Педафілы шукаюць ахвяр на папулярнай стрымінгавай платформе. Яна дазваляе ім назіраць за дзецьмі ў жывым эфіры
У сярэдзіне жніўня дзве дзяўчынкі пачалі ў сваёй спальні стрым на платформе Twitch. Яны відавочна былі яшчэ дзецьмі, а на ложку за імі ляжаў плюшавы аднарог. Адзін з гледачоў папрасіў дзяўчат паставіць камеру смартфона на стол, каб іх целы былі бачныя цалкам. Пасля ён папрасіў іх зрабіць стойку на руках і станцаваць папулярны танец з тыктоку. У каментарах ён імі захапляўся і казаў, што «яны маглі б рабіць так часцей». Цягам гадзіны гэты ж чалавек, чый узрост і асоба невядомыя, зайшоў на трансляцыі пяці іншых дзяўчатак. Такіх выпадкаў сотні тысяч, а за ананімнымі акаўнтамі, імаверна, стаяць педафілы, якія так шукаюць сабе ахвяр, — гэта высветліла расследаванне Bloomberg.
Twitch — гэта стрымінгавы сэрвіс ад Amazon, дзе мільёны людзей штодня глядзяць, як іншыя гуляюць у розныя камп'ютарныя гульні.
Гэта адзін з самых папулярных сайтаў у інтэрнэце. Сярод фактараў, якія спрыялі яго хуткаму росту, да прыкладу, той, што на ім лёгка можна адкрыць акаўнт і пачаць весці жывую трансляцыю. А гэта, згодна з данымі нядаўняга аналізу, дазволіла педафілам шукаць там сваіх ахвяр.
За гэты час не менш за 1976 карыстальнікаў сістэматычна шукалі трансляцыі дзяцей і сачылі за імі, сведчаць даныя профіляў Twitch, скрыншоты і відэа, выяўленыя адмыслова нанятым даследчыкам і вывучаныя Bloomberg.
Незвычайныя мадэлі паводзінаў, якія назіраліся ў гэтых акаўнтах, паказваюць на тое, што многія з іх існуюць для таго, каб каталагізаваць, назіраць і маніпуляваць дзецьмі, у тым ліку завабліваць іх для выканання любых дзеянняў — ад пошлых танцаў да сэксуальных актаў, сказана ў выніках даследавання.
Па даных даследчыка, гэтыя меркаваныя педафілы знайшлі больш за 279 тысяч дзяцей. Толькі ў ліпені 2022 года меркаваныя педафілы знаходзілі ў сярэднім 673 дзяцей кожны дзень.
У заяве, накіраванай па электроннай пошце, Twitch паведаміў, што гэтая праблема характэрная для многіх анлайн-платформаў і што за апошнія два гады ён зрабіў крокі, каб яе вырашыць.
Кампанія заявіла, што ў распрацоўцы знаходзяцца шматлікія інструменты па барацьбе з педафіліяй, але яны не могуць распавесці пра іх падрабязна, каб педафілы не навучыліся іх абыходзіць.
Але справаздача паказвае, што існуючыя інструменты мадэрацыі Twitch аказаліся недастатковымі, каб прадухіліць трансляцыі дзяцей і перашкодзіць дарослым знаходзіць іх і заваёўваць у дзяцей давер.
Даследчык, які працаваў для Bloomberg, сабраў базы даных акаўнтаў Twitch, уручную ідэнтыфікаваў трансляцыі дзяцей і падлеткаў і вызначыў, хто з іх падпісчыкаў сочыць за іншымі дзецьмі. Адзін набор даных — гэта меркаваныя педафілы, кожны з якіх мае спіс падпісчыкаў, які складаецца як мінімум на 70 адсоткаў з дзяцей або падлеткаў. Даследчык стварыў асобны набор даных пра дзяцей, на якіх падпісаліся гэтыя акаўнты, і паведаміў пра выпадкі яўнага сачэння за дзецьмі ў NCMEC і ў Twitch. Гэты чалавек шмат гадоў вывучае інтэрнэт-пераслед і экстрэмізм і папрасіў пра ананімнасць, бо баіцца за сваю кар'еру, працуючы з такой трывожнай тэмай.
Bloomberg праверыў, што ў спісах падпісчыкаў выяўленых акаўнтаў было шмат дзяцей. У ходзе падрыхтоўкі матэрыялу Bloomberg выявіў новыя відэазапісы і акаўнты, не ўнесеныя ў каталог даследчыкам, што дазваляе выказаць здагадку, што праблема можа быць яшчэ больш распаўсюджанай, чым прадстаўлена ў даных.
Справаздача выявіла, як меркаваныя педафілы могуць нацэльвацца на некалькіх дзяцей адначасова, выкарыстоўваючы звычайную тактыку грумінгу (усталявання блізкага кантакту з дзіцём — заўв. НН). Напрыканцы ліпеня педафіл увайшоў у трансляцыі чатырох дзяцей і папрасіў іх выканаць заданні, уключаючы «пікантныя», што на слэнгу педафілаў азначае просьбы, якія могуць быць непрыстойнымі або вульгарнымі. Адна з трансляцый прыцягнула 290 гледачоў. У гэтым выпадку Twitch закрыў трансляцыю праз 30 хвілін. Але іншыя стрымы ніхто не мадэрыруе.
Абарона дзяцей у інтэрнэце — гэта праблема ўсёй індустрыі. Meta, якая кіруе найбуйнейшымі сацыяльнымі сеткамі, пастаянна ўзначальвае спіс паведамленняў аб відавочных выпадках эксплуатацыі дзяцей у інтэрнэце, паводле даных NCMEC. У мінулым годзе інфарматар абвінаваціў Meta, мацярынскую кампанію Facebook і Instagram, у тым, што яна не вылучае дастатковых рэсурсаў для выдалення матэрыялаў пра сэксуальны гвалт над дзецьмі.
Як паведамляецца, урад ЗША вывучае, як з гэтай праблемай спраўляецца TikTok, і чаму алгарытмы YouTube ад кампаніі Alphabet Inc. рэкамендуюць відэа з дзецьмі педафілам, якія дапамагаюць распаўсюджваць іх далей. Кампаніі заявілі, што яны змагаюцца за тое, каб палепшыць сістэму барацьбы з педафіламі.
Уразлівасць дзяцей асабліва непакоіць у свеце анлайн-гульняў, дзе Twitch з'яўляецца краевугольным каменем. Прыкладна тры чвэрці дзяцей у ЗША гуляюць у відэагульні, а Twitch сцвярджае, што большасць карыстальнікаў — гэта людзі ва ўзросце ад 16 да 34 гадоў.
Існуе мала перашкод для вядзення жывых трансляцый дзецьмі на Twitch, асабліва на мабільных прыладах. Калі новы карыстальнік Twitch можа пачаць жывую трансляцыю пры любых умовах, то для гэтага ў YouTube трэба мець не менш за 50 падпісчыкаў і пачакаць мінімум суткі. TikTok патрабуе, каб стваральнікі былі старэйшыя за 16 гадоў і мелі не менш за тысячу падпісчыкаў.
Facebook, які патрабуе, каб людзям было 13 гадоў для адкрыцця акаўнта, не мае іншых патрабаванняў да ўзросту або колькасці падпісчыкаў для правядзення трансляцый на мабільных прыладах, па даных кампаніі. Але, у адрозненне ад Twitch, новыя карыстальнікі павінны пазначыць нумар тэлефона або адрас электроннай пошты, каб пацвердзіць свой акаўнт.
Крытыкі кажуць, што сацыяльныя сеткі робяць недастаткова для таго, каб перашкодзіць дзецям імі карыстацца. «Платформы не робяць вялікай працы па забароне наведвання іх рэсурсаў дзецьмі, і гэта дазваляе педафілам вельмі хутка ўсталёўваць з імі кантакт», — сказаў Бэн Халперт, заснавальнік і прэзідэнт арганізацыі Savvy Cyber Kids, якая забяспечвае бяспеку дзяцей у інтэрнэце.
Педафілія на Twitch была праблемай цягам многіх гадоў, але ёсць прыкметы таго, што пандэмія пагоршыла яе. Колькасць паведамленняў пра дамагальніцтвы да дзяцей у інтэрнэце вырасла на 73 адсоткі з 2019 па 2021 год у ЗША, але на Twitch яна павялічылася на 1125 адсоткаў, або ў 12 разоў. Прадстаўнік Twitch тлумачыць прыток паведамленняў тым, што кампанія палепшыла метады выяўлення па меры росту анлайн-платформы.
«Кавід аказаў беспрэцэдэнтнае ўздзеянне, — кажа Ен Дрэнан, выканаўчы дырэктар кампаніі WeProtect Global Alliance, якая займаецца пытаннямі бяспекі дзяцей. — У інтэрнэце стала больш патэнцыйных ахвяр, больш злачынцаў, і мы назіраем рэзкае павелічэнне колькасці паведамленняў пра гвалт над дзецьмі па ўсім свеце».
Хоць раннія наступствы пандэміі слабеюць, дзеці па-ранейшаму сцякаюцца ў Twitch. Па даных даследчыкаў, сярэдняя колькасць дзяцей і падлеткаў, якія штомесяц удзельнічаюць у трансляцыях, падвоілася ў перыяд з ліпеня 2021 па 2022 год.
Педафілія на Twitch стала вядомай праблемай як мінімум з 2020 года, калі расследаванне Wired паказала, што дзясяткі дзяцей вялі трансляцыі ў катэгорыі, вядомай як «гутаркі». Драпежнікі маглі сартаваць трансляцыі ў каталогах сайта па прыкмеце «нядаўна пачатыя», каб выявіць акаўнты з невялікай колькасцю падпісчыкаў. У адказ кампанія выдаліла функцыю сартавання для пошуку «гутарак» і па гульні Roblox. Але яна па-ранейшаму даступная ў тысячах іншых катэгорый Twitch, уключаючы тыя, дзе дзеці рэгулярна праводзяць трансляцыі.
Хоць платформа дэманструе самых папулярных карыстальнікаў на сваёй першай старонцы, без асаблівых намаганняў глядач можа знайсці трансляцыі дзяцей разам з трансляцыямі падлеткаў і дарослых і далучыцца да гэтых трансляцый. Меркаваныя педафілы, якія выявілі дзяцей і сочаць за імі, могуць атрымліваць апавяшчэнні аб тым, што яны знаходзяцца ў сетцы. Некаторыя дзеці могуць атрымаць сотні гледачоў на працягу некалькіх хвілінаў пасля выхаду ў жывы эфір — значна больш, чым звычайна для непапулярнага акаўнта.
У сярэдзіне жніўня 650 гледачоў у жывым эфіры назіралі за дзяўчынкай, якая сказала, што ёй 11 гадоў і яна адна ў сваёй спальні. Яна паказала таблічку са сваім імем карыстальніка Twitch і лічбай 12 — праз некалькі дзён у яе быў дзень народзінаў. Гледачы ў чаце папрасілі яе зладзіць «паказ мод» і паказаць свае ногі. Архіўны ролік стрыма праглядзелі 3700 разоў.
Стрымы дзяцей і падлеткаў лёгка вызначыць па мініяцюрах каналаў. У адным з пошукавых запытаў журналіст пабачыў пяць дзіцячых каналаў з першых пятнаццаці вынікаў.
Цяжка вызначыць узрост чалавека, паглядзеўшы відэа ці вывучыўшы яго акаўнт. Даследчык класіфікаваў шэраг уліковых запісаў як прыналежныя, хутчэй за ўсё, дзецям на падставе таго, як яны апісваюць сябе ў дапаўненне да знешнасці. Напрыклад, чалавек, які кажа, што яго любімая гульня Roblox, або пазіруе са школьным заплечнікам, наўрад ці дарослы.
Часам стрымеры паказваюць свой узрост, як гэта адбылося ў красавіку, калі дзве дзяўчынкі сядзелі на канапе і елі марожанае. Глядач спытаў, колькі ім гадоў, і яны адказалі, што ім 12 і 13. У іншым выпадку дзіця сказала, што ёй 8 гадоў і яна жыве ў Фларыдзе.
Дзеці на Twitch часта пераймаюць сваіх любімых гульнявых стрымераў, адказваючы на каментары і падказкі сваіх гледачоў, каб утрымаць аўдыторыю. Гэта робіць іх успрымальнымі да педафілаў, бо гледачы могуць ананімна мець зносіны праз чат з тымі, хто вядзе прамую відэатрансляцыю.
У верасні дзяўчынка, якая сказала, што ёй 9 гадоў, вяла жывую трансляцыю на Twitch адна ў сваім пакоі з дапамогай смартфона. На працягу першай хвіліны трансляцыі ў яе чат зайшоў глядач і спытаў, ці дзяўчынка яна. Затым ён сказаў на іспанскай мове: «Пакажыце сваю попу, каб даказаць гэта». Праз тры хвіліны глядач сказаў: «Я хачу ўбачыць тваю ніжнюю бялізну». На працягу трансляцыі глядач пагражаў сысці, калі яна не выканае яго патрабаванні.
Магчыма, некаторыя з уліковых запісаў, якія ў даследаванні ўключаныя ў групу меркаваных педафілаў, насамрэч таксама дзеці. Але паводзіны большасці гэтай групы адпавядаюць тыповым метадам педафілаў. Некаторыя выкарыстоўваюць тую ж тактыку ў некалькіх стрымах нават праз некалькі секунд. Яны могуць пачаць з бяскрыўдных пытанняў пра любімы колер дзіцяці і дайсці да патрабаванняў здзейсніць сэксуальны акт у жывым эфіры.
Некаторыя педафілы адпраўляюць дзецям грашовыя ахвяраванні (гэта ўбудаваная функцыя платформы), каб змусіць іх да сэксуальных дзеянняў.
Паколькі Twitch захоўвае стрымы на працягу некалькіх дзён, відэа з непрымальным матэрыялам часам можа набраць тысячы праглядаў, перш чым будзе аўтаматычна выдаленае. У красавіку адно дзіця трансліравала сябе без кашулі ў сваім пакоі. У чаце адзін глядач папрасіў яго «паказаць свой торс». Іншы папрасіў яго «паказаць сваю сілу», што заахвоціла яго напружыць цела. Відэа з гэтай трансляцыяй праглядзелі больш за 230 разоў — вельмі шмат для невядомага чалавека з 18 падпісантамі.
У тэкставых чатах Twitch даследчыкі выявілі больш за 5700 спасылак на іншыя такія сацыяльныя медыяплатформы, як Discord, Snapchat і TikTok, што паказвае на тое, што педафілы, магчыма, імкнуцца перанесці размовы ў больш прыватныя месцы, дзе яны здолеюць стасавацца тэт-а-тэт або весці прыватны стрым.
Выяўленне педафілаў, асабліва ў рэжыме рэальнага часу — гэта складаная задача для любой тэхналагічнай кампаніі. Twitch штодня транслюе больш за 2,5 мільёна гадзін жывога кантэнту на 35 мовах, спадзеючыся на спалучэнне паведамленняў карыстальнікаў і мадэрацыі ў жывым эфіры для закрыцця непрыстойных стрымаў.
Алгарытмы могуць правяраць вэб-сайты і праграмы на наяўнасць абразлівых матэрыялаў, параўноўваючы выявы і відэа з кантэнтам, які ўжо быў вызначаны як непрымальны. Стрымы, якія дэманструюць гвалт, з'яўляюцца цалкам новымі, таму кампаніям цяжка хутка вызначыць іх як непрымальныя і выдаліць.
«Большасць існуючых рашэнняў у гэтай галіне неэфектыўныя ў барацьбе з тым выглядам грумінгу, які мы назіраем на Twitch, бо яны альбо дрэнна працуюць у жывым эфіры, альбо не здольныя ўлавіць тыя віды грумінгу, якія накіраваны на тое, каб пазбегнуць выяўлення», — сказаў Верылі, прадстаўнік кампаніі Twitch. Па словах кампаніі, за апошні год яна спыніла працу амаль утрая большай колькасці акаўнтаў, якія належаць непаўналетнім стрымерам, чым годам раней.
Крытыкі кажуць, што Twitch занадта залежыць ад паведамленняў, якія атрымлівае ад карыстальнікаў. Даследчык паведаміў Twitch аб 1200 акаўнтах, якія належаць дзецям. У сакавіку кампанія абнавіла сваю форму справаздачнасці, каб карыстальнікам было прасцей адзначаць дзяцей-стрымераў. Неўзабаве пасля гэтага каля 41% акаўнтаў, пра якія паведаміў даследчык, былі выдаленыя.
Каментары