Гісторыя88

Народ пад бела-чырвона-белым сцягам, які нядаўна перажыў генацыд. Хто такія езіды?

Невялікі народ, які пераследуюць і знішчаюць буйнейшыя суседзі на працягу стагоддзяў, але ён працягвае жыць на злосць усім. 

Бела-чырвона-белы сцяг езідаў на мітынгу ў Германіі. Фота: ezidi.news

Мясцовасць, дзе пражываюць езіды, яны самі называюць Езідхан. Гэта не асобны рэгіён, а некалькі анклаваў з пераважна езідскімі паселішчамі. Ніякай аўтаноміі, культурнай ці палітычнай, краіна езідаў не мае, дый на карты наносіцца звычайна імі самімі ў самых разнастайных варыяцыях межаў.

З 1 мільёна езідаў, якія жывуць па ўсім свеце, больш за палову, каля 650 тысяч, пражывалі ў паўночнай частцы Ірака. Тут меліся два буйныя анклавы кампактнага пражывання езідаў у ваколіцах гарадоў Айн-Сіфні і Сінджар у муфахазе Найнава.

Штрыхоўкай паказаныя месцы кампактнага пражывання езідаў на поўначы Ірака, чырвоным — курдскія тэрыторыі. Фота: Wikimedia Commons

Не зважаючы на гэта, езіды нярэдка малююць свой Езідхан у межах усёй муфахазы, уключаючы горад Масул, а часам далучаючы нават суседнюю муфахазу Дахук, дзе знаходзіцца іхняя галоўная святыня Лалеш.

Каля 50 тысяч езідаў таксама жылі ў суседняй Сірыі, але за апошняе дзесяцігоддзе, паводле ацэнак, іх там не засталося ўвогуле.

Сотні тысяч езідаў трапілі ў Германію, дзе пасля Другой сусветнай вайны была вялікая патрэба ў працоўнай сіле, якую пачалі прыцягваць з Турцыі ў 1960-я. Сённяшнія курды і езіды, якія ў тым ліку з 2021 года штурмавалі мяжу Беларусі з Еўрапейскім Саюзам, бягуць ад пасляваеннай разрухі і дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце туды, дзе ўжо сфарміравалася досыць вялікая дыяспара.

Фіялетавым колерам пазначаны аўтаномны Іракскі Курдыстан, жоўтым — тэрыторыі, дзе пражываюць езіды

Яшчэ дзясяткі тысяч езідаў жывуць у Грузіі і Арменіі. Амаль усе 10 тысяч грузінскіх езідаў пражываюць у сталіцы краіны, а вось каля 30 тысяч (гэтая лічба імкліва скарачаецца ў апошнія дзесяцігоддзі) армянскіх езідаў жывуць не толькі ў гарадах, але і шматлікіх вёсках па ўсёй краіне. Сюды яны перасяліліся ў гады Першай сусветнай вайны і генацыду з боку турак у адрас нацыянальных меншасцей Асманскай імперыі.

Этна-рэлігійная карта Ірака. Цёмна-фіялетавым колерам каля Масула пазначаны два езідскія анклавы

Хто ты гэткі?

Сёння ў свеце езідаў успрымаюць часткай курдскага народа. Іхняя мова — гэта самы распаўсюджаны дыялект курдскай мовы — курманджы. На гэтым жа дыялекце вядуцца і езідскія богаслужэнні. Аднак большасць езідаў будуюць сваю ідэнтычнасць на супрацьпастаўленні сябе курдам — паводле веры, паходжання і мовы.

Правадыр езідаў у 1910-я гады. Фота: Wikimedia Commons

З XIII стагоддзя езіды мелі некалькі ўласных княстваў, з якіх найбольш важным было княства Шэйхан, якім кіравалі эміры з роду Катані. Княства знікла ў XIX стагоддзі, але намінальныя шэйханскія езіды лічацца многімі езідамі сваімі кіраўнікамі і прымаюць актыўны ўдзел у рэлігійным і грамадскім жыцці народа.

Так узнікла меркаванне, што «эздыкі», як езіды называюць дыялект курманджы, гэта асобная ад курдскай мова, якая належыць да семіцкіх моў, а не да іранскіх, як курдская. Ніякага навуковага абгрунтавання для такіх сцвярджэнняў няма. Што праўда, езіды маюць свой уласны алфавіт, якім запісаныя рэлігійныя рукапісы, вакол часу стварэння і сапраўднасці якіх вядзецца дыскусія.

Калі езідскія рукапісы не падробка XIX стагоддзя, як лічаць некаторыя даследчыкі, то пісьменнасць езідаў можа быць развіццём нестарыянскай (усходнесірыйскай) ці якавіцкай (заходнесірыйскай) пісьменнасцяў, якімі карысталіся старажытнаўсходнія хрысціянскія цэрквы.

Найбуйнейшы езідскі храм, Куба Мерэ Дыванэ, знаходзіцца ў Арменіі. У храма сем купалоў па колькасці анёлаў. Фота: Wikimedia Commons
Інтэр'ер храма Куба Мерэ Дыванэ. У алтарнай частцы выява паўліна. Фота: Wikimedia Commons

У 2013 годзе езідскі алфавіт быў рэфармаваны, у яго дадалося некалькі новых знакаў, а іншыя наадварот былі выключаны з яго. Рэфармаваны алфавіт цяпер выкарыстоўваецца, напрыклад, у рэлігійным жыцці езідаў Грузіі.

Аналагічна езіды спрабуюць даказаць, што генетычна яны з курдамі не маюць нічога агульнага, а найбліжэйшымі іхнімі сваякамі ёсць яшчэ адна цяпер нешматлікая меншасць — асірыйцы, семіцкі народ, які з’яўляецца непасрэдным нашчадкам старажытных асірыйцаў і вавіланян.

Маладыя езідскія мужчыны на свяце ў Лалешы. Фота: Wikimedia Commons
Езідскія жанчыны на свяце ў Лалешы. Фота: Wikimedia Commons

Імкненне невялікіх народаў прыпісаць сябе спадчыну вялікіх цывілізацый мінуўшчыны — зусім нярэдкасць. Гэтыя прыцягненні старажытных продкаў служаць аргументам у абгрунтаванні права такіх народаў жыць на сваёй зямлі ў атачэнні больш магутных суседзяў і прэтэндаваць на ўласную дзяржаўнасць.

Нават сімвал езідскай рэлігіі змяшчае шумерскі клінапіс, адзін са знакаў якога, «дынгір», азначае «бажаство» — абсалютны анахранізм, які езіды выкарыстоўваюць, каб паказаць сваю старажытнасць.

«Чартапаклоннікі»

Два курды-чартапаклоннікі (езіды), кабардзінец, чачэнец, курд-магаметанін з ваколіц Вана. Малюнак Міхаіла Мікешына з серыі «Тыпы і віды Каўказа і Малой Азіі». 1876. Фота: Wikimedia Commons
Езідскія мужчыны сёння — усё яшчэ пазнавальны тыпаж з малюнкаў пазамінулага стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта з гледзішча рэлігіі гэтая этнічная група вылучаецца на фоне ўсіх сваіх суседзяў. Яна ж — прычына бясконцых пераследаў.

Рэлігія езідаў — езідызм — сапраўдны прадукт «плавільнага катла», якім з’яўляецца Блізкі Усход. У езідызме аб’яднаныя элементы ўсіх хоць кольвек значных вераванняў у рэгіёне — суфізму, нестарыянства, зараастрызму і нават іўдаізму. Такія рэлігіі называюцца сінкрэтычнымі (ад грэч. synkrētismós — злучэнне). 

Саркафаг шэйха Адзі ібн Мусафіра. Фота: Wikimedia Commons

Аснова ў рэлігіі езідаў ісламская, бо яе заснавальнікам лічыцца шэйх Адзі ібн Мусафір, які прытрымліваўся суфізму, ісламскага містыцызму. Глеба пладародная, бо сам суфізм — гэта сінкрэтычнае цячэнне, у якім бачаць уплыў хрысціянства, гнастыцызму, неаплатанізму і індуізму. Пачуўшы заклік ува сне, шэйх пакінуў Багдад і пасяліўся ў даліне Лалеш, дзе прыцягнуў людзей сваёй аскезай і цудамі.

