларусі і поўным спыненні іх удзелу ў вайне. Мы не можам адкладваць пытанне Беларусі да заканчэння вайны.
Як мы бачым, дэмакратычная Беларусь рэзка скараціла б шлях да перамогі Украіны. Больш за тое, мы бачым, што дасягненне ўстойлівага міру магчымае ў выніку комплекснага падыходу да стабілізацыі ў рэгіёне. Такі падыход павінен уключаць план Маршала для Украіны, Малдовы і Беларусі, паколькі рэгіянальная бяспека і стабільнасць магчымыя толькі тады, калі ўсе гэтыя краіны будуць вольныя ад кантролю Масквы.
Нам таксама трэба гарантаваць, што ў пасляваенных дамоўленасцях не будзе месца асаблівым інтарэсам Расіі ў Беларусі. Такія ўгоды закладуць аснову для новай нестабільнасці. У дыскусіі пра мір павінны ўдзельнічаць і беларускія дэмакратычныя сілы, якія валодаюць легітымнасцю і думаюць пра нацыянальныя інтарэсы».
Заклікаўшы ЗША і яе краіны-аднадумцы працягваць падтрымліваць Украіну, у тым ліку самай перадавой ваеннай тэхнікай, Ціханоўская падкрэсліла:
«Вайна дала зразумець беларусам, што адносіны з варожай Расіяй мусяць змяніцца. Аб'яднаны пераходны кабінет распрацаваў падыход да перагляду адносінаў з Расіяй, які ўключае ў сябе выхад з ваеннага саюза з Расіяй і Дамовы аб Саюзнай дзяржаве.
Замест гэтага мы пачалі працаваць над еўрапейскай перспектывай для Беларусі, што будзе ўключаць далучэнне да рэгіянальных ініцыятываў і шырокага партнёрства з суседнімі дзяржавамі. Я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць гэтую стратэгічную змену для Беларусі».
Цяпер, на думку Ціханоўскай, надышоў зручны момант для абнаўлення амерыканскага Закона аб дэмакратыі ў Беларусі з улікам ролі Лукашэнкі ў вайне і прапановай адпаведнай палітыкі для ўрада ЗША. Яна заклікала ЗША
«цалкам адмовіцца ад прызнання Лукашэнкі і яго рэжыму як падкантрольных замежным сілам на шкоду самой дзяржаўнасці Беларусі. Гэты працэс павінен суправаджацца ўсё большым прызнаннем дэмакратычных сілаў».
А «Лукашэнка заслугоўвае таго, каб сядзець побач з Пуціным перад трыбуналам за здзейсненыя злачынствы».
Пры канцы прамовы Святлана Ціханоўская зрабіла акцэнт на неабходнасці
«не проста трымаць Беларусь у парадку дня, але зрабіць гэтую ўвагу практычнай, засяродзіць міжнародныя намаганні на тым, каб адабраць прастору і рэсурсы ў рэжыму. Супрацоўніцтва з ЗША ў гэтай сферы аказалася дзейсным, і яго можна яшчэ больш нарасціць, асабліва калі гаворка ідзе пра ААН і Раду бяспекі».
Чытайце таксама:
Рада Еўропы ўпершыню ў гісторыі пачынае супрацоўніцтва з урадам у выгнанні. Чаго чакаць?
Ціханоўская ўзняла пытанне ядзернай зброі ў Беларусі на сустрэчы з Саліванам
Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, зрабілі з Беларусі цэль для ўдару — Ціханоўская
Каментары