Ад кавы і падгузнікаў да маторных масел і Iphone. Па што беларусам выгадна ехаць у Польшчу і Літву
28 красавіка набылі моц новыя ліміты па ўвозе тавараў для асабістага карыстання праз аўтадарожныя пункты пропуску. Цяпер беларусы могуць бяспошлінна ўвозіць тавары на суму да 1000 еўраў, вагой не больш за 31 кілаграм. «Наша Ніва» вывучыла, што выгадна купляць у Польшчы і Літве.
Традыцыйна найбольш папулярным кірункам у беларускіх шопінг-турыстаў з'яўляецца Польшча. Да таго ж, у адрозненні ад той жа Літвы, гэтая краіна цалкам адмяніла кавідныя абмежаванні пры перасячэнні мяжы, ды і мінімальная сума для вяртання ПДВ тут ніжэйшая. Акрамя таго, з 1 лютага гэтага года ў Польшчы абнулілі ПДВ на прадукты харчавання.
Тым не менш, задумваючыся пра шопінг у суседняй краіне, не варта забываць і аб транспартных выдатках.
Калі вы паедзеце на аўто, то да выдаткаў на паліва неабходна дадаць кошт страхоўкі, мінімальная сума — 30 еўра (столькі каштуе поліс на 15 дзён). Таксама не варта забываць пра мясцовы збор за перасячэнне мяжы — гэта плюс адна базавая (32 рублі).
Білет на аўтобус ці маршрутку з Мінска да Беластока каштуе 75 рублёў, з Гродна — 60. Шоп-туры трошкі даражэйшыя — 100 рублёў з Мінска і 80 з Гродна.
У Польшчы выгадней за ўсё купляць бытавую хімію, каву, адзенне, абутак, бытавую тэхніку і некаторыя аўтатавары.
Напрыклад, пачак кавы Dallmayr Prodomo вагой 500 г у анлайн-гіпермаркеце «Е-дастаўка» каштуе 34 рублі 99 капеек. У Польшчы такая ж кава прадаецца па 23—27 злотых (13,4 — 16,5 рубля) за 500 г. У цэлым у Літве кава крыху даражэйшая, чым у Польшчы, але тут часта ладзяць акцыі. Падчас адной з іх такі пачак можна было набыць за 3.79 еўра (менш за 11 рублёў).
Каля 10 рублёў можна сэканоміць на маленькай бутэльцы вадкага сродку для мыцця бялізны Persil. З павелічэннем аб'ёму зэканомленая сума павялічваецца.
Падгузнікі — яшчэ адзін папулярны тавар, які набываюць у Польшчы. Напрыклад, пачак падгузнікаў Pampers пятага памеру на 152 штукі ў Беларусі каштуе 149 рублёў. У Польшчы такі ж — 92 рублі. Пры набыцці двух можна аформіць вяртанне ПДВ. Тады кошт зніжаецца да 75 рублёў за пачак. У Беластоку каву, слодычы, падгузнікі і бытавую хімію выгадна купляць на рынку «Фасты». Для зручнасці ў большасці крам прадаўцы адразу выстаўляюць цану брута/нета.
Калі сума ў чэку перавышае 200 злотых (каля 120 рублёў), то ў многіх крамах можна аформіць Tax Free. Каб вярнуць ПДВ (12—18,5% ад сумы пакупкі), вам неабходна вывезці тавар за межы ЕС, адзначыўшыся на мытні пры вяртанні ў Беларусь. Мінімальная сумма для афармлення Tax Free у Літве складае 55 еўра (каля 150 рублёў)
Найбольш адчувальная эканомія выходзіць на дарагіх таварах. Фірмовае адзенне і тэхніка ў Польшчы каштуе крыху танней, чым у Беларусі, а пасля вяртання ПДВ розніца ў цане можа дасягаць нават 30—40%.
Напрыклад, Iphone 11 на 64 GB у Беларусі прадаюць па цэнах ад 1650 рублёў (каля 590 еўра). У Польшчы такі ж смартфон каштуе ў раёне 2500 злотых (каля 530 еўра). З улікам вяртання ПДВ, цана зніжаецца да 430 еўра. У Літве на бягучы момант 11-ы Iphone можна знайсці па акцыйнай цане ў 499 еўра. Пасля вяртання ПДВ яго кошт складзе каля 430 еўра. На адным тэлефоне можна адбіць дарогу і яшчэ выйграць.
Адпаведна, чым вышэйшая цана тавару, тым больш адчувальнай будзе розніца ў патрачаных грошах.
Таксама, пры ўмове вяртання ПДВ, можна сэканоміць каля 20-25% на куплі ноўтбукаў.
Адзначым, што менавіта дзякуючы часоваму павышэнню лімітаў у беларусаў з'явілася магчымасць увозіць дарагую тэхніку без выплаты пошліны. Ліміт быў павышаны з 500 да 1000 еўра.
Таксама можна нядрэнна сэканоміць на куплі аўтамабільных тавараў. Напрыклад, маторнае масла Shell HX 7 10w40 аб'ёмам 4 літры ў Беларусі прадаецца па цане ад 105 рублёў. У Польшчы яго цана складае 100 злотых (каля 60 рублёў).
У Літве маторнае масла таксама таннейшае, чым у Беларусі. Чатыры літры Shell HX 8 5w40 у звычайным супермаркеце каштуюць 40 еўра (каля 112 рублёў). У Беларусі — 160 рублёў.
Сэканоміць немалую суму можна і на шынах. Асабліва, калі гаворка ідзе пра легкавое аўто. З пазадарожнікамі і мікраўтобусамі складаней, бо пара пакрышак для такога роду транспарту можа лёгка «пераважыць» запаветны 31 кілаграм.
Шыны выгадна перавозіць менавіта ў якасці багажу, у адваротным выпадку эканомія будзе меншай. Бо калі пакрышкі паставіць на аўтамабіль, то вы згубіце магчымасць вярнуць ПДВ. Апроч гэтага, вам давядзецца выкінуць старыя пакрышкі, паколькі ў Беларусь забаронены ўвоз былых ва ўжыванні шын.
Напрыклад, цэны на пакрышкі Hankook Kinergy Eco 2, 205/55 R16 у Беларусі і Польшчы амаль аднолькавыя: 201 рубель у Беларусі супраць 190 рублёў у Польшчы. Таму канкрэтна на гэтай мадэлі эканомія стане заўважнай толькі пасля вяртання ПДВ (155 рублёў).
Значна большая розніца ў цане назіраецца на прыкладзе пакрышак Michelin Primacy 4+, 205/55 R16 91 V. Цана ў Беларусі — 327 рублёў, у Польшчы — 240 рублёў, а пры ўмове вяртання ПДВ яна зменшыцца да 205 рублёў.
Важна! Увозіць пакрышкі без аплаты пошліны мае права толькі ўласнік транспартнага сродку.
Таксама ў Польшчы і Літве выгадна купляць брэндавае адзенне і абутак. Напрыклад, большасць мадэляў красовак New Balance у Літве каштуюць 55—75 еўра (150-210 руб).
Акрамя таго, у гэтых краінах па ранейшаму працуюць крамы H&M, Jysk і іншыя. Найбліжэйшыя для беларусаў гіпермаркеты IKEA знаходзяцца ў Вільні і Варшаве. У Беластоку маецца толькі пункт выдачы.
Што да прадуктаў, то тут па-рознаму. Штосьці таннейшае ў Беларусі (грэчка, малочныя прадукты, алей), штосьці — у Польшчы і Літве (мяса, садавіна, гародніна).
Таксама ў Еўрасаюзе значна даражэйшыя паліва і цыгарэты. Там няма даступнага алкаголю, але ў той жа час, цэны на элітны алкаголь там ніжэйшыя.
У Польшчы прадукты ў цэлым крыху таннейшыя, чым у Літве. Асабліва гэта стала прыкметна пасля таго, як польскі ўрад прыняў рашэнне часова абнуліць ПДВ на харчы.
Каментары