Маўзалей шэйха Адзі ібн Мусафіра ў Лалешы — галоўная святыня езідызму. Фота: Wikimedia Commons

Сёння маўзалей шэйха Адзі ў Лалешы з’яўляецца галоўнай святыняй езідаў. Галоўнымі святымі кнігамі езідаў з’яўляюцца «Масхафа Раш» («Чорная кніга») і Кетэбэ Джылвэ («Кніга адкрыццяў»), дзе сабраныя догмы, каноны, касмагонія і абрады, але большасць рэлігійных ведаў перадаюцца паміж езідамі вусна. 

Скульптура «анёла-паўліна» Малака Тавуса ў езідскім храме. Фота: Wikimedia Commons
На сімвале езідызму адлюстраваны Малак Тавус у выглядзе паўліна, паўмесяц, святыня ў Лалешы і клінапісныя надпісы — поўная культурная эклектыка 

Езідызм, які аб’ядноўвае элементы шматлікіх рэлігій, самімі прадстаўнікамі гэтых рэлігіх успрымаецца як ерась ці нават сатанінская секта. На гэта ёсць пэўныя падставы.

Езіды вераць у адзінага Бога, як мусульмане і хрысціяне, і семярых ягоных анёлаў, якія ёсць увасабленнем Бога. Галоўным сярод іх ёсць «анёл-паўлін» Малак Тавус, якога Бог паставіў старэйшым над усімі. Менавіта з асобай гэтага анёла звязаныя абвінавачванні езідаў у «д’яблапаклонстве».

Святкаванне Новага года езідамі ў Лалешы. Фота: Wikimedia Commons

У «Чорнай кнізе» езідаў Малак Тавус атаясамліваецца з Азраілам, анёлам смерці ў яўрэйскай і ісламскай традыцыі і анёлам гневу, які мучае грэшнікаў пасля Страшанага суда, у хрысціянскай традыцыі, а таксама з Азазілем, дэманам пустыні ў яўрэйскай традыцыі, чыё імя ў мусульман адносіцца да Ібліса, анёла, які быў скінуты з нябёсаў і стаў кіраўніком усіх шайтанаў. Акрамя таго, на поўначы Ірака існуе паданне, што паўлін, сімвал Малака Тавуса, калісьці быў улюбёнай птушкай Бога, але быў выгнаны з раю за пыху і гордасць.

Дзіўная рэлігія, а дакладней неадназначнае інтэрпрэтаванне яе асноў прадстаўнікамі мясцовых рэлігій, настроіла навакольныя хрысціянскія і, у першую чаргу, мусульманскія народы супраць езідаў-«чортапаклоннікаў».

Езідскі святар у Лалешы. Фота: Wikimedia Commons

У той час як іўдзеі і хрысціяне былі «людзьмі Пісання», якіх у ісламе было строга забаронена абражаць, забіваць і рабаваць, то езіды заўсёды былі «нявернымі» — на іх гэтыя забароны не распаўсюджваліся. На працягу стагоддзяў езідаў праследавалі, гвалтоўна схілялі да ісламу ці выразалі.

Вечная ахвяра

Сход езідскіх правадыроў і святароў. 1850. Фота: Wikimedia Commons

Паводле вуснага езідскага падання, за XII стагоддзяў езіды 72 разы перажылі разню з боку ісламскіх суседзяў. Асноўнай задачай езідскіх эміраў на працягу стагоддзяў было адкупіцца ад мусульманскіх валадароў, унікнуўшы гвалтоўнага пераводу ў іслам і масавай разні. Нават у той час, калі самі эміры былі вымушаны змяніць сваю веру.

Найбольш страшныя па маштабах ганенні езіды і ўсе немусульманскія меншасці Асманскай імперыі зведалі ў пераломныя 1910-я гады.

У пачатку XX стагоддзя імперыю раздзіралі ўнутрыпалітычныя супярэчнасці, якія абвастраліся імкненнем да аўтаноміі нацыянальных меншасцей — у першую чаргу хрысціянскіх — армян, грэкаў, асірыйцаў, а таксама курдаў-сунітаў і езідаў.

Ва ўмовах Першай сусветнай вайны і абвешчанага джыхаду турэцкая большасць знайшла адзінае вырашэнне нацыянальнага пытання — масавы генацыд, у якім былі знішчаны мільёны людзей.

