Рада Еўропы ўпершыню ў гісторыі пачынае супрацоўніцтва з урадам у выгнанні. Чаго чакаць?
Рада Еўропы прыняла беспрэцэдэнтнае рашэнне: замарозіла ўсе кантакты з афіцыйным Мінскам і ўстанавіла супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі, прызнаўшы іх прадстаўнікамі краіны і народа.
Пад эгідай кантактнай групы Рады Еўропы па супрацоўніцтве з Беларуссю нядаўна адбылася першая сустрэча, на якой абмяркоўвалася сітуацыя ў беларускіх незалежных медыя ў выгнанні і патрэбы незалежнай журналістыкі.
Чаму Рада Еўропы змяніла беларускага партнёра? Што набудуць дэмакратычныя сілы і што ад гэтага страціць рэжым Лукашэнкі?
«Наша Ніва» пагутарыла з Аляксандрам Шлыкам, спецыяльным дарадцам Святланы Ціханоўскай па выбарах і яе прадстаўніком у кантактнай групе Рады Еўропы.
Што адбылося: храналогія
У сакавіку 2022 года Камітэт міністраў Рады Еўропы замарозіў усе кантакты з афіцыйным Мінскам. Рада Еўропы мела ў Мінску невялікі прадстаўнічы офіс, рэалізоўваліся некаторыя праграмы па супрацоўніцтве, аднак пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ўсе стасункі з рэжымам Лукашэнкі былі згорнутыя.
Тым часам дэмакратычныя сілы разам з грамадзянскай супольнасцю пачалі працу над фармалізацыяй адносін з Радай Еўропы. У выніку 7 верасня 2022 года была створаная кантактная група Рады Еўропы па Беларусі. Ад імя Беларусі ў ёй выступаюць 10 чалавек — прадстаўнік Ціханоўскай, прадстаўнік Аб’яднага пераходнага кабінета, дэлегат Каардынацыйнай рады і сем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
«Кантактная група правяла першую сустрэчу ў лістападзе мінулага года, другую — у студзені гэтага года. Спачатку мы перазнаёміліся адно з адным, вызначылі прыярытэты супрацоўніцтва Беларусі з Радай Еўропы, а ў студзені ўжо прынялі канкрэтны план дзеянняў, які складаецца з 15 пунктаў», — распавёў Аляксандр Шлык.
Што ўяўляе сабой праграма супрацоўніцтва Беларусі з Радай Еўропы?
Супрацоўніцтва ўключае такія пытанні, як адмена смяротнага пакарання, дапамога незалежным журналістам, дапамога палітзняволеным і іх блізкім, уключэнне моладзі ў дэмакратычны працэс, садзейнічанне роўнасці жанчын і мужчын і недыскрымінацыі.
Адным з прыярытэтаў на найбліжэйшы час з’яўляецца праца з беларускімі юрыстамі, у прыватнасці — з адвакатамі, пазбаўленымі ліцэнзій: важна, каб яны заставаліся ў прафесіі, каб не гублялі свае прафесійныя навыкі.
«Стратэгічнай мэтай з’яўляецца ўступленне дэмакратычнай Беларусі ў Раду Еўропы ў якасці паўнавартаснага ўдзельніка.
На гэтым шляху ёсць дзве перашкоды: у Беларусі сёння няма дэмакратыі, а гэта значыць, што недэмакратычная Беларусь не можа ўступіць у арганізацыю, і наяўнасць смяротнага пакарання. Як толькі абедзве перашкоды знікнуць, наша краіна вельмі хутка ўступіць у Раду Еўропы, стаўшы яе паўнавартасным удзельнікам, — мяркуе Аляксандр Шлык.
Што змяняецца ў дыялогу?
«Трэба памятаць, што Рада Еўропы — арганізацыя не толькі міжнародная, але і міждзяржаўная. Той факт, што Рада Еўропы ўстанавіла афіцыйныя адносіны з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі, сведчыць пра тое, што менавіта гэтыя актары прадстаўляюць Беларусь і беларускае грамадства», — звяртае ўвагу Шлык.
Што гэта мяняе ў двухбаковым дыялогу?
«Мы не можам назваць шчырым супрацоўніцтва Рады Еўропы з афіцыйным Мінскам. Беларускі рэжым заўсёды прытрымліваўся пазіцыі, што ёсць зоны адносна бяспечныя, па якіх ідзе супрацоўніцтва, ёсць тэмы, па якіх нібыта і хочацца супрацоўнічаць, але такое супрацоўніцтва не зусім сур’ёзнае. Калі некалькі гадоў і нават дзесяцігоддзяў абмяркоўваецца ці то смяротнае пакаранне, ці то яго адмена, ці то магчымасці яго адмены — гэта несур’ёзна.
Сур’ёзнасць намераў і ёсць тое, што, спадзяваюся, будзе адрозніваць супрацоўніцтва паміж Радай Еўропы і Беларуссю, прадстаўленай дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю. Мы гатовыя супрацоўнічаць па ўсіх кірунках. Хоць бы таму, што мы прытрымліваемся тых жа каштоўнасцяў, тых жа прынцыпаў, якія ляжаць у аснове Рады Еўропы», — падкрэсліў Шлык.
Вашынгтон аб’явіў «стратэгічны дыялог» з дэмсіламі Беларусі. Што гэта значыць і чаму толькі з канца года?
Ціханоўская ўзняла пытанне размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі на сустрэчы з дарадцам прэзідэнта ЗША Саліванам
«Да змен грамадства вядуць не эмігранты, а новыя лідары, якія з’яўляюцца ў самім грамадстве» — вялікая гутарка з дырэктарам Інстытута гісторыі Літвы
Каментары