У Следчым камітэце 21 чэрвеня прынялі дэлегацыю з Ірака. У сустрэчы прынялі ўдзел супрацоўнікі галоўнага следчага ўпраўлення самога СК, МЗС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і цэнтра «Сістэмная праваабарона».
Іракскаму боку перадалі інфармацыю, якую за гэты час назбіралі па крымінальнай справе, заведзенай у сувязі з нібыта здзейсненымі службовымі і іншымі асобамі Польшчы супрацьпраўных жорсткіх дзеянняў у дачыненні да мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афганістана.
Паводле СК, ім зафіксаваныя «злачынныя дзеянні» ў дачыненні да 135 грамадзян Ірака, якія «атрымалі цялесныя пашкоджанні ў выніку прымянення да іх гвалту і спецыяльных сродкаў польскімі сілавікамі». Таксама расследуецца 3 факты нібыта «прычынення цялесных пашкоджанняў і незаконнага выправаджэння з тэрыторыі Еўрасаюза ў Рэспубліку Беларусь, якія прывялі да гібелі пацярпелых іракскага паходжання».
Характэрна, што ў камплект матэрыялаў, перададзеных беларускім СК іракскім прадстаўнікам, уваходзяць і зусім неверагодныя, не пацверджаныя ніякімі фактамі паказанні польскага дэзерціра Эміля Чэчкі пра нібыта здзяйсненні палякамі масавых пакаранняў мігрантаў смерцю і таемных пахаваннях. Сам Чэчка ў сакавіку 2022 года быў знойдзены павешаным і пахаваны ў Беларусі.
Каментары