Нацыянальны езідскі герой Джангір-ага. Фота: Wikimedia Commons

Каб абараніць сябе, нацыянальныя меншасці імперыі перайшлі да самаабароны. Нацыянальны герой езідаў Джангір-ага на адным баку з армянамі змагаўся супраць турак. Езідская шабельная конніца разам з армянскімі войскамі атрымала перамогу ў бітве пры Баш-Апаране і Сардарапаце, якая спыніла наступ туркаў на Арменію і прадухіліла поўнае знішчэнне армянскага народа. У Савецкім Саюзе за гэта Джангір-агу аддзячылі своеасабліва — расстралялі ў 1938 годзе.

Працэнт езідскага насельніцтва па рэгіёнах Арменіі паводле перапісу 2011 года. Фота: Wikimedia Commons

Армяне здолелі атрымаць сваю незалежнасць на невялічкім лапіку зямлі, але іншым народам былой Асманскай імперыі пашчасціла менш. Многія езіды вырашылі не вяртацца на радзіму, дзе ім пагражала смерць, і асесці ў Арменіі, дзе іхнія нашчадкі жывуць дагэтуль. Сёння армянскія езіды маюць адно месца ў парламенце па квоце для нацыянальных меншасцей.

Атрад езідаў-добраахвотнікаў, якія змагаліся за Арменію ў карабахскім канфлікце ў 2020 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Новая вялікая бяда напаткала езідскі народ дзесяць гадоў таму, калі ў Сірыі пачалася грамадзянская вайна, у якую ўмяшаліся баевікі-ісламісты з «Ісламскай дзяржавы» і турэцкія вайскоўцы. Для адных езіды былі цэллю праз іхнюю рэлігію, для іншых — праз тое, што яны курды. 

Вёскі сірыйскіх езідаў былі амаль цалкам знішчаны ў ходзе вайны і наступу баевікоў. Ісламскія тэрарысты забівалі езідаў, разбуралі іхнія храмы і апаганьвалі магілы. Сёння, як лічыцца, усе сірыйскія езіды або ўцяклі з краіны, або былі забітыя.

Канфлікт хутка распоўзся і на тэрыторыю паўночнага Ірака. Пасля імклівага наступу баевікоў ІДІЛ у 2014 годзе быў захоплены Сінджар і суседнія гарады.

Амерыканскія спецыялісты на гары Сінджар у час аблогі ісламістаў. Фота: Wikimedia Commons

Каля 50 тысяч езідаў, асцерагаючыся расправы з боку ісламістаў, беглі ў горы Сінджар, дзе апынуліся ў пастцы без ежы, вады і медыцынскай дапамогі. Каля 4 тысяч езідаў былі забіты, былі вынішчаны цэлыя езідскія вёскі. Яшчэ каля 10 тысяч езідскіх жанчын былі сагнаныя ў палон і сталі рабынямі ў ісламістаў. 

Да сусветных лідараў з просьбай аб гуманітарнай дапамозе звярнуўся езідскі эмір Тахсін Саід.

Езідскія бежанцы ў час вайны з «Ісламскай дзяржавай» у 2014. Фота: Wikimedia Commons
Дзеці езідскіх уцекачоў, якія атрымалі цацкі ад дабрачынных арганізацый. Фота: Wikimedia Commons

Каб прадухіліць генацыд тых, хто схаваўся ў гарах, ЗША пачалі наносіць авіяцыйныя ўдары па пазіцыях баевікоў у раёне. Загнаным у пастку езідам скідалі авіяцыяй ваду і ежу. За некалькі дзён удалося забяспечыць бяспечны калідор, па якім за першы дзень удалося эвакуяваць 10 тысяч езідаў. Курдскія сілы здолелі агулам вывезці 35 тысяч чалавек. Пазней на горы быў спушчаны амерыканскі дэсант, які пры падтрымцы курдскіх сіл здолеў вывезці астатніх езідаў у бяспечныя рэгіёны.

Лагер для перамешчаных езідаў у 2019 годзе. Вайна скончылася, але людзям няма куды вяртацца — многія будуюць лепшае і бяспечнае жыццё на Захадзе, магчыма, спрабуючы прарвацца ў Еўропу цераз беларускую мяжу. Фота: Wikimedia Commons
Езідскі хлопчык з лагера перамешчаных асоб. Фота: Wikimedia Commons

Многія езіды, каб абараніць сябе, пайшлі ў баявыя фарміраванні. Езіды адрозніліся ў час вайны і тым, што стварылі ўласнае жаночае апалчэнне. Сілы жанчын Езідхана прымалі ўдзел у вызваленні Сінджара ад баевікоў ІДІЛ.

Езіды спадзяваліся на стварэнне незалежнага Курдыстана на тэрыторыі Ірака, дзе яны б атрымалі аўтаномію для свайго рэгіёна. Але курдская незалежнасць была задушана іракскімі ваеннымі і зведзена да ранейшага аўтаномнага статусу. Езіды ж не атрымалі анічога.

Езідскія жанчыны з Сіл жанчын Едзіхана, якія змагаліся з ісламістамі. Фота: Wikimedia Commons

Бела-чырвона-белы сцяг

Езідскія вайсковыя фарміраванні выкарыстоўвалі ўласную сімволіку, якую з іншымі курдскімі фарміраваннямі аб'ядноўваў сімвал залатога сонца з 21 праменем — важнага для старажытных, дамусульманскіх вераванняў мясцовых народаў.

Выява сонца прысутнічае і на сцягу Курдыстана, але ў адрозненні ад курдаў, езіды ў сваёй сімволіцы амаль не выкарыстоўваюць зялёны колер, які асацыюецца з ісламам, пакідаючы толькі чырвоны і белы.

Езідская партыя рэформаў і прагрэсу выкарыстоўвае бела-чырвонае палотнішча з залатым сонцам, але найбольш распаўсюджаным з'яўляецца бела-чырвона-белы сцяг з сонцам па цэнтры. Яго ж узнімалі над вызваленымі ад ісламістаў езідскімі паселішчамі ў Іраку.

Паколькі езіды не маюць сваёй дзяржаўнасці і аўтаноміі, сцяг застаецца неафіцыйным, але нацыянальным — у чым чымсьці падобны і да беларускага бела-чырвона-белага сцяга. 

Бела-чырвона-белы сцяг езідаў у вызваленым ад ісламістаў Сінджары. Фота: Wikimedia Commons

Езіды сталі вяртацца ў родныя мясціны толькі ў 2017 годзе, калі сілы ісламістаў былі адкінутыя з Сінджара. Гэты працэс працягваецца дагэтуль праз вялікае разбурэнне рэгіёна, паблытаныя вайной лёсы і страх перад чарговым генацыдам з боку суседзяў. 

У такіх умовах многія езіды вырашылі кінуць свае разбураныя дамы і шукаць лепшай долі ў іншых месцах. Іх цяжка вылічыць сярод масы курдаў, але яны адназначна мусілі быць сярод тых тысяч, што адчайна ў 2021 годзе штурмавалі мяжу Еўрапейскага Саюза з беларускага боку. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Вадзім
    07.07.2024
    Першы раз чую што курды гэта цюркскі народ. Мо ўсё ж індаеўрапейцы?
  • Сонейка
    07.07.2024
    Дзякуй, выдатны тэкст
  • Беларус
    07.07.2024
    Хай Жыве Езідхан!

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае19

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Усе навіны →
Усе навіны

У першым трэйлеры да новай часткі «Ведзьмара» паказалі дзяўчыну ў строі з беларускім арнаментам9

Польшча падчас старшынства ў ЕС будзе дамагацца ўзмацнення санкцый адносна Беларусі і Расіі1

Башар Асад перад уцёкамі нікому не паведамляў пра свае намеры3

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА2

За тыдзень па крымінальных палітычных справах судзілі 82 чалавекі

«Толькі элементы славянскага паходжання». У Брэсце таксама забаранілі Санта-Клауса, сані, аленяў і папулярныя хіты6

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу25

«Працу шукала год». Тры гісторыі пра цяжкасці працаўладкавання ў абласным цэнтры

Экстрэмісцкім фарміраваннем упершыню прызналі тэатральную трупу4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае19

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Галоўнае
Усе навіны →