Былога прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса спрабуюць арыштаваць за згвалтаванне 15-гадовай актывісткі. Яна нарадзіла ад яго
Маралесу, з якім сябраваў Лукашэнка, пагражае вялікі тэрмін, але ён хаваецца ў прафсаюзе вытворцаў кокі.

Балівійскі суд выдаў загад на арышт былога прэзідэнта краіны Эва Маралеса па абвінавачаннях у сэксуальным злоўжыванні адносна непаўнагадовай дзяўчыны і гандлі людзьмі падчас яго 14-гадовага прэзідэнцтва. Такое рашэнне прынята пасля таго, як 65-гадовы палітык двойчы не з'явіўся на судовае пасяджэнне, дзе павінна было разглядацца пытанне пра яго папярэдняе зняволенне, перадае выданне The Guardian.
Абвінавачанні супраць Маралеса ўключаюць эпізоды сэксуальнага гвалту ў адносінах 15-гадовай дзяўчыны і нараджэнне ёю дзіцяці ў 2016-м годзе. Дзяўчына на той момант уваходзіла ў балівійскую моладзевую гвардыю — прадзяржаўнае палітычнае аб'яднанне, створанае самім Маралесам.
У арганізацыю дзяўчыну аддалі яе бацькі дзяржслужбоўцы, якія потым заплюшчвалі вочы на факты жорсткага абыходжання Маралеса з іх дачкой і яе наступнае згвалтаванне. Паводзіны бацькоў, паводле судовага абвінавачання, тлумачыліся іх жаданнем падняцца на палітычнай лесвіцы і атрымаць пэўныя выгады. Бацька дзяўчыны знаходзіцца пад арыштам з мінулага кастрычніка.
Калі віна Эва Маралеса будзе даказаная, яму пагражае турэмны тэрмін ад 10 да 15 гадоў, падкрэсліла пракуратура Балівіі. Суд таксама пастанавіў замарозіць усе фінансавыя актывы Маралеса і забараніць яму пакідаць краіну.
Сам Маралес адмаўляецца з'яўляцца ў судзе, называючы сябе ахвярай палітычнага пераследу з боку цяперашніх уладаў Балівіі, «якія хочуць перашкодзіць таму вярнуцца ў вялікую палітыку». Адвакаты былога прэзідэнта сцвярджаюць, што ён не мог прысутнічаць на судзе з-за праблем са здароўем, аднак суддзя адхіліў усе пададзеныя медыцынскія даведкі.
Тым часам тысячы прыхільнікаў Маралеса, якія на працягу апошніх месяцаў блакавалі дарогі, паралізуючы эканоміку, працягваюць аказваць супраціў спробам яго арышту. Экс-прэзідэнт, паводле мясцовых медыя, цяпер хаваецца ў адным з рэгіёнаў краіны ў падахоўнай штаб-кватэры прафсаюзаў вытворцаў лісцяў кокі, якія выкарыстоўваюцца ў стварэнні аднайменнага папулярнага наркотыка.
Нагадаем, што ў 2019 годзе ў Балівіі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Мясцовы ЦВК тады абвясціў, што Маралес перамог у першым туры, аднак апазіцыя не прызнала вынікаў. Пасля трох тыдняў маштабных пратэстаў Маралес, пазбавіўшыся падтрымкі войска, уцёк за мяжу. Кіраўніца ЦВК таксама спрабавала збегчы, але была затрыманая пратэстоўцамі.
Праз год палітык вярнуўся на радзіму пад гарантыі бяспекі ягонай былой партыі «Рух да сацыялізму», якая захавала ўладу і шырокую падтрымку ў грамадстве. Аднак былыя аднапартыйцы фактычна забаранілі Маралесу калі-небудзь вяртацца да ўлады, што дагэтуль правакуе сутыкненні паміж прыхільнікамі абодвух палітычных лагераў.
Эва Маралес меў цёплыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам праз іх агульнага сябра і былога венесуэльскага кіраўніка Уга Чавеса, а таксама некалькі разоў наведваў Беларусь, дзе выказваў захапленне «сацыяльнымі пераўтварэннямі ў Беларусі».
Каментары