Кейс Малдовы. Як адна з найбяднейшых краін Еўропы атрымала статус кандыдата ў ЕС?
Лідары ЕС прагаласавалі за надаванне Малдове статусу кандыдата ў ЕС. І гэта нягледзячы на тое, што Малдова застаецца адной з найбяднейшых краін Еўропы з нявырашаным прыднястроўскім пытаннем і сумнеўнымі поспехамі ў рэфармаванні. Што стаіць за гэтым рашэннем і ці хутка Малдова зможа стаць членам ЕС?
Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, каментуючы надаванне кандыдацкага статусу, заявіла, што Малдова, як і Украіна з Грузіяй, з'яўляюцца «часткай еўрапейскай сям'і».
«Гэта ўмацоўвае Украіну, Малдову і Грузію перад тварам расійскага імперыялізму. І гэта умацоўвае ЕС. Таму што гэта яшчэ раз паказвае свету, што мы адзіныя і моцныя перад тварам знешніх пагроз», — адзначыла яна.
Якім быў шлях Малдовы да кандыдацтва?
Мякка кажучы, нялёгкім. Пасля распаду Савецкага Саюза ў Малдовы быў шанец на еўрапейскую інтэграцыю, але яна яго згубіла. Не дапамагло нават тое, што Румынія, найбліжэйшы партнёр і саюзнік Малдовы, стала членам ЕС. Незалежная Малдова праходзіла праз балючыя эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні, але так і не дамаглася істотных поспехаў.
Канфлікт у Прыднястроўі яшчэ больш ускладніў шлях краіны ў Еўропу.
Нягледзячы на шматлікія расчараванні ў палітычным класе і савецкую настальгію многіх жыхароў Малдовы, краіна ўсё ж захавалася як дэмакратычная, што ўжо само па сабе з’яўляецца поспехам.
Як бы скептычна хто ні ставіўся да Малдовы, за апошнія 30 гадоў улада там мянялася рэгулярна, шляхам мірных выбараў. Усе ўрады, якія імкнуліся падарваць дэмакратыю, былі ўрэшце рэшт звергнуты.
Захавалася ў Малдове і свабода слова. Паводле сусветнага індэксу свабоды прэсы за 2022 год, краіна займае 40-е месца ў свеце.
Яна здолела пераарыентаваць свой экспарт з Расіі на краіны ЕС (цяпер доля ЕС у малдаўскім экспарце дасягае ⅔).
У многіх можа ўзнікнуць пытанне: як кандыдатам у ЕС стала краіна, бяднейшая за Беларусь?
Рэч у тым, што краіны становяцца членамі ці кандыдатамі на ўступленне ў ЕС не толькі па эканамічных паказчыках, але і па многіх іншых. Існуюць так званыя Капенгагенскія крытэрыі, па якіх вызначаецца, ці гатовая краіна быць членам ЕС па палітычных, заканадаўчых і эканамічных аспектах. Сярод асноўных крытэрыяў: дэмакратыя, вяршэнства закона, правы чалавека, павага і абарона правоў меншасцяў, рынкавая эканоміка, сінхранізаванае з ЕС заканадаўства. Таму непасрэднай карэляцыі паміж узроўнем эканамічнага развіцця краіны і яе гатоўнасцю стаць членам ці кандыдатам у ЕС няма.
Напрыклад, калі Румынія і Балгарыя сталі членамі ЕС, яны не былі багацейшымі за Беларусь (ні па памеры ВУП на душу насельніцтва, ні па памеры заробкаў).
Акрамя выканання Капенгагенскіх крытэрыяў, павінна быць таксама палітычная воля на пашырэнне ЕС у краінах-членах з геапалітычных меркаванняў.
«Кандыдацтва Малдовы ў ЕС, як і Украіны, ніякім чынам не адлюстроўвае выключна прагрэс у працэсе еўрапейскай інтэграцыі або рэформаў. ЕС прыняў геапалітычнае імператыўнае рашэнне працягнуць пашырэнне.
Прапанаваўшы кандыдатуру Малдове і Украіне, Брусель прызнаў, што яны найбольш прасунутыя ў галіне рэформаў і найбольш сумяшчальныя ў палітычным плане сярод усходніх суседзяў, якія маюць пагадненні аб асацыяцыі з ЕС.
Калі б не расійская агрэсія супраць Украіны, якая заахвоціла апошнюю падаць заяўку на сяброўства ў ЕС, малдаўскае кіраўніцтва найбліжэйшым часам не падавала б заяўкі», — кажа Дзіяніс Чануша, асацыяваны эксперт Eastern European Studies Center.
Дзіяніс Чануша. Фота: ipn.md
Статус кандыдата Малдова атрымала падчас прэзідэнцтва праеўрапейскай Маі Санду. Але эксперт адзначае, што перад намі парламенцкая рэспубліка, таму ўсё залежыла не толькі ад пазіцыі Санду.
«Прэзідэнту амаль няма чаго сказаць, калі ён ці яна не мае дастатковай большасці ў парламенце, якая прызначыць палітычна лаяльны ўрад. З гэтага пункту гледжання, парламенцкая большасць прыняла палітычнае рашэнне, рызыкоўнае, запытаць кандыдацтва ў ЕС, не ведаючы выніку, і каб не быць ізаляванымі ад дзвюх іншых асацыяваных краін, якія без ваганняў падалі заяўку (гаворка пра Грузію і Украіну. — «НН»)», — кажа ён.
Еўрапейская інтэграцыя ў Малдове была зручная розным палітычным сілам, у тым ліку прарасійскім і алігархічным партыям, а не толькі арыентаваным на ЕС.
«Адны выкарыстоўвалі яе для атрымання палітычных дывідэндаў, іншыя — па цалкам матэрыяльных прычынах, каб атрымаць доступ да фінансавання або палегчыць эканамічную барацьбу ў адносінах з Расіяй шляхам выхаду на рынак ЕС. Цяпер на ўрад кладзецца велізарная нагрузка па правядзенні рэформаў. Ціск ідзе як ад грамадскасці дома, так і ад інстытутаў ЕС», — тлумачыць эксперт.
Ці азначае гэта, што Малдова ўжо заўтра стане членам ЕС?
Зусім не. Статус кандыдата зусім не гарантуе, што краіна зможа стаць паўнавартасным членам праз некалькі гадоў. Часта гэта зацягваецца на дзесяцігоддзі.
І тут паказальнымі з’яўляюцца прыклады Турцыі і Паўночнай Македоніі.
Турцыя падала заяўку на ўступленне яшчэ ў 1987 годзе, у 1999 годзе атрымала статус кандыдата. Але, здаецца, з кожным годам краіна становіцца ўсё далей ад свайго членства.
Гісторыя Паўночнай Македоніі яшчэ больш драматычная. Краіна 17 гадоў таму атрымала статус кандыдата, нават змяніла сваю назву пасля патрабаванняў Грэцыі, але пазней уступ краіны ў ЕС блакавала Балгарыя, праз гістарычныя і лінгвістычныя прычыны. Значная частка балгарскага грамадства і навуковай супольнасці проста не прызнае асобнага македонскага этнасу і мовы.
Таксама варта адзначыць, што ў першую чаргу ЕС зараз настроены на інтэграцыю краін Заходніх Балкан. Гэтым краінам аддаецца прыярытэт, таму што яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, пасля югаслаўскіх войнаў, ЕС прыняў палітычнае рашэнне інтэграваць гэтыя краіны. Але пакуль што Паўночная Македонія, Сербія, Боснія і Герцагавіна, Албанія і Чарнагорыя так і чакаюць сваёй чаргі.
Таму надаванне статусу кандыдата не павінна даць ілжывую надзею Малдове.
«Паўнавартаснае далучэнне — гэта ўсё ж доўгатэрміновая перспектыва, калі такая існуе. Да пашырэння на ўсход павінны быць гатовыя і ЕС, і Украіна. Без Украіны далучэнне Малдовы на гэты момант здаецца змрочным, таму што яны абедзве разглядаюцца як «пакет». З іншага боку, Заходнім Балканам абяцалі іх далучыць да ЕС яшчэ да 2004 года з мэтай прадухілення вайны на пост'югаслаўскай прасторы. У адрозненне ад Заходніх Балкан, акрамя Капенгагенскіх крытэрыяў, ЕС падкрэсліў у якасці дадатковага крытэрыю здольнасць саюза прымаць новых членаў. Гэта тое, што варта ўлічваць пры пабудове сцэнарыяў далучэння Малдовы», — дадае Дзіяніс Чануша.
У працэсе далучэння можа ўзнікнуць шэраг перашкод, і праблема Прыднястроўя тут адна з асноўных. Бо ЕС ужо навучаны горкім вопытам на прыкладзе Кіпра.
Нагадаем, у 2004-м у ЕС уступіў Кіпр, хоць поўнач краіны застаецца незаконна акупаванай Турцыяй. З 2004 года канфлікт стаў унутрыеўрапейскім, але застаецца нявырашаным дагэтуль. Пакуль у Малдовы і Украіны ёсць тэрытарыяльныя спрэчкі з Расіяй ці прарасійскімі сепаратыстамі, наўрад ці ўступленне ў ЕС магчымае.
Але цяпер урад мала задумваецца пра Прыднястроўскую праблему па некалькіх прычынах.
«Па-першае, краіне давядзецца прайсці праз маштабную трансфармацыю, перш чым у яе з'явіцца рэальны шанец гаварыць аб уступленні. А, па-другое, кіруючая партыя і іншыя праеўрапейскія сілы ўпэўненыя, што рэформы ў Малдове, а таксама аддзяленне Прыднястроўя ад Расіі могуць павысіць шанцы на ўрэгуляванне канфлікту. Цяпер рэгіён эканамічна больш залежны ад ЕС і канстытуцыйных тэрыторый Малдовы.
Акрамя таго, Украіна і Малдова робяць крокі па падрыве ўплыву Расіі ў рэгіёне, што можа падштурхнуць рэгіён да больш цеснага супрацоўніцтва з Кішынёвам і Кіевам.
У любым выпадку, пакуль расійская вайна супраць Украіны не будзе спыненая, няма шанцаў ажыццявіць пазітыўныя сцэнары ўступлення Малдовы ў ЕС і, адпаведна, складана прадказаць, што можа адбыцца з Прыднястроўем, асабліва калі расійскія войскі дойдуць да Адэсы», — мяркуе эксперт.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары