Меркаванні

Цімафей Акудовіч: Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах культуры

Гісторыка і экскурсавода Цімафея Акудовіча абурыла ўнясенне Мінкультам у спіс нематэрыяльнай спадчыны «стравы з дранай бульбы» (папросту дранікаў) і ён падзяліўся ў сябе ў Фэйсбуку думкамі з гэтай нагоды. Паводле яго пераканання, цяперашні спіс ёсць спісам амбіцый людзей, хоць ён не мусіць ім быць. А быць насамрэч павінна па-іншаму.

Котчынская кадрыль у вёсцы Вялікія Азёркі Мастоўскага раёна. Фота Паўла Кузьміна/veski.sb.by

Мінкульт на гэтым тыдні прыняў у спіс нематэрыяльнай спадчыны «Стравы з дранай бульбы» (прасцей гаворачы — дранікі) і ўсіх бамбанула.

У мяне прэтэнзіі да нашай сістэмы нематэрыяльнай спадчыны фармуюцца даўно. І «бамбанула» ў мяне значна раней за дранікі, у 2020 годзе, калі ў спіс прынялі Котчынскую кадрыль з Гарадзеншчыны.

У мяне ні ў якім разе няма ніякіх прэтэнзій да гэтай кадрылі. Я цалкам падтрымліваю яе адраджэнне, унясенне ў спіс, а людзі, якія яе аднаўляюць, — вялікія малайцы. Праблема глыбей.

Паспрабую караценька. На прыкладзе кадрылі.

Для чаго патрэбны «Спіс нематэрыяльных каштоўнасцей»?

1) каб мець спіс нематэрыяльных каштоўнасцей (банальна);

2) мець апісанне і фіксацыю гэтых каштоўнасцей (куды ступаць, як падскокваць, што падпяваць);

3) каб мець спіс выбраных (брэндзіраваць);

4) каб стымуляваць аднаўленне гэтых каштоўнасцей (каб людзі на раёне пачалі той танец выкарыстоўваць).

Ну і вось маё сціплае меркаванне.

1. Досыць дзіўная логіка збіраць спіс існуючых прадметаў праз заяўкі. Усё-ткі нематэрыяльныя каштоўнасці — гэта часцей за ўсё нейкія з'явы, якія фармуюцца здаўна. Яны ўжо ёсць. Ці эфектыўна збіраць у спіс гэтыя з'явы па заяўным прынцыпе?

То-бок вы можаце падрыхтаваць паўсотні спецыялістаў і за абмежаваны час сабраць спіс 90% нематэрыяльных практык па Беларусі. Але замест гэтага вы робіце прыёмны пункт, куды запрашаеце людзей прыносіць свае практыкі. Прычым матывацыя рабіць гэта — досыць спрэчная.

І тут зразумела, што немагчыма ўсе нематэрыяльныя з'явы сабраць за раз. Бо субстанцыя складаная. Але больш правільна аддаць гэтую справу прафесіяналам.

2. Пра фіксацыю. Тут тое ж самае. На раёне можа захавацца ўнікальная нематэрыяльная з'ява, але мясцовы работнік культуры жыве ад 9 мая да 3 ліпеня і знаць нічога не знае пра традыцыю. А ў суседнім раёне амбітны культработнік фіксуе і падае хоць бы што, каб засвяціцца. І ў Радзе мусяць працаваць з тым, што дойдзе. А фіксуе з'яву ён непрафесійна. І досыць часта не бачыць дыяментаў сярод шаблонных рэчаў.

Фармаваць спіс і праводзіць фіксацыю лагічней спецыялістам. І не з пазіцыі пасіўных «прыёмшчыкаў», але з актыўнай пазіцыі збіральнікаў.

3. Патрапіць у спіс выбраных. Тут вельмі складанае пытанне і шмат нюансаў. Адзначу толькі адзін — знаходжанне ў спісе дае брэндзіраванне.

І на раённым узроўні гэта нібыта працуе. Прыязджаеце вы ў нейкую вёску і там нібыта між справай кажуць, што іх абрад унесены ў дзяржспіс. Ну і ўсе пачынаць шматзначна пераглядацца і прыцмокваць языкамі.

Але на самой справе ўсё гэта спрэчна:

— нармальнае брэндзіраванне прадукту значна лагічней рабіць з дапамогай нармальных піяршчыкаў, а не праз Мінкульт;

— брэндзіраванне прадукту з боку дзяржавы лагічней рабіць праз публічны і пафасны конкурс, а не праз мутныя крытэрыі дзяржспісу;

— брэндзіраванне праз Мінкульт часцей за ўсё азначае канец брэндзіравання, бо ўжо ўсяго дамагліся, далей рухацца няма куды;

— ну і нагадаю, што пакуль у адным раёне цмокаюць языкамі, у іншым раёне загінаецца нейкі напраўду каштоўны абрад, бо там проста няма прабіўнога культработніка.

4. Стымуляцыя аднаўлення. Самым заганным з'яўляецца ўяўленне, што ўнясенне ў Спіс аднаўляе практыку выкарыстання нейкага абраду ці танца.

Вось з кадрыллю. Там харошы чалавек запісаў ад старых людзей танец «Кадрыль», сабраў дзяцей, навучыў іх танцаваць гэтую кадрыль. І гэта было зафіксавана як аднаўленне традыцыі. Але ж гэта не так! Гэтыя дзеці вырастуць, разбягуцца і ўсё, канец традыцыі. Дзеці агулам не могуць быць захавальнікамі традыцыі! Гэта прафанацыя.

Агулам, сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах культуры, яны мусяць жыць у супольнасцях. Гэта прынцыпова.

Аднаўляць каштоўнасныя практыкі ў супольнасцях — гэта складаная навука і вялікая ідэйная гульня. Дадаванне ў спіс тут нічога не вырашае.

Мяне «бамбанула» на гэтай тэме, бо я ў 2020 годзе яшчэ актыўна ўдзельнічаў у шырокім руху па арганізацыі танцавальных супольнасцяў у Беларусі. І гэта напраўду было фармаваннем новай з'явы на аснове традыцыі. Людзі ў розных гарадах сапраўды пачалі танцаваць кракавякі і полькі. І мы доўга думалі, як увесці ў практыку тыя ж кадрылі, бо гэта складаны танец.

І вось гэта ёсць той вопыт, які трэба вывучаць, каб зразумець, як працаваць з нематэрыяльнай спадчынай у Беларусі. Але дзе там хто аналізаваў. Зараз пазаносім у спіс і адсправаздачымся.

Неяк так. У дыскусіі вакол дранікаў прагучаў аргумент, што сістэма ўнясення ў спіс — гэта адзіная жывая субстанцыя ў Мінкульце, дзе людзі нешта робяць, стараюцца і змагаюцца. І гэта так. І цяпер, можа, гэта найлепшае з таго, што можа быць.

Але ў рэальнасці: цяперашні спіс ёсць спісам амбіцый людзей, хоць ён не мусіць ім быць.

У той жа час людзей у гэтым спісе і няма, хаця мусілі б быць. Бо нематэрыяльныя каштоўнасці — гэта ў першую чаргу людзі.

Падаецца, у Японіі так і робяць. Там у спіс уносяць людзей. Персанальна. І гэта дае матэрыяльныя бонусы.

Чытайце таксама:

Дранікам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Каментары

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →