Феномен Midjourney: чаму гэтая нейрасетка стала мегапапулярнай і як ёй карыстацца?
Прыводзім простую і пакрокавую інструкцыю.
Усё так, гэты арт на застаўцы артыкула не зроблены звычайным чалавекам. Яго стварыў штучны інтэлект пад назвай Midjourney, які набраў вялікую папулярнасць з моманту свайго з'яўлення ў чэрвені 2022 года.
Гэтая нейрасетка здольная ператвараць у карцінку абсалютна любы тэкставы запыт карыстальніка, часам робячы гэта лепш за шматлікіх рэальных вэб-дызайнераў і генеруючы адразу некалькі варыянтаў напісанага вамі пажадання.
Для таго, каб пачаць ёй карыстацца, трэба выканаць наступныя крокі:
- Усталюйце сабе на прыладу дадатак Discord (ёсць у крамах Google Play і App Store) і стварыце там свой уласны акаўнт. У самім дадатку падтрымліваюцца руская і ўкраінская мовы, а беларускай, на жаль, няма.
- Пасля гэтага прайдзіце па запрашальнай спасылцы на афіцыйны сервер Midjourney альбо знайдзіце яго самастойна ў пошукавіку Discord (значок пошуку будзе ўнізе ў цэнтры галоўнага экрана дадатка).
- Затым знайдзіце раздзел Newscomer Rooms і зайдзіце ў адзін з чатаў Newbies (напрыклад, у newbies-135 ці любы іншы).
- У абраным чаце будзе знаходзіцца мноства іншых карыстальнікаў, якія будуць там рэгулярна рабіць тэкставыя запыты і атрымліваць гатовыя карцінкі. Каб зрабіць тэкставы запыт, напішыце ўнізе ў радку /, і адразу ж з'явіцца спіс розных каманд.
- Націсніце на каманду /imagine і затым напішыце сваё тэкставае пажаданне на англійскай мове, пасля чаго з'явіцца некалькі візуальных варыянтаў вашага запыту.
- Рэкамендуем апісваць сваё жаданне больш падрабязна, каб Midjourney даў больш якасныя і дакладныя вынікі (Напрыклад: on a lifeless planet a huge robot with a small boy are walking in the ruined alien's city — на планеце, на якой ніхто не жыве, велізарны робат і маленькі хлопчык шпацыруюць па разбураным горадзе прышэльцаў).
- Пад атрыманымі артамі вы ўбачыце значок паўтору генерацыі, а таксама кнопкі «U1, U2, U3, U4» і «V1, V2, V3, V4». Верхні радок — гэта выбар адной з карцінак, якая створыцца асобна ў больш дэталізаванай і высокай якасці; ніжні радок — гэта выбар карцінкі, на аснове якой згенеруюцца яшчэ чатыры варыянты. Усе гэтыя арты можна спампоўваць сабе на прыладу (альбо калажам, альбо асобнымі карцінкамі).
- У бясплатнай версіі Midjourney можна зрабіць толькі 25 тэкставых запытаў у адным з вышэйзгаданых агульных чатаў. У платнай версіі для зручнай генерацыі можна выкарыстоўваць асобны Midjourney bot без усялякіх чатаў, пры гэтым колькасць магчымых запытаў значна павялічваецца. Для платнай падпіскі трэба ўвесці ў адным з чатаў каманду /subscribe. Пачатковы план будзе каштаваць крыху больш за 10 даляраў у месяц.
Паказваем на прыкладах, як гэта працуе
1) Партрэт беларускай рамантычнай пары на фоне пейзажаў роднага кута Беларусі — The portrait of a belarusian romantic couple with landscapes of the native land of Belarus on the background.
2) Беларускі коннік едзе па лесе — Belarusian horseman rides through the forest.
3) У далёкай будучыні чалавек праз акно хмарачоса глядзіць на Мінск — In the far future a man looks at Minsk through the window of a skyscraper.
4) Ілюстрацыя на тэму «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — The illustration on the topic «Christ appears in Grodno».
5) «Людзі на балоце» ад беларускага вядомага пісьменніка Івана Мележа — «People in the swamp» from belarusian well-known writer Ivan Melezh.
Каментары
PS шутка, что не смешно? Да не смешно